• Навiны
  • Культурныя правы
  • (БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – чэрвень 2024 года

(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – чэрвень 2024 года

Апошняе абнаўленне: 16 жніўня 2024
(БЕЛ) Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – чэрвень 2024 года

Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа ў перыяд са студзеня да чэрвеня 2024 года з адкрытых крыніц, шляхам асабістых кантактаў і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры. Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнні (у тым ліку канфідэнцыйна) або выправіць недакладнасці, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma. Чым дакладней мы зможам зафіксаваць і прааналізаваць сітуацыю з правамі чалавека ў сферы культуры, тым больш эфектыўна будзем планаваць працу па падтрымцы дзеячаў культуры і культурных праектаў. Больш пра маніторынг гл. тут.

NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з дзейнымі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўнымі прадпісаннямі, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні.

Асноўныя вынікі маніторынгу
Адвольныя затрыманні, крымінальны і адміністрацыйны пераслед, суды ў дачыненні да дзеячаў культуры
•  Адвольныя затрыманні і арышты
•  Крымінальны пераслед
•  Суды паводле крымінальных спраў: вочныя і завочныя
•  Адміністрацыйны пераслед
Інстытуцыялізаваны ціск у сферы культуры
•  Звальненні
•  Цэнзура
•  Забарона на дзейнасць
•  Умяшанне ў дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры
Высновы

АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ

У першым паўгоддзі 2024 года ў Беларусі працягваліся адвольныя затрыманні, крымінальны і адміністрацыйны пераслед дзеячаў культуры, нагодамі для якіх паслужылі:

  • удзел у акцыях пратэсту 2020 года;
  • супрацоўніцтва з беларускімі медыя ў выгнанні, адпраўка інфармацыі ў апазіцыйныя медыя;
  • крытычныя каментары ў сацыяльных сетках на адрас улады, чыноўнікаў, у адказ на рэзанансныя падзеі ў краіне і за яе межамі;
  • дапамога палітзняволеным і данаты ў фонды салідарнасці;
  • аватаркі з бел-чырвона-белай сімволікай у сацыяльных сетках;
  • падпіскі і рэпосты з каналаў незалежных медыя ў інтэрнэце;
  • пратэсная творчасць;
  • даносы «неабыякавых» грамадзян;
  • іншыя падставы.

Да сённяшняга дня працягваюцца запіс і размяшчэнне ў агульны доступ «пакаянных відэа» з дзеячамі культуры, пазбаўленне іх права на абарону, допыты і праверкі тэлефонаў падчас перасячэння беларускай мяжы (асабліва цікавяцца сувязямі з дыяспарай), запалохванні, арышт і канфіскацыя маёмасці, палітычна матываваныя звальненні, забарона на прафесію, абмежаванне допуску да аўдыторыі. Пераследуюцца дзеячы культуры, якія знаходзяцца ў зняволенні, на «хатняй хіміі», палітычныя эмігранты і іх сваякі ў Беларусі. Працягваецца практыка залічаць акцёраў і гісторыкаў, менеджараў культуры і рэжысёраў, мастакоў і музыкаў да ўдзельнікаў «экстрэмісцкіх фарміраванняў»; новыя кнігі, песні, відэа і старонкі дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках атрымліваюць статус «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Палітзняволеныя палітычны дзеяч і мецэнат Віктар Бабарыка, музыка, менеджарка культуры і грамадская дзяячка Марыя Калеснікава, адвакат, літаратар і бард Максім Знак, палітычны дзеяч і менеджар культуры Сяргей Ціханоўскі больш за паўтара года не маюць сувязі са сваякамі і адвакатамі, у дачыненні да іх уведзены рэжым інкамунікада.

Сярод тэмаў другога квартала 2024 года – затрыманні вядоўцаў і арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў; звальненні на кінастудыі «Беларусьфільм»; зняцце работ з экспазіцыі ўжо адкрытай выставы «Арт-Мінск 2024»; пераслед дзеячаў культуры ў эміграцыі за святкаванне Дня Волі [1] і ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду [2]; пагроза экстрадыцыі рэжысёра Андрэя Гнёта з Сербіі ў Беларусь на падставе запыту беларускага боку; прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» YouTube-канала «Chadanovič» – «пра літаратуру, якая стала актуальнай у нашы часы, пра літаратуру, у якой мы з вамі цяпер жывём», а таксама трох кніг палітзняволенага публіцыста і палітычнага дзеяча Паўла Севярынца, навукова-папулярнага выдання «Недазволеная памяць. Заходняя Беларусь у дакументах і фактах. 1921–1954», «Песні вясёлага беларуса» музыкі AP$ENT, 27 анлайн-акаўнтаў урокаў беларускай мовы «Мова нанова» ў сацыяльных сетках; прымусовая ліквідацыя Беларускага цэнтра міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек і Літаратурна-мастацкага фонду «Нёман», заснаваных яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў.

Зафіксаваны новыя факты разбурэння мясцін памяці і аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, дыскрымінацыі беларускай мовы. Працягваецца пераслед за карыстанне нацыянальнай сімволікай – бел-чырвона-белым (БЧБ) сцягам і гербам «Пагоня».

Пераслед у перыяд са студзеня да чэрвеня 2024 года ў лічбах:
  • Зафіксаваны 695 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
  • Пазбаўленне права на справядлівы суд – асноўны від парушэнняў у дачыненні да людзей культуры (128 выпадкаў), а стварэнне адміністрацыйных перашкод для дзейнасці (у тым ліку прымусовая ліквідацыя) – у дачыненні да арганізацый сферы культуры (45 фактаў).
  • Топ-10 парушаных правоў:

  • У калоніях, турмах, следчых ізалятарах, установах адкрытага тыпу («хімія») або на «хатняй хіміі» адбываюць пакаранне не менш за 164 дзеячы культуры.

  • Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 38 дзеячаў культуры: 34 – вочнымі судамі, 4 – у рамках завочнага судовага разбору. Што тычыцца вочных судоў у дачыненні да 34 дзеячаў культуры: 14 чалавек асуджаны на 1,5–10 гадоў адбыцця пакарання ў калоніі, адзін – на 2 гады «хіміі», 17 – на 2,5–3 гады «хатняй хіміі», адна – да прымусовага лячэння, у дачыненні да яшчэ аднаго чалавека вынік суда праваабаронцам на цяперашні момант невядомы. Завочныя суды вынеслі прысуды чатыром дзеячам культуры: ад 3 месяцаў арышту да 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і велізарныя штрафы.
  • У дачыненні да не менш як 74 дзеячаў культуры заведзены крымінальныя справы. Прычым у 16 выпадках пачата працэдура спецыяльнага вядзення – завочнага крымінальнага пераследу палітычных эмігрантаў.
  • Не менш як 68 дзеячаў культуры зазналі адвольнае затрыманне.
  • Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 47 людзей культуры (55 адміністрацыйных пратаколаў).
  • Зафіксавана 29 фактаў палітычна матываванага звальнення.
  • Прымусова ліквідавана 19 некамерцыйных арганізацый, якія маюць дачыненне да сферы культуры (адпаведны маніторынг вядзе «Lawtrend»).
  • Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» не менш за 172 матэрыялы на тэму культуры або сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры.
  • Зафіксавана 39 фактаў цэнзуры: у дачыненні да выстаў, канцэртаў, спектакляў, кінапаказаў, публічных выступаў.

Датычна пытанняў дзяржаўнай палітыкі: працягваюцца інстытуцыялізацыя рэпрэсій і ўзмацненне кантролю над усімі сектарамі культуры, барацьба з іншадумствам і ідэалагічная апрацоўка супрацоўнікаў і насельніцтва, антызаходняя рыторыка і палітычнае выкарыстанне гісторыі ў Беларусі (у прыватнасці, маніпуляванне тэмай «генацыду беларускага народа»), вайна з нацыянальнымі героямі і сімваламі, моцны прарасійскі вектар развіцця культуры.

АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ, КРЫМІНАЛЬНЫ  І АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ ПЕРАСЛЕД, СУДЫ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ

АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ І АРЫШТЫ

Усяго за першае паўгоддзе мінімум 68 дзеячаў культуры зазналі адвольныя затрыманні (або арышт).

Наступствы амаль кожнага трэцяга затрымання (22 асобы) на гэты момант праваабаронцам невядомыя. І гэта адна з цяперашніх тэндэнцый – мы па-ранейшаму адчуваем істотныя цяжкасці ў атрыманні поўнай інфармацыі пра парушэнні.

Працягваецца практыка запісу і апублікавання «пакаянных відэа», у якіх затрыманых дзеячаў культуры пад відавочным ціскам вымушаюць «прызнавацца» на камеру ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года; у тым, што яны выходзілі на праезную частку і фатаграфаваліся з бел-чырвона-белым сцягам; у негатыўных каментарах у сацыяльных сетках на адрас прадстаўнікоў улады; у рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога» [3]; у адпраўцы інфармацыі пра супрацоўнікаў міліцыі і іншых дзяржаўных службоўцаў у Telegram-канал «Чорная кніга Беларусі» [4], адпраўцы ў чат-бот «Голас» [5] бюлетэня з голасам за Святлану Ціханоўскую; у дрэнным стаўленні да расійскіх вайскоўцаў і падтрымцы Украіны; у падпісцы на каналы, прызнаныя рэжымам «экстрэмісцкімі». У асобных выпадках прымушаюць яшчэ і казаць пра сваю сексуальную арыентацыю або памер штомесячнага даходу (калі ён істотна вышэйшы за сярэдні), прызнаваць свае «памылкі» і прасіць прабачэння.

У цэлым у першым паўгоддзі 2024 года ў параўнанні з аналагічнымі перыядамі 2021–2023 гадоў зафіксавана ўдвая менш адвольных затрыманняў дзеячаў культуры. Тым не менш, падстаў казаць пра зніжэнне ўзроўню рэпрэсій няма: колькасць палітзняволеных меншай не робіцца, расце статыстыка тых, каго пераследуюць у крымінальным парадку, усё больш выпадкаў, калі інфармацыя пра затрыманні робіцца вядомая са спазненнем.

КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД

У першым паўгоддзі 2024 года зафіксаваны факты завядзення крымінальных спраў на 74 дзеячаў культуры. Больш за палову выпадкаў (40 чалавек) – гэта пераслед палітычных эмігрантаў, пра што мы раскажам пасля апісання сітуацыі ўнутры Беларусі.

У Беларусі дзеячаў культуры, на якіх былі заведзены крымінальныя справы ў студзені – чэрвені 2024 года, пераследуюць за:

  • удзел у акцыях пратэсту 2020 года: кожная другая заведзеная ў гэты прамежак часу крымінальная справа – выключна паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»);
  • нібыта экстрэмісцкую дзейнасць: кожная пятая крымінальная справа мае ў «складзе злачынства» артыкулы 361-1, 361-2, 361-3, 361-4 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, фінансаванне, садзейнічанне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання);
  • знявага прадстаўнікоў улады: кожная дзясятая справа ўключае артыкулы 367, 368, 369 (паклёп, знявага прэзідэнта / прадстаўніка ўлады).

