Пад сінім небам усё іначай! Вяртаецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў паэтычнага конкурсу імя Наталлі Арсенневай! Два гады беларуская паэзія выходзіла ў свет, займала належнае месца на кніжных паліцах ды чыталася ад вокладкі да вокладкі. Надышоў час адсвяткаваць! Цырымонія ў новым фармаце паэтычнага пікніка адбудзецца ў дзень нараджэння знакамітай беларускай паэткі, патронкі прэміі.
20 верасня а 17:00 запрашаем усіх, хто цікавіцца беларускай паэзіяй ды хоча прабавіць час у прыемным асяроддзі пад стары добры вініл і чытанне вершаў. Пляцоўкаю імпрэзы стане ўнутраны двор Моладзевага хаба ў Варшаве. Перад афіцыйнай часткай цырымоніі ўсіх будуць чакаць канапкі ды напоі. Калі вы прынесяце да агульнага стала свае кулінарныя шэдэўры, мы будзем вельмі ўдзячныя! На цырымоніі можна будзе паслухаць вершы ў выкананні аўтарак і аўтараў, а таксама музычныя кампазіцыі, натхнёныя беларускай паэзіяй.
Прэмія Арсенневай змяніла свой візуал, галоўнымі колерамі сталі цяпер блакітны ды белы. Прапануем усім скарыстаць у сваіх вобразах, падабраных да імпрэзы, гэтую каляровую гаму, каб падтрымаць святочны настрой!
Сёлета шаноўнае журы вызначала пераможцаў адразу за два гады, 2022-і і 2023-і. У кароткія спісы ўвайшлі кнігі выбітных аўтарак і аўтара, імёны якіх вы дакладна ведаеце: Вальжына Морт, Альгерд Бахарэвіч, Наста Кудасава, Валянціна Аксак, Марыя Бадзей, Ганна Шакель.
Арганізатары паэтычнай прэміі – Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Партнёрамі сёлета сталі фонд «Estate of Vitaut Kipel» ды Беларускі Харытатыўны Траст. Моладзевы хаб падтрымаў правядзенне цырымоніі і стаў яе партнёрам.
Давайце правядзём апошнія моманты астранамічнага лета пад прыгожыя вершы, разам з улюбёнымі творцамі на свяце беларускай паэзіі!
Калі: 20 верасня а 17:00 – канапкі ды вініл, а 17:30 – пачатак цырымоніі.
Дзе: Моладзевы хаб, Варшава, ul. Dożynkowa 6a.