Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 верасня 2024 года)

Апошняе абнаўленне: 17 верасня 2024
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 верасня 2024 года)

На 15 верасня 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 163.

Гісторыка Ігара Мельнікава асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

У дачыненні да палітзняволенага журналіста і літаратара Міколы Дзядка распачалі новую крымінальную справу.

Пачаўся працэс паводле крымінальнай справы Ксеніі Сушы, якая працавала галоўным бібліёграфам навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Паэт Сяргей Сыс – сярод падазраваных у крымінальнай справе супраць удзельнікаў двух выпускаў тэлешоу «План: Б» на тэлеканале «Белсат».

Пачаўся разгляд крымінальнай справы былой палітзняволенай спявачкі Мерыем Герасіменкі, якая са студзеня 2024 года знаходзіцца за мяжой.

У Мінску адмянілі адкрыццё юбілейнай выставы Антаніны Фалей «LITARA Я».

Тэлеграм-чат «Беларускамоўныя» прызналі «экстрэмісцкім».

У месцы масавых расстрэлаў часоў сталінізму каля вёскі Хайсы пад Віцебскам знішчаны 26 крыжоў, інфармацыйныя шыльды і ўказальнікі да магіл.


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 2 верасня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс паводле крымінальнай справы Ксеніі Сушы, якая працавала галоўным бібліёграфам навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да лістапада 2021 года. Ксенію Сушу затрымалі 23 студзеня 2024 года за дапамогу палітвязням і абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да санкцый).

2. 11 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы былой палітзняволенай спявачкі Мерыем Герасіменкі, якая са студзеня 2024 года знаходзіцца за мяжой. 19 студзеня 2023 года ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска Мерыем Герасіменку асудзілі на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Мерыем Герасіменка была затрымана 4 жніўня 2022 года ў Мінску пасля канцэрта ў бары «Банкі-бутэлькі». Сярод песень, выкананых спявачкай на канцэрце, быў твор украінскага гурта «Океан Ельзи» – «Обійми». Пасля затрымання спявачку двойчы асудзілі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага артыкула, а затым перазатрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

3. 13 верасня Мінскі гарадскі суд вынес рашэнне ў крымінальнай справе гісторыка Ігара Мельнікава: пазбаўленне волі на 4 гады ў калоніі агульнага рэжыму на падставе арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Ігар Мельнікаў – гісторык, рэканструктар, аўтар кніг пра гісторыю Заходняй Беларусі і беларуска-польскае памежжа. Выпускнік гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (2002), Варшаўскага ўніверсітэта (2005). Кандыдат гістарычных навук (2011).

На фоне масавых рэпрэсій заняў праўладную пазіцыю, выдаў кнігу «Калабарацыянізм. Анатомія здрады» (2023), рыхтаваў да друку кнігу «Прыступіць да ліквідацыі» – пра дзейнасць супрацоўнікаў савецкіх спецслужбаў у пасляваеннай Беларусі. Затрыманы 21 студзеня 2024 года, абвінавачаны паводле арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). У 2024 годзе суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі» тры кнігі Ігара Мельнікава: Нічыпарук П. К., Мельнікаў I. B. Адысея палешука. Мінск: Альфа-кніга, 2017; Мельнікаў, I. B. Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919–1920 гадах. Мінск: Альфа-кніга, 2018; Мельнікаў, I. B. На «мяжы цывілізацый». Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі. Мінск: Альфа-кніга, 2020.

4. 13 верасня стала вядома, што ў дачыненні да палітзняволенага журналіста і літаратара Міколы Дзядка ў турме № 1 распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Мікола Дзядок – аўтар кнігі «Фарбы паралельнага свету», якая выйшла ў 2017 годзе ў серыі «Беларуская турэмная літаратура», заснаванай праваабарончым цэнтрам «Вясна». Кніга прысвечана аналізу беларускай турэмнай сістэмы і таго, якімі метадамі карыстаецца адміністрацыя для ламання волі вязняў. Кніга «Фарбы паралельнага свету» напісана на падставе досведу, атрыманага аўтарам падчас першага палітычна матываванага зняволення, калі Мікола Дзядок правёў за кратамі 4,5 года (2010–2015, «справа анархістаў») і быў прызнаны палітвязнем. У 2017 годзе Мікола Дзядок стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай «Радыё Свабода» і Беларускім ПЭНам за твор, напісаны ў зняволенні. 11 лістапада 2020 года Мікола Дзядок быў арыштаваны. 10 лістапада 2021 года ў Мінскім гарадскім судзе яму вынеслі прысуд. Суддзя Анастасія Папко прызнала яго вінаватым паводле арт. 342, арт. 361, арт. 295.3 Крымінальнага кодэкса і прысудзіла яму 5 гадоў зняволення. Больш за год Міколу Дзядка ўтрымліваюць у адзіночнай камеры.

5. 13 верасня стала вядома, што Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці распачало крымінальную справу ў дачыненні да ўдзельнікаў двух выпускаў тэлешоу «План: Б» на тэлеканале «Белсат» – за 25 сакавіка і 1 красавіка. Падазраваных паводле ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) – больш за 10 чалавек, сярод іх – паэт і журналіст Сяргей Сыс.

II. Адміністрацыйны пераслед

14 верасня стала вядома, што ў Віцебску за падпіску на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі Дзяніса Якаўлева – галоўнага захавальніка фондаў музея Міная Шмырова, папулярызатара гісторыі Другой сусветнай вайны.

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

Больш за паўтара года родныя музыканткі і грамадска-палітычнай дзяячкі Марыі Калеснікавай не атрымліваюць ад яе лістоў. Апошні ліст родныя атрымалі 15 лютага 2023 года. Пасылкі ёй забаронены, адваката да яе не пускаюць. З-за язвы страўніка яна не можа есці турэмную ежу, яе сястра паведамляе, што Марыя Калеснікава важыць 45 кілаграм пры росце 175 сантыметраў.

IV. Цэнзура

1. У Мінску ў салоне-краме «Галерэя мастацтва» адмянілі адкрыццё выставы Антаніны Фалей «LITARA Я». На выставе планавалася паказаць працы, створаныя за апошнія сем гадоў: калаж, акварэль, жывапіс. Выстава мелася працаваць з 29 жніўня да 7 верасня. У 2020 годзе мастачка падпісала адкрыты ліст дзеячаў культуры і мастацтва супраць гвалту.

2. 2 верасня стала вядома, што тэлеграм-чат «Беларускамоўныя» прызналі «экстрэмісцкім», гэта вынікае з абноўленага спісу «экстрэмісцкіх» матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.

V. Парушэнне права навучання на мове нацыянальных меншасцяў

Дзеці польскага паходжання тры гады пазбаўлены магчымасці вывучаць польскую мову ў дзяржаўных школах. Адукацыйныя ўстановы з польскай мовай навучання ў Гродне і Ваўкавыску з 2022 года рашэннем уладаў пераведзены на рускую мову. У выніку антыпольскай кампаніі рэпрэсіі зазнаюць і такія прыватныя навучальныя ўстановы, як курсы польскай мовы. На працягу 2024 года ўлады зліквідавалі больш за 10 адукацыйных устаноў.

VI. Знішчэнне мясцін памяці

8 верасня стала вядома пра вандалізм у месцы масавых расстрэлаў часоў СССР каля вёскі Хайсы ў Віцебскім раёне. Знішчаны 26 крыжоў, указальнікі да магіл і шыльды з інфармацыяй пра расстрэлы.