Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
24 снежня 2024 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, змешчаных пад варту і пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды меркаванняў:
- Арцём Янкін асуджаны па арт. 368 Крыминальнага кодэкса за абразу А. Лукашэнкі да аднаго года 3 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Аляксандр Кірэеў асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзмітрый Белановіч асуджаны па арт. 368 і 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Яўген Аношын асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго года 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Максім Мыслівец асуджаны па арт. 361 КК за заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (санкцый), да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Міхаіл Герасімчык асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго года 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Юрый Бялькевіч асуджаны па арт. 342 и 368 КК за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, і абразу А. Лукашэнкі да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзмітрый Сончык змешчаны пад варту па арт. 391, 368, 369 КК за абразу суддзі, А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады;
- Мікалай Дземчанка асуджаны па арт. 367 КК за паклёп на А. Лукашэнку да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Алена Кіянічэнка асуджана па арт. 369, 368 КК за абразу прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Андрэй Куніцкі асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму;
- Сяргей Мядзведзеў асуджаны па арт. 368, 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да абмежаванні волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пачаў адбываць пакаранне;
- Тамара Патоцкая змешчана пад варту па арт. 361 і 342 КК за заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (санкцый), і за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх,
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Арцёма Янкіна, Аляксандра Кірэева, Дзмітрыя Белановіча, Яўгена Аношына, Максіма Мысліўца, Міхаіла Герасімчыка, Юрыя Бялькевіча, Дзмітрыя Сончыка, Мікалая Дземчанку, Алену Кіянічэнку, Андрэя Куніцкага, Сяргея Мядзведзева, Тамару Патоцкую і спыніць у дачыненні да іх крымінальны пераслед.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі ПЭН;
Lawtrend;
Прававая ініцыятыва.