• Заявы
  • Беларусь: адказнасць за грубыя парушэнні правоў чалавека – чатыры гады пасля выбараў

Беларусь: адказнасць за грубыя парушэнні правоў чалавека – чатыры