Падставай для апошніх пратэстаў стала трагедыя, якая адбылася 1 лістапада 2024 года: у выніку абвалу бетоннага накрыцця нядаўна адрэстаўраванага чыгуначнага вакзала ў Нові-Садзе, на поўначы Сербіі, загінулі 15 чалавек, а некалькі атрымалі цяжкія раненні. Многія ўсклалі віну за катастрофу на сербскія ўлады, абвінавачваючы іх у карупцыі і некампетэнтнасці. З таго часу дзесяткі тысяч людзей выходзяць на вуліцы па ўсёй краіне, удзельнічаючы ў студэнцкіх пратэстах і патрабуючы празрыстасці і падсправаздачнасці ўладаў. На фоне масавых акцый міністр транспарту і прэм’ер-міністр Сербіі падалі ў адстаўку, але пратэсты не спыняюцца. 3 лютага 2025 года Калегія адвакатаў Сербіі абвясціла месячны страйк юрыстаў у знак салідарнасці з пратэстоўцамі, што фактычна паралізавала судовую сістэму краіны.
Пратэстоўцы заяўляюць, што праўладныя групы спрабуюць справакаваць гвалт падчас пераважна мірных дэманстрацый, каб дыскрэдытаваць і падарваць іх. Праўладныя СМІ вядуць негатыўную інфармацыйную кампанію супраць пратэстаў і нават апублікавалі асабістыя даныя некаторых удзельнікаў, што выклікала сур’ёзную заклапочанасць іх бяспекай. Асабліва паказальным стаў выпадак у студзені 2025 года, калі ў Белградскім універсітэце прайшоў паказ спектакля “Зоран Джынджыч” у пастаноўцы Алівера Фрліча. П’еса прысвечаная забітаму ў 2003 годзе сербскаму прэм’ер-міністру, вядомаму сваёй прадэмакратычнай пазіцыяй і барацьбой з арганізаванай злачыннасцю. Спектакль стаў аб’ектам жорсткай атакі ў сацыяльных сетках і быў прадстаўлены праўладнымі таблоідамі як яшчэ адзін доказ таго, што студэнты “абражаюць і здраджваюць” Сербіі. Прэзідэнт Аляксандар Вучыч заявіў, што студэнты атрымліваюць грошы з-за мяжы, і абвінаваціў замежныя СМІ ў скажэнні інфармацыі пра пратэсты.
Журналістам у Сербіі перашкаджаюць асвятляць пратэсты і дыскрэдытуюць іх праз праўладныя СМІ. Сярод тых, хто падпаў пад ціск, – сербскі тэлежурналіст і вядучы Зоран Кесіч, супраць якога па ўсім Белградзе з’явілася не менш за 200 пагрозлівых графіці, што звязваюць яго з трагедыяй у Нові-Садзе. У сувязі з гэтым Асацыяцыя незалежных электронных медыя (ANEM) падала афіцыйную скаргу. Незалежная асацыяцыя журналістаў Сербіі (NUNS) зафіксавала больш за 30 выпадкаў нападаў, пагроз і запалохвання журналістаў з боку дзяржаўных чыноўнікаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і прыватных асоб толькі за студзень 2025 года.
3 сакавіка 2025 года у сацыяльных сетках шырока распаўсюдзілася маніпулятыўнае відэа, у якім акцёры Марка Янкетіч і Мір’яна Карановіч, журналісты Зоран Кесіч, Елена Абучына і Марка Відойковіч, драматург Більяна Србляновіч і гісторык Мілан Ст. Протыч былі паказаны нібыта як прыхільнікі незалежнасці Косава і пазначаныя як “здраднікі”. Некаторыя з удзельнікаў відэа паведамілі пра пагрозы смерцю. На фоне нарастання напружанасці паміж этнічнымі сербамі Косава і Сербіяй, у краіне на 9 лютага прызначаныя парламенцкія выбары.
PEN International заклікае сербскія ўлады выконваць свае нацыянальныя і міжнародныя абавязкі па абароне права на свабоду выказвання і мірныя сходы, а таксама гарантаваць, што журналісты, пісьменнікі і актывісты могуць свабодна выказвацца і інфармаваць грамадства без страху перад пераследам.
Больш падрабязную інфармацыю аб стане свабоды выказвання ў Сербіі можна знайсці ў справаздачы PEN International “Таксічныя наратывы. Здушэнне выказвання ў Заходніх Балканах”.