Працягваецца пераслед іншадумцаў і ў месцах пазбаўлення волі, адзін з інструментаў якога – павелічэнне тэрмінаў адбыцця пакарання шляхам завядзення новай крымінальнай справы паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). У аналізаваны перыяд такія справы былі заведзены  як мінімум на чатырох палітзняволеных – дзеячаў культуры: Эдуарда Бабарыку, Івана Вярбіцкага, Змітра Дашкевіча і Аляксандра Францкевіча.

Што да пераследу палітычных эмігрантаў: на дзеячаў культуры, якія выехалі, заводзяць пераважна крымінальныя справы аб садзейнічанні «экстрэмізму» – удзеле ў стварэнні «экстрэмісцкіх фарміраванняў», спробе захопу ўлады (арт. 357), крыху радзей – за знявагу прадстаўнікоў улады. Людзі культуры ёсць сярод пераследаваных у рамках так званай справы «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай», згодна з якой абвінавачаныя рыхтавалі тэзісы для публікацый і публічных выступаў Ціханоўскай і іншых асоб; у рамках справы «беларусаў замежжа» – за святкаванне [6] Дня Волі ў розных гарадах прысутнасці беларусаў за мяжой, за ўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду і з іншых нагод. У дачыненні да 16 дзеячаў культуры ў гэты перыяд пачата працэдура спецыяльнага вядзення, накладзены арышт на маёмасць (у тым ліку на кватэры, дамы і зямельныя ўчасткі), вынесены першыя чатыры прысуды.

Адзначым тут таксама сітуацыю пераследу рэжымам беларускага рэжысёра і актывіста Андрэя Гнёта, над якім на сёння вісіць пагроза экстрадыцыі з Сербіі ў Беларусь, дзе на яго заведзена палітычна матываваная крымінальная справа. Гнёт быў затрыманы ў Сербіі ў кастрычніку 2023 года на запыт уладаў Беларусі, якія абвясцілі яго ў вышук праз Інтэрпол. Больш за сем месяцаў рэжысёр правёў у сербскай турме, у чэрвені 2024 года быў пераведзены пад хатні арышт. У снежні 2023 года суд першай інстанцыі Сербіі ўхваліў дэпартацыю Гнёта, пасля апеляцыі ў сакавіку 2024 года справа знаходзіцца на пераглядзе.

СУДЫ ПАВОДЛЕ КРЫМІНАЛЬНЫХ СПРАЎ: ВОЧНЫЯ І ЗАВОЧНЫЯ

За першае паўгоддзе стала вядома пра прысуды паводле крымінальных спраў у дачыненні да 38 дзеячаў культуры. Паводле чатырох з іх – у рамках завочнага судаводства, пра што будзе сказана пасля апісання сітуацыі ўнутры Беларусі.

Вочныя суды і прысуды

На вялізныя тэрміны адбыцця пакарання на працягу першых шасці месяцаў 2024 года асуджаны:

  • настаўнік беларускай мовы і літаратуры Руслан Прахарэнка – 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі паводле артыкулаў аб здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК), распальванні варожасці (арт. 130 КК), садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК), неданясенні аб злачынстве (ч. 1 арт. 406 КК). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, падрабязнасці справы невядомыя. Незалежнае СМІ «Радыё Свабода» пісала, што паводле іх крыніц інфармацыі, справа тычыцца фатаграфавання аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі;
  • дыджэй Арцём Макавей, грамадзянін Украіны – 6 гадоў ва ўмовах калоніі за нібыта агентурную дзейнасць (арт. 358-1 КК). Суд над Арцёмам таксама праходзіў у закрытым рэжыме, падрабязнасці справы невядомыя;
  • літаратарка, перакладчыца з кітайскай на беларускую мову, адна з найлепшых выпускніц філалагічнага факультэта БДУ 2022 года Дар’я Хмяльніцкая – 5,5 года калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 КК) і данаты (арт. 361-3 КК);
  • ганаровая выпускніца кафедры культуралогіі БДУ («Найлепшы выпускнік БДУ – 2018») Ксенія Хадырава – 5 гадоў калоніі за данаты (арт. 361-2, 361-3 КК).

Адзначым таксама сітуацыю спецыяльнай канфіскацыі. Так, мовазнаўцу Анастасію Мацяш, асуджаную за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Belsat» (у лістападзе 2021 года прызнаны МУС «экстрэмісцкім фарміраваннем»), суд не толькі пакараў двума гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі і штрафам у памеры 20 000 рублёў (~ 8 тыс. еўра), але і пастанавіў спагнаць з яе 102 415 рублёў 12 капеек (~ 30 тыс. еўра) як нібыта даход, атрыманы злачынным шляхам.

