На 15 снежня 2024 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 39, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 175.
Шоумена Івана Вабішчэвіча (творчы псеўданім Дзядзя Ваня) асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову).
Палітзняволенага журналіста, трэвэл-блогера, эсэіста Ігара Карнея пакаралі дадатковымі 8 месяцамі зняволення.
Паэта і барда Валерыя Пазнякевіча асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за вершы грамадска-палітычнага зместу.
Гарманіста і выканаўцу народных песень Уладзіміра Шакуцёва асудзілі на 10 сутак.
Алену Касарэвіч, бібліятэкарку аддзела абслугоўвання полацкай Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Францыска Скарыны, асудзілі на падставе адміністрацыйнага артыкула.
Затрыманы журналіст, перакладчык літаратуры, калекцыянер-краязнаўца Руслан Равяка.
Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «экстрэмісцкім фарміраваннем» трупу былых актораў Тэатра імя Янкі Купалы «Вольныя Купалаўцы».
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 8 снежня стала вядома, што ў Баранавічах у межах крымінальнай справы затрымалі музыку Вольгу Мікалаеву (грае на барабанах). Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў чаце «Белыя крылы Баранавічы».
2. 10 снежня суд Партызанскага раёна Мінска разгледзеў крымінальную справу музыкі і шоумена Івана Вабішчэвіча (творчы псеўданім Дзядзя Ваня). Яго асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) на 2 гады і 6 месяцаў «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла: «Вабішчэвіч 23 жніўня 2020 года, на тэрыторыі горада Мінска, прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выкарыстаў пратэсную сімволіку і рухаўся па праезджай частцы дарогі, што выклікала парушэнне працы транспарту і прадпрыемства».
3. 10 снежня ў Брэсцкім абласным судзе распачаўся завочны суд у дачыненні да арт-менеджара Аляксандра Чахоўскага. Раней яго судзілі разам з пяццю іншымі фігурантамі так званай справы «Рудабельскай паказухі». 24 чэрвеня 2024 года Аляксандр Чахоўскі быў асуджаны паводле арт. 369 (знявага прадстаўнікоў улады) і арт. 370 Крымінальнага кодэкса (глумленне з дзяржаўных сімвалаў) на 3 месяцы арышту. 20 верасня 2024 года Вярхоўны суд падчас апеляцыі адмяніў прысуд у дачыненні да Чахоўскага і адправіў ягоную справу на перагляд.
4. 11 снежня ў Шклове палітзняволенага Ігара Карнея пакаралі дадатковымі 8 месяцамі зняволення паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Ігар Карней – журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер. 22 сакавіка 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе на падставе ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) яму быў вынесены прысуд – 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Паводле версіі абвінавачання, Ігар Карней працягваў супрацоўнічаць з праваабарончай арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ).
II. Затрыманні і адміністрацыйныя суды
1. 2 снежня стала вядома, што паэта і барда Валерыя Пазнякевіча асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за грамадска-палітычны вершы, якія ён размяшчаў у сацыяльных сетках.
2. 3 снежня ў Гарадку Віцебскай вобласці затрымалі гарманіста і выканаўцу народных песень Уладзіміра Шакуцёва. 4 снежня Гарадоцкі раённы суд асудзіў яго на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за «распаўсюджванне экстрэмізму» (спасылкі ў сацыяльных сетках на незалежныя крыніцы інфармацыі). Уладзімір Шакуцёў – удзельнік народнага ансамбля гарманістаў «Гарадоцкі Парнас», выканаўца беларускіх песень і стваральнік народнага калектыву «Азерыца», які папулярызуе мясцовыя музычныя традыцыі.
3. 4 снежня ў Полацку за «анлайн-пікетаванне» на падставе ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях асудзілі Алену Касарэвіч – бібліятэкарку аддзела абслугоўвання полацкай Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Францыска Скарыны.
4. 5 снежня ў Баранавічах затрыманы журналіст, калекцыянер-краязнаўца, перакладчык Руслан Равяка. Адначасова з ім затрымалі 7 супрацоўнікаў ліквідаванай незалежнай баранавіцкай газеты «Intex-press», якая выходзіла з 1994 па 2022 год. У 2022 годзе «Intex-press» пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі, а ў красавіку 2023 года сайт выдання і сацыяльныя сеткі былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Руслан Равяка пераклаў з польскай мовы на беларускую апавяданні Станіслава Лема і раман Сяргея Пясецкага «Жыццё раззброенага чалавека».
III. Пераслед за беларускую нацыянальную сімволіку
4 снежня грамадскага актывіста з мястэчка Варняны (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці) Мікалая Уласевіча аштрафавалі на 50 базавых велічынь, або 2000 рублёў (610 долараў) за тое, што альтанка ў ягоным надворку была пафарбавана ў нацыянальныя колеры.
ІV. Прызнанне культурніцкіх праектаў «экстрэмісцкімі»
13 снежня рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў экстрэмісцкім фармаваннем прызналі трупу былых актораў Тэатра імя Янкі Купалы «Вольныя Купалаўцы». Дзейнасць «Вольных Купалаўцаў» цяпер забаронена на ўсіх інтэрнэт-платформах для тэрыторыі Беларусі. 26 жніўня 2020 года акторы звольніліся з тэатра ў знак пратэсту супраць гвалту і працягнулі культурніцкую дзейнасць за межамі Беларусі. Міністэрства ўнутраных спраў папярэдзіла, што «асобы, якія ўдзельнічаюць або ажыццяўляюць любую перадачу звестак прадстаўнікам фарміравання, прызнаюцца ўдзельнікамі экстрэмісцкага фарміравання і будуць прыцягнуты да адказнасці паводле арт. 361-1 і 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі (да 7 гадоў пазбаўлення волі)».