Падарунак на Каляды і Новы год: Перакладчыцкая майстэрня пачынае другі сезон!

Апошняе абнаўленне: 23 снежня 2024
Падарунак на Каляды і Новы год: Перакладчыцкая майстэрня пачынае другі сезон!

Святы – час цудаў і новых магчымасцяў, і Беларускі ПЭН рыхтуе для вас асаблівы падарунак. Калядны збор заявак на другі сезон Перакладчыцкай майстэрні адкрыты! 

Сустрэчы абяцаюць стаць сапраўдным творчым святам для тых, хто марыць пра мастацкі пераклад. Адчыняйце свае скрыні з рукапісамі ды натхненнем, пішыце матывацыйныя лісты і далучайцеся да супольнасці, якая зробіць вашую зімовую творчасць цёплай і яркай!

Вядоўца Перакладчыцкай майстэрні – паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Што такое Перакладчыцкая майстэрня?

Гэта не проста навучанне, а чароўная прастора, дзе перакладчыкі і перакладчыцы збіраюцца разам, каб дзяліцца натхненнем, працаваць над тэкстамі і знаходзіць сяброў і калег. Таленавітыя ўдзельнікі і ўдзельніцы майстэрні не толькі ўдасканальваюць свае навыкі, але і ствараюць сапраўдную прафесійную супольнасць.

Зімовая майстэрня будзе праходзіць у анлайн-фармаце. Гэта значыць, вы зможаце далучыцца з любой мясціны, седзячы побач са святочнай ялінкай і кубкам гарачай какавы.

Творчае святкаванне

Гэтым разам рыхтуем для вас не толькі традыцыйныя сустрэчы з Андрэем Хадановічам, але і прыемныя сюрпрызы. Сярод гасцей майстэрні – польская перакладчыца Яанна Бэрнатовіч, паэтка і перакладчыца Наста Кудасава, перакладчык Сяргей Сматрычэнка ды іншыя. І гэта далёка не ўсё! У другім сезоне вас чакае асаблівая святочная магія.

Як далучыцца?

Дэдлайн – 6 студзеня 2025 года (уключна).

Каб падаць заяўку, запоўніце гэтую форму.
Трэба абавязкова даслаць тэкст перакладу (або некалькі) і зыходны тэкст, з якога вы перакладалі. Напісаць матывацыйны ліст.

Удзел у майстэрні бясплатны, але колькасць месцаў абмежаваная. Перавага будзе нададзена заяўкам з дасланымі перакладамі. Выпускнікі і выпускніцы папярэдняга сезона таксама могуць удзельнічаць (але калі вашыя пераклады ўжо разбіраліся на занятках, у гэтым сезоне вашыя тэксты будуць мець меншы прыярытэт).

Дзеля бяспекі можна ўдзельнічаць пад псеўданімам.

Звяртаем увагу, што Instagram-старонка Беларускага ПЭНа і сацсеткі Андрэя Хадановіча прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» – калі ласка, будзьце асцярожныя ў распаўсюдзе інфармацыі пра майстэрню.

На сайце Беларускага ПЭНа можна больш даведацца пра мінулы сезон, у якім узялі ўдзел 40 перакладчыкаў і перакладчыц з усяго свету. На сустрэчы прыходзілі 9 вядомых перакладчыкаў і перакладчыц.

Чаму варта далучыцца?

Далучайцеся да Перакладчыцкай майстэрні і зрабіце свае святы сапраўды чароўнымі! 

Працягласць майстэрні – два месяцы. Сустрэчы будуць адбывацца анлайн на платформе ZOOM з 23 студзеня да 3 сакавіка, раз на тыдзень чацвяргамі, з 19:00 да 21:00 беларускага часу, хоць асабліва цікавыя дыскусіі могуць зацягнуцца і надаўжэй. 

У другой палове сезону мы плануем правесці жывую сустрэчу для ахвочых удзельнікаў і ўдзельніц з цікавымі, таленавітымі прадстаўнікамі і прадстаўніцамі прафесіі ў Варшаве. 

Хай вашая творчасць стане галоўным падарункам для беларускай культуры!