Асуджаны: Уладзімір Фішман (колькасць гадоў у калоніі невядомая, інкрымінавалі арт. 361-1 КК); літаратар, паэт і актывіст Алег Кацапаў (2,5 года калоніі, арт. 130 і 368 КК); фатограф Аляксандр Васюковіч (3 гады «хатняй хіміі», арт. 342 КК); фатограф і кінадакументаліст Аляксандр Зянкоў (3 гады калоніі, арт. 361-1 КК); музыка Дзмітрый Шалак (прысуд невядомы, арт. 368 і 369 КК); мастачка Ганна Крук (3 гады «хатняй хіміі», арт. 342 КК); музыка Яўген Шум (3 гады «хатняй хіміі», арт. 342 КК); мастак Уладзімір Лыкшын (2,5 года «хатняй хіміі», арт. 342 КК); музыкі Аляксандр Ільін, Дзмітрый Халяўкін і Сяргей Кульша (2,5 года «хатняй хіміі» кожнаму, арт. 342 КК); журналіст і аўтар тэкстаў пра гістарычна-культурную спадчыну Беларусі Ігар Карней (3 гады калоніі і 20 000 рублёў штрафу, арт. 361-1 КК); літаратар і менеджар культуры Сяргей Макарэвіч (2 гады «хіміі», арт. 361-2 КК); паэтка, арганізатарка культурных мерапрыемстваў і журналістка Аксана Ючкавіч (3 гады «хатняй хіміі», арт. 342 КК); фатограф Аляксандра Мельнічак (колькасць гадоў у калоніі невядомая, арт. 342 і 130 КК); мастак і мультыплікатар Іван Вярбіцкі (2 гады калоніі, арт. 411 КК); музыка Алег Лядзенка (2,5 года «хатняй хіміі», арт. 342 КК); керамістка Алена Карпенка (1,5 года калоніі, арт. 367 КК); рамесніца і мастачка Нэлі Алфёрава (прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары, арт. 369 КК); пісьменніца, паэтка, перакладчыца і доктарка Алена Церашкова (3 гады «хатняй хіміі», арт. 342 КК); музыка Руслан Праўда («хатняя хімія», арт. 342 КК); літаратар і анархіст Аляксандр Францкевіч (колькасць гадоў у калоніі невядомая, арт. 411 КК). Архітэктары Дар’я Мандзік, Ілля Палонскі і Раман Забела, затрыманыя ў лютым гэтага года ў рамках хвалі затрыманняў і ператрусаў у супольнасці архітэктараў, 28 чэрвеня асуджаны на «хатнюю хімію» (арт. 342 КК).

Таксама вядома пра суды яшчэ ў дачыненні да двух акцёраў (2,5 года «хатняй хіміі» кожнаму, арт. 342 КК) і ілюстратаркі (3 гады «хатняй хіміі», арт. 342 КК).

Больш чым у кожным другім абвінавачанні (59 % спраў) фігураваў артыкул 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). У тых выпадках, калі ўдзел у акцыях пратэсту выступаў адзінай падставай для пераследу, у якасці пакарання суды выносілі рашэнне абмежаваць волю ў выглядзе «хатняй хіміі» (тэрмінам на 2,5–3 гады), за выключэннем прысуду ў дачыненні да вядоўцы і менеджара культуры Ягора Зенчанкі, якога асудзілі на два гады калоніі. Пераслед паводле артыкулаў, інтэрпрэтаваных рэжымам як удзел у экстрэмісцкай дзейнасці (361-1, 361-2, 361-3, 361-4), дыфамацыя прадстаўнікоў улады (367, 368, 369), распальванне варожасці (130) і іншых часцей за ўсё заканчваецца калоніяй.

Такім чынам, з ліку 34 дзеячаў культуры 14 чалавек асуджаны на 1,5–10 гадоў адбыцця пакарання ў калоніі, адзін – на 2 гады «хіміі», 17 – на 2,5–3 гады «хатняй хіміі», адна – на прымусовае лячэнне, у дачыненні да яшчэ аднаго дзеяча культуры вынік суда праваабаронцам невядомы.

Сярод тэндэнцый у галіне палітычнага судаводства ў Беларусі – паўторнае і наступнае асуджэнне паводле палітычных матываў, закрытыя судовыя працэсы, адсутнасць інфармацыі пра час або месца судовага працэсу. Так, праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што не было інфармацыі пра час пачатку пасяджэння 11 студзеня ў справе рамесніка Дзмітрыя Шаўчэнкі. Таксама адсутнічала інфармацыя пра месца слуханняў 6 лютага ў справе супраць музыкі Дзмітрыя Шалака.

Завочныя суды і прысуды

24 чэрвеня суд Брэсцкай вобласці ў парадку спецыяльнага вядзення і ў закрытым працэсе асудзіў 6 палітычных эмігрантаў, чацвёра з іх – людзі, звязаныя з культурай. За ўдзел у дзейнасці YouTube-канала «Рудабельская паказуха», які ў траўні 2023 года быў прызнаны МУС «экстрэмісцкім фарміраваннем» (у 2010-х на ім выходзілі «нязручныя» навіны з жыцця гарадскога пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці, пасля 2021-га – запісы званкоў на жывыя лініі беларускім чыноўнікам), а таксама на падставе серыі іншых абвінавачанняў адзін са стваральнікаў канала, аўтар песень і блогер Андрэй Павук асуджаны судом на 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі і штраф 200 000 рублёў (~ 59 200 еўра). Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук і рок-музыка Уладзіслаў Наважылаў, таксама абвінавачаныя ва ўдзеле ў дзейнасці «экстрэмісцкага фарміравання» «Рудабельская паказуха» (і ў іншых «злачынствах»), – на 6–8 гадоў калоніі і штрафаў ад 20 да 32 тыс. рублёў.

Прадзюсара і блогера Аляксандра Чахоўскага судзілі за знявагу прадстаўніка ўлады і глумленне з дзяржаўных сімвалаў і завочна пакаралі трыма месяцамі арышту. У сваім публічным відэазвароце Чахоўскі адзначыў, што нават не ведае, у чым яго абвінавачваюць. Ён заявіў пра парушэнні Брэсцкім абласным судом пункта 3d артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, бо яго цалкам пазбавілі магчымасці абараняцца: належным чынам не праінфармавалі пра пачатак супраць яго спецыяльнага вядзення, не далі ніякай інфармацыі пра адваката, і той ніяк з ім не звязваўся.

АДМІНІСТРАЦЫЙНЫ ПЕРАСЛЕД

За першае паўгоддзе зафіксавана 55 выпадкаў накладання адміністрацыйнага спагнання на 47 дзеячаў культуры (з затрыманнем і без). Артыкулы, якія фігуруюць у пастановах «правапарушэнняў», вядомыя ў 40 з іх. Так, у першым паўгоддзі 2024 года ў 80 % выпадкаў адміністрацыйныя пратаколы былі складзены за распаўсюд нібыта экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»).

