Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
22 жніўня 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для ўціску грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна больш жорсткім і дапоўненае новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, якая ёй праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.
Так, заключаныя пад варту:
- Антон Станкевіч паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам;
- Аляксей Кісялёў паводле арт. 361-4 і 361-5 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і праходжанні навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці за ўваходжанне ў абвешчаную экстрэмісцкім фармаваннем ініцыятыву дыстанцыйнай падрыхтоўкі прафесіяналаў;
- Наталля Жыгар паводле арт. 361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за падтрымку палітвязняў;
- Наталля Давыдуліна паводле арт. 361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці;
- Віталь Лескавец паводле арт. 361-2 і ч. 2 арт. 361-3 КК паводле абвінавачвання ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці і ўдзелу грамадзян у вайсковых канфліктах за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам і беларускім добраахвотнікам у складзе Узброеных сіл Украіны.
Асуджаныя:
- Ягор Волкаў паводле артыкулаў 342 і 361-2 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці за ўдзел у мірных пратэстах і за ахвяраванні пратэсным ініцыятывам да трох гадоў пазбаўлення волі;
- Ігар Нажэеў паводле артыкулаў 342 і 361-4 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці да пазбаўлення волі.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва.