• Навiны
  • Творчая дзейнасць
  • Збор заявак на новы сезон прэміі імя Францішка Багушэвіча: працягваем традыцыі, каб будаваць лепшую сучаснасць!

Збор заявак на новы сезон прэміі імя Францішка Багушэвіча: працягваем традыцыі, каб будаваць лепшую сучаснасць!

Апошняе абнаўленне: 5 лютага 2025
Збор заявак на новы сезон прэміі імя Францішка Багушэвіча: працягваем традыцыі, каб будаваць лепшую сучаснасць!

Беларускі ПЭН абвяшчае збор заявак на новы сезон прэміі імя Францішка Багушэвіча за творы, выдадзеныя і апублікаваныя ў 2024 годзе. Гэта ўзнагарода ўшаноўвае творцаў, якія аднаўляюць гістарычную памяць і спрыяюць умацаванню беларускай ідэнтычнасці.

Сёлета прэмія атрымала моцны штуршок у выглядзе перазагрузкі! Новыя рэдакцыі статута і рэгламенту, сучасны падыход да намінацыі ды шмат яшчэ цікавага. 

Чаму гэта важна?

Прэмія імя Францішка Багушэвіча была заснаваная ў 1996 годзе і з таго часу застаецца сімвалам пошуку праўды праз мастацкае слова. Яна ўручаецца за творы, што адлюстроўваюць гісторыю, культуру і духоўную спадчыну Беларусі.

Хто і каго можа намінаваць на прэмію?

Права намінаваць творы, што адпавядаюць мэтам прэміі, маюць толькі сябры Беларускага ПЭНа.

Для ўдзелу ў конкурсе адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў і аўтарак твораў паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў. Намінуюцца творы жывых аўтараў і аўтарак, упершыню апублікаваныя ў перыяд з 1 студзеня да 31 снежня 2024 года

Заяўкі прымаюцца да 23:59 19 лютага 2025 года (беларускага часу).

Намінаваць можна не толькі кнігі!

Згодна з новым падыходам, на прэмію цяпер могуць намінавацца не толькі кнігі, але і артыкулы, падкасты, відэа/відэацыклы, кіно ды іншыя формы твораў, што адпавядаюць мэтам прэміі.

Падрабязней – у Статуце і Рэгламенце прэміі імя Багушэвіча.

Што атрымліваюць пераможцы?

Лаўрэаты і лаўрэаткі  не толькі далучаюцца да шэрагу выбітных творцаў, але і атрымліваюць грашовую прэмію. Памер узнагароды вызначаецца на працягу сезона.

Сапраўдная літаратура змяняе гісторыю

Прэмія імя Францішка Багушэвіча – гэта не толькі прызнанне, але і спроба аднавіць сувязь з мінулым, адкрыць новую прастору для дыялогу і самавызначэння праз мастацкае слова.

Сачыце за навінамі на сайце Беларускага ПЭНа і ў сацыяльных сетках.