За падпіскі на «Навіны Гродна» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», выкарыстанне ў профілі ў «Аднакласніках» лагатыпа «экстрэмісцкага» канала, падпіскі на Zerkalo.io, «Radiosvaboda» і «Сумленныя людзі» ў Instagram, фотаздымак з лагатыпам «Belsat» у Facebook-профілі і г. д. суды пастанавілі накласці на дзеячаў культуры адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе сутак (ад 5 да 15) або штрафаў у даход дзяржавы (зафіксаваны сумы ад 600 да 5400 рублёў). Так, для распаўсюдніка беларускіх кніг Барыса Хамайды, аштрафаванага на 600 рублёў, такая сума супастаўная з памерам яго месячнай пенсіі. У шэрагу выпадкаў акрамя сутак або штрафу пастанова прадугледжвала таксама канфіскацыю мабільнага тэлефона.

Нягледзячы на тое, што ўжо прайшло два гады, як артыкул 19.11 Адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь выцесніў першапачаткова «народны» 23.34 [7] («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»), які шырока выкарыстоўваўся судовай сістэмай у 2020–2021 гадах за ўдзел у маршах пратэсту, апошні актуальны і сёння. За «несанкцыянаванае пікетаванне» выпісваецца амаль кожнае пятае адміністрацыйнае правапарушэнне, а нагодамі служаць старыя фотаздымкі або выявы з выкарыстаннем нацыянальнай сімволікі – бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». Вытрымка з пратакола, складзенага на беларускага літаратара ў 2024 годзе за публікацыю, зробленую ў 2021-м, у тым ліку адлюстроўвае і стаўленне цяперашняй улады да гістарычнай спадчыны: «…у публічным доступе размясціў і захоўваў Telegram-стыкер у выглядзе БЧБ-палотнішча, якое даступна для азнаямлення іншым карыстальнікам згаданага вышэй мэсэнджара, публічна выказваючы такім чынам свае асабістыя і іншыя інтарэсы на падзеі грамадска-палітычнага жыцця, ажыццявіўшы тым самым несанкцыянаванае пікетаванне без адпаведнага дазволу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў».

На дыяграмах, пададзеных ніжэй, адлюстравана дынаміка таго, як у адміністрацыйных пастановах змяняліся суадносіны «правапарушэнняў», зафіксаваных у дачыненні да дзеячаў культуры з 2020-га да чэрвеня 2024 года:

ІНСТЫТУЦЫЯЛІЗАВАНЫ ЦІСК У СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

ЗВАЛЬНЕННІ

У першым паўгоддзі 2024 года зафіксавана парушэнне права на працу ў дачыненні да 32 працаўнікоў сферы культуры: 29 фактаў палітычна матываваных звальненняў і 3 выпадкі адмовы ўладкаваць на працу (якая не патрабуе прафесійнай кваліфікацыі). У канцы сакавіка міністр культуры Анатоль Маркевіч агучыў, што «шэрагі творчай інтэлігенцыі ачышчаюцца ад асоб, якія падрывалі асновы дзяржавы, што іх выгадавала і карміла» – так у Беларусі чацвёрты год вядзецца праца пошуку і ліквідацыі са сферы культуры людзей, нелаяльных рэжыму Лукашэнкі. З імі спыняюцца працоўныя адносіны нібыта паводле пагаднення бакоў і шляхам непрадаўжэння кантрактаў; праз траплянне ў чарговыя спісы «нядобранадзейных» або пасля даносу калег, а таксама «неабыякавых» грамадзян; пасля чарговай праверкі спецыялістам па бяспецы або пасля нядаўняй «палітычнай адміністрацыйкі», пра што ва ўстанову паведамляецца ў лісце з міліцыі або пракуратуры, дзе гаворыцца пра здзейсненае супрацоўнікам «правапарушэнне» і «неадпаведнасць займанай пасадзе».

У маніторынгу паводле вынікаў першага квартала 2024 года былі згаданы звальненні з Музея традыцыйнай культуры ў Браславе, Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» ў Маладзечне, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. У другім квартале стала вядома пра новыя звальненні ў сферы культуры – спыненне працоўных адносін з прафесіяналамі, аўтарытэтнымі спецыялістамі, лаўрэатамі шматлікіх, у тым ліку дзяржаўных, прэмій і ўзнагарод. Так, з Віцебскага тэатра «Лялька» звольнены мастацкі кіраўнік Віктар Клімчук, які працаваў там з 1990 года; кінастудыя «Беларусьфільм» «рассталася» з мастаком-мультыплікатарам Аляксандрам Ленкіным, які прапрацаваў на студыі анімацыі 40 гадоў, і вядучай спецыялісткай гэтага падраздзялення Валянцінай Нікіфаравай; са студыі дакументальнага кіно «Летапіс» звольнілі дырэктарку Аксану Эйхарт, рэжысёрку-дакументалістку Галіну Адамовіч, якая супрацоўнічала з кінастудыяй з 1995 года, кінарэжысёра і пісьменніка Уладзіміра Мароза, які прыйшоў у беларускі кінематограф у пачатку 1980-х гадоў. Са спісу кантактаў на сайце Гомельскага тэатра лялек знікла інфармацыя пра дырэктара Дзмітрыя Гарэліка, які кіраваў тэатрам з 1992 года, а ў студзені 2024-га быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». З непублічных крыніц вядома пра звальненні ў Мінскім каледжы імя А. Глебава, Брэсцкім музычным каледжы імя Р. Шырмы, Акадэміі мастацтваў, Універсітэце культуры і мастацтваў і некаторых іншых установах культуры.

