
На 15 студзеня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 170.
Спевака і паэта Сяргея Міхалка абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта).
Фатографаў Яўгена Канаплёва і Юлію Лейдзік абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (грубае парушэнні грамадскага парадку).
Настаўніцу гісторыі Святлану Сашэнку судзілі за падпіску на незалежныя крыніцы інфармацыі.
За «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» судзілі актора, трэвэл-блогера і спартоўца Дзмітрыя Аношку.
На дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі зняты ў СІЗА КДБ прапагандысцкі сюжэт пра палітвязня, журналіста і паэта Андрэя Кузнечыка. На відэа ён выглядае схуднелым і змучаным.
На дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі зняты ў СІЗА КДБ прапагандысцкі сюжэт пра палітвязня, журналіста, эсэіста, аўтара тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогера Ігара Карнея. Яго прывялі на «інтэрв’ю» ў кайданках.
Кнігі Захара Шыбекі «Нарыс гісторыі Беларусі (1795–2002)» і Вадзіма Дзеружынскага «Тайны беларускай гісторыі» дадзены ў спіс «экстрэмісцкай літаратуры».
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 11 студзеня стала вядома, што спевака і паэта Сяргея Міхалка абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта). У Беларусі яго абвясцілі ў вышук і размясцілі фотаздымак на адмысловым стэндзе «Іх шукае міліцыя». З 2015 года Сяргей Міхалок жыў ва Украіне, у 2022 годзе выехаў у Эстонію, гастралюе па Еўропе і выказваецца ў падтрымку Украіны, частку хітоў сваіх гуртоў «Ляпіс Трубяцкі» і «Brutto» выконвае на ўкраінскай мове.
2. 11 студзеня стала вядома, што фатографаў Яўгена Канаплёва і Юлію Лейдзік абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (грубае парушэнне грамадскага парадку). У Беларусі іх абвясцілі ў вышук і размясцілі фотаздымкі на адмысловым стэндзе «Іх шукае міліцыя».
II. Затрыманні і адміністрацыйныя суды
1. 8 студзеня ў судзе Рэчыцкага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы настаўніцы гісторыі Святланы Сашэнкі за падпіску за незалежныя крыніцы інфармацыі на падставе ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).
2. 13 студзеня ў Наваполацку паводле ч. 1 арт 24.23 Адміністрацыйнага кодэкса (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) судзілі актора, трэвэл-блогера і спартоўца Дзмітрыя Аношку.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. 14 студзеня на дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі зняты ў СІЗА КДБ прапагандысцкі сюжэт пра палітвязня, журналіста і паэта Андрэя Кузнечыка. На відэа ён выглядае схуднелым і змучаным. Андрэй Кузнечык – аўтар вершаў і беларускамоўнага блога для раварыстаў «БелаВела», перакладчык са славенскай мовы. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Разгляд справы адбыўся 8 чэрвеня 2022 года ў Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Андрэю Кузнечыку прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
2. 15 студзеня на дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі зняты ў СІЗА КДБ прапагандысцкі сюжэт пра палітвязня, журналіста, эсэіста, аўтара тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогера Ігара Карнея. Яго прывялі на «інтэрв’ю» ў кайданках. 17 ліпеня 2023 года Ігара Карнея затрымалі ў Мінску. 19 сакавіка 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы. Да суда не паведамлялася прычына арышту. Паводле публікацыі дзяржаўнай газеты «Беларусь сегодня», прычынай крымінальнай справы стала супраца з праваабарончай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якая ў 2021 годзе была пазбаўлена Вярхоўным судом юрыдычнага статусу, а ў пачатку 2023 года абвешчана КДБ «экстрэмісцкім фарміраваннем». Паводле версіі абвінавачання, Ігар Карней працягваў супрацоўнічаць з БАЖ, ствараючы для інфармацыйных рэсурсаў арганізацыі «негатыўныя матэрыялы са знявагамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйнай змены ўлады». 22 сакавіка 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд у крымінальнай справе Ігара Карнея на падставе ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) – 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. 11 снежня 2024 года ў Шклове яго пакаралі дадатковымі 8 месяцамі зняволення на падставе арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
IV. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
Міністэрства інфармацыі дадало ў спіс «экстрэмісцкай літаратуры» кнігі Захара Шыбекі «Нарыс гісторыі Беларусі (1795–2002)» і Вадзіма Дзеружынскага «Тайны беларускай гісторыі».