Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
23 лістапада 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для ўціску грамадскай ды палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і яе палітыцы, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так, заключаныя пад варту:
- Максім Рэмезаў па абвінавачванні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзелу грамадзян у ваенных канфліктах па арт. 361-2 і 361-3 КК за ахвяраванні пратэстным ініцыятывам і беларускім добраахвотнікам у складзе Узброеных Сіл Украіны;
- Цімур Лозка па абвінавачванні ў фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці па арт. 290-1 КК за ахвяраванне пратэстнай ініцыятыве;
- Міхаіл Фандо па абвінавачванні ў фінансаванні ўдзелу грамадзян у ваенных канфліктах па арт. 361-3 КК за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам у складзе Узброеных Сіл Украіны;
- Сяргей Скібінскі па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, па арт. 361-4 і 342 КК.
Суд накіраваў на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары:
- Аскера Алахвердзіева па ч. 1 арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу);
- Наталлю Манылу па арт. 361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Максіма Рэмезава, Цімура Лозку, Міхаіла Фандо, Сяргея Скібінскага, Аскера Алахвердзіева, Наталлю Манылу;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Беларускі ПЭН.