У большасці сваёй спецыялісты, якія трапілі пад рэпрэсіі, не толькі сутыкаюцца з забаронай на прафесію, але і пазбаўляюцца магчымасці зарабляць у прынцыпе – не могуць уладкавацца нават дворнікамі, грузчыкамі, выхавацелямі ў дзіцячы садок: ідэолагі і спецыялісты па кадравай бяспецы, укаранёныя ў сістэму дзяржаўных устаноў, не прапускаюць іх нават на такія пазіцыі.

Варта згадаць практыку паручыцельства як прыкмету цяперашняга часу. Нашы суразмоўцы з ліку дзеячаў культуры, якія працуюць у дзяржаўным сектары, расказвалі пра існаванне двух спісаў нелаяльных асоб: людзі з другога маюць права працаваць у дзяржаўных установах паводле паручыцельства, з першага – не. Практыка паручыцельства прадугледжвае, што «нядобранадзейны» супрацоўнік застаецца на паруках у дырэктара і апошні, умоўна, бярэ на сябе адказнасць за яго паводзіны. Спісы ўзятых на парукі ёсць на сёння ў кожнай установе культуры. Такім чынам, мы можам казаць пра розныя ўзроўні «нядобранадзейнасці» кадраў з гледзішча дзяржаўнай сістэмы.

Звальненні і запалохванні, праверка сацыяльных сетак і прымус уступаць у прафсаюзы, празмерная бюракратызацыя працэсаў і ідэалагічная апрацоўка супрацоўнікаў, татальныя цэнзура і кантроль – цяперашнія ўмовы працы ў дзяржустановах. Як расказала нам у прыватнай гутарцы адна з былых супрацоўніц абласной установы культуры, якая звольнілася з яе пасля таго, як Расійская Федэрацыя распачала вайну ва Украіне, нехта заплюшчвае вочы на тое, што адбываецца, і працуе далей, нехта кажа, што «па-за палітыкай», нехта не вытрымлівае і звальняецца сам. Нярэдкія сітуацыі, калі працаваць няма каму: некага звольнілі, нехта пайшоў сам, некага пасадзілі, нехта з’ехаў. Амаладжэнне кадраў і праблема з перадачай досведу і традыцый – адно з наступстваў і цяперашніх негатыўных тэндэнцый у сістэме дзяржаўнай культуры.

ЦЭНЗУРА

Творчасць як у дзяржаўным сектары, так і ў сферы незалежнай культуры абмежавана цэнзурай і заціснута ціскамі ідэалогіі. Усіх артыстаў перад выступам на сцэне правярае КДБ («калі ты чысты – цябе выпускаюць»); «чорныя спісы» забароненых музыкаў і кампазіцый налічваюць сотні выканаўцаў, якім закрыта дарога на канцэртныя пляцоўкі, карпаратывы і ў радыёэфір; у публічных месцах забаронена выконваць украінскія і польскія песні (гэта можа быць інтэрпрэтавана як экстрэмізм); атрыманне гастрольнага пасведчання – квэст, які мала каму ўдаецца прайсці да канца.

Пра гучныя факты цэнзуры, якія мелі месца ў першым квартале 2024 года, было сказана ў папярэднім матэрыяле. Яны закранулі выставы жывапісу «Insomnia» Уладзіміра Кандрусевіча ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, «Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі…» у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, «1,10 квадрата» ў мінскім Палацы мастацтваў; спектакля «Тут была Клара» ў Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры; кінапаказ фільмаў Аляксандра Сакурава і Аляксандра Залатухіна ў «Falcon Club Cinema Boutique».

Паводле традыцыі апошніх гадоў ужо пасля адкрыцця 3 траўня выставы «Арт-Мінск 2024» некалькі карцін было знята з экспанавання. Вядома, што ў няміласць трапілі працы мастакоў, якія асудзілі ў 2020 годзе выкарыстанне гвалту супраць мірных пратэстоўцаў. У цэлым «Арт-Мінск» – лакмусавая паперка таго, што адбываецца ў сферы выяўленчага мастацтва. У прыватнасці, гаворка ідзе пра значнае змяншэнне колькасці ўдзельнікаў, перш за ўсё выкліканае пастаянным ростам «чорнага спісу» мастакоў: у 2024 годзе ў фестывалі ўдзельнічалі 200 аўтараў супраць «больш як 400 беларускіх і замежных мастакоў» на «Арт-Мінск 2020».

Пасля «калектыўнага звароту» праўладнай актывісткі Вольгі Бондаравай, якая ўгледзела ў творчасці папулярных выканаўцаў «велізарны дэструктыўны складнік», Мінкульт адмяніў канцэрты расійскіх выканаўцаў Mzlff (Іллі Мазелава) і Алены Швец, якія меліся адбыцца ў клубе «Re:Public» у красавіку і траўні адпаведна.

Непублічных і нягучных фактаў цэнзуры і нядопуску дзеячаў культуры і мастацтваў да сваёй аўдыторыі мы тут прыводзіць не будзем.

ЗАБАРОНА НА ДЗЕЙНАСЦЬ

У канцы траўня – пачатку чэрвеня прайшла серыя затрыманняў вядоўцаў масавых мерапрыемстваў і дырэктараў івэнт-агенцтваў, справакаваная даносамі Вольгі Бондаравай, якая назвала іх мянушкай «бчбесы», абвінаваціла ў спробе дзяржаўнага перавароту і запатрабавала ад Мінкульта правесці чысткі рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. 27 траўня стала вядома пра затрыманне заснавальніка івэнт-агенцтва «Графіміл» Сяргея Сарокіна і яго жонкі, інструктаркі танцаў; 28 траўня – дырэктара «АП Івэнт» Андрэя Паплаўскага; 30 траўня – дырэктара «Івэнт кафэ» Юрыя Капуцкага і сузаснавальніка Руслана Данілковіча; 31 траўня – вядоўцы і супрацоўніка «Мост Івэнт» Віктара Стэльмаха, а таксама вядоўцы святаў Паўла Пашкевіча; 5 чэрвеня – намесніка дырэктара «Ружовай Зебры» Алега Астраленкі.

Пасля затрыманняў і «пакаянных відэа» з прадстаўнікамі івэнт-агенцтваў пачаліся выключэнні арганізацый з рэестра Мінкульта. 5 чэрвеня ў ім было ўжо на шэсць івэнт-агенцтваў менш – пазнака «выключаны» з’явілася на месцы «Івэнт кафэ», «Ружовай Зебры», «Графіміла», «Святломузыкі бай», «АП Івэнт», «Моста Івэнт», а ў сярэдзіне чэрвеня былі выключаны яшчэ два арганізатары –  «Зойкіна кватэра» і «ФеніксАрт». Для мэтаў маніторынгу мы маркіруем гэтае парушэнне як адміністрацыйнае ўмяшанне ў працу арганізацый у форме забароны на дзейнасць: арганізацыі, якія прайшлі ўсе прапісаныя працэдуры і былі ўключаны ў рэестр на законных падставах, вылецелі з яго ў адно імгненне.

УМЯШАННЕ Ў ДЗЕЙНАСЦЬ ГРАМАДСКІХ АБЯДНАННЯЎ

На працягу аналізаванага перыяду суды пастанавілі ў прымусовым парадку ліквідаваць 19 некамерцыйных арганізацый у галіне культуры, 8 з якіх былі зарэгістраваны ў Беларусі яшчэ ў 1990-х гадах. Працэдура закранула такія сферы, як:

  • тэатр (ліквідаваны фонд «Сямейны інклюзіў-тэатр» і Беларускі цэнтр міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек (УНІМА);
  • літаратура і мова (літаратурна-мастацкі фонд «Нёман», які выпускаў часопіс «Дзеяслоў» (у канцы снежня 2023-га выйшаў апошні, 127-ы нумар), Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне выкладчыкаў нямецкай мовы);
  • гісторыя і культура памяці (Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій, гістарычнае таварыства «Трасцянец», Збор спадчыннікаў шляхты і дваранства, грамадскае аб’яднанне «Гісторыка»);
  • нацыянальныя меншасці (грузінскае культурна-асветнае таварыства «Мамулі», рэспубліканская грамадская арганізацыя беларуска-туркменскай дружбы «Достлук», аб’яднанне татараў «Зікр уль-Кітаб»);
  • архітэктура (Беларускі акадэмічны цэнтр МААМ, Беларускае грамадскае аб’яднанне архітэктараў і дзеячаў будаўнічых навук);
  • іншыя.

Важна адзначыць, што 4 сакавіка 2024 года скончыўся тэрмін прывядзення статутаў грамадскіх аб’яднанняў у адпаведнасць з новымі патрабаваннямі закона «Аб грамадскіх зменах», прынятага ў Беларусі 14 лютага 2023 года. З гэтага часу ліквідуюць пераважна тыя арганізацыі, якія не выканалі патрабаванняў. Што не адмяняе рэпрэсіўнага характару гэтага заканадаўства.

Зафіксаваны новыя факты ўмяшання ў дзейнасць аб’яднанняў фатографаў, дызайнераў, мастакоў. Адзін з асноўных відаў ціску –  маніпуляцыя выключэннем з саюзаў.

ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

Працягваюцца інстытуцыялізацыя рэпрэсій і ўзмацненне кантролю над кожным з сектараў культуры, барацьба з іншадумствам і ідэалагічная апрацоўка супрацоўнікаў і насельніцтва, антызаходняя рыторыка і манапалізацыя гістарычнай праўды, маніпуляванне тэмай «генацыду беларускага народа», вайна з нацыянальнымі героямі і сімваламі, моцны прарасійскі вектар развіцця культуры. Заахвочваецца дзейнасць працаўнікоў культуры, чыя творчасць накіравана на абслугоўванне ўлады.

Рэпрэсіўнае заканадаўства

Заканадаўства ў сферы культуры мае рэпрэсіўны характар і не адпавядае стандартам рэалізацыі свабоды творчасці, культурных правоў. Кантроль і дыскрымінацыя ўзмацняюцца з кожным новым законам і пастановай.

Манапалізацыя гістарычнай праўды і маніпуляцыя тэмай «генацыду беларускага народа»

Улады Беларусі маніпулююць грамадскай свядомасцю, выкарыстоўваючы канцэпцыю генацыду беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны, каб апраўдаць рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў 2020 года і здушыць альтэрнатыўныя погляды на гісторыю. У рамках гэтага наратыву працягваецца расследаванне крымінальнай справы паводле факту генацыду, унесены змены ў заканадаўства, якія дазваляюць судзіць памерлых (і нават ажыццёўлены першы пасмяротны прысуд), за адмаўленне генацыду прадугледжаны крымінальны пераслед. У школьную праграму ўведзены факультатыў «Генацыд беларускага народа», які праводзіць паралелі паміж калабарацыяністамі часоў вайны і пратэстоўцамі 2020 года. Патрыятычныя праекты, мемарыялы (адзіны знак «Дрэва Жыцця» ўсталююць ва ўсіх абласцях) і ваенна-гістарычныя рэканструкцыі, якія выкарыстоўвае палітычная прапаганда, – інструменты палітычнага выкарыстання гісторыі ў краіне.

Пераслед за нацыянальную сімволіку і клятва вернасці дзяржаўным сімвалам

У 2024 годзе працягваецца пераслед за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі – бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня», а таксама лозунга «Жыве Беларусь!». Пакаранні ўключаюць арышты, штрафы і грамадскія працы за такія дзеянні, як вывешванне сцяга, выкрыкванне лозунга, публікацыю фотаздымкаў і малюнкаў у сацсетках, пусканне бела-чырвоных паветраных шарыкаў, якія чыноўнікі інтэрпрэтуюць як «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.23 КаАП). Адначасова з гэтым для падтрымкі рэжыму арганізуюцца мерапрыемствы, якія дэманструюць адданасць дзяржаўным сімвалам і ўладзе Лукашэнкі: дзяржсцяг-шоу; прынясенне клятвы вернасці дзяржсімвалам; перадача Лукашэнку сцяга, які пабываў у космасе; святкаванне Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і іншыя рытуалы ўшанавання.

Расійскі вектар развіцця

Працягваецца расійска-беларуская культурная інтэграцыя, якую ўзмацняюць шматлікія сумесныя мерапрыемствы і праекты: падпісанне новых пагадненняў і мемарандумаў паміж культурнымі і адукацыйнымі ўстановамі дзвюх краін, сумесныя відэамасты школьнікаў, укараненне ў адукацыйны працэс расійска-беларускіх падручнікаў і дапаможнікаў, адкрыццё новага філіяла «Расійскага цэнтра навукі і культуры» (цяпер у Гродне), расійскія літаратурныя вечары і мастацкія выставы, спектаклі расійскіх рэжысёраў, засілле расійскіх фільмаў у кінатэатрах, усталяванне скульптур з персанажамі Расійскай імперыі, дні духоўнай культуры Расіі ў Мінску, узнагароджанне Пуціным дзяржаўнай узнагародай выкладчыка Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, сімвалічнае ўручэнне міністру культуры Беларусі чытацкага білета Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, расійска-беларускія пагадненні аб супрацоўніцтве, канферэнцыі, фестывалі, форумы і іншыя праекты з засваеннем расійскіх грантаў.

Культура, якая абслугоўвае ўладу

Рэжым выкарыстоўвае культуру як інструмент для ўмацавання сваёй легітымнасці і прапаганды, узнагароджваючы тых, хто падтрымлівае і ўсхваляе прэзідэнта і яго курс. Да 30-годдзя прэзідэнцтва ствараюцца міфы, партрэты і шоу, якія абслугоўваюць культ дыктатара і падкрэсліваюць значнасць Лукашэнкі для краіны як нібыта гаранта міру і стабільнасці, нягледзячы на рэпрэсіі і масавую эміграцыю апанентаў рэжыму. Новыя жывапісныя працы, такія, як партрэт Марыны Васілеўскай, першай касманаўткі ў гісторыі Беларусі, дэманструюць цесную сувязь мастацтва і дзяржаўнай ідэалогіі.

ВЫСНОВЫ

Прыкметы цяперашняга часу:

  • суды паводле адміністрацыйных артыкулаў за «распаўсюджванне экстрэмізму» і папаўненне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў»;
  • рост «чорных спісаў» дзеячаў культуры;
  • «пакаянныя відэа» з адвольна затрыманымі і тымі, хто «прыйшоў у міліцыю і папрасіў даць яму магчымасць папрасіць прабачэння за свае дзеянні ў 2020 годзе»;
  • даносы праўладных актывістаў, а часам і калег з культурнага цэху, пра чыю-небудзь «нядобранадзейнасць»;
  • адсутнасць інфармацыі пра абвінавачанне пасля затрымання, пра дату або месца суда, прысуд, а часам і пра факт пераследу ў прынцыпе;
  • чэргі ў КДБ на «добраахвотную» кампенсацыю данатаў 2020 года ў фонды салідарнасці;
  • калегі з цэху на «хатняй хіміі»;
  • праверка сацыяльных сетак супрацоўнікаў;
  • выхад з сацыяльных сетак пасля настойлівых рэкамендацый і «да лепшых часоў»;
  • лісты палітычным эмігрантам з прапановай вярнуцца дадому;
  • роспыты пра сувязі з дыяспарай на беларускай мяжы і стандартны набор пытанняў пра актыўнасць у 2020 годзе;
  • рэкамендацыі ад праваабаронцаў падумаць пра сваю бяспеку ў сітуацыях новых хваляў і суб’ектаў пераследу;
  • жыццё ў страху і зніжэнне магчымасцяў мабільнасці;
  • татальная самацэнзура;
  • адмены і пераносы культурных мерапрыемстваў;
  • закрыццё асобных падраздзяленняў або цэлых кафедраў устаноў адукацыі;
  • дэфіцыт кваліфікаваных кадраў;
  • іншыя парушэнні і іх наступствы.

Рэкамендацыі ад культурных арганізацый па пераадоленні крызісу.


[1] Неафіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі, адзначаецца 25 сакавіка.
[2] Прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі.
[3] Сакрэтны план мабілізацыі беларусаў з мэтай супрацьстаяць рэжыму Лукашэнкі, распрацаваны былымі супрацоўнікамі сілавых структур.
[4] Канал, у якім публікаваліся асабовыя звесткі людзей, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе, да гвалту і рэпрэсій у дачыненні да мірных грамадзян.
[5] Анлайн-платформа для альтэрнатыўнага падліку галасоў выбаршчыкаў.
[6] Пратэст з нагоды пераследу ўдзельнікаў святкавання Дня Волі.
[7] Артыкул 24.23 у новым Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, уведзеным з 1 сакавіка 2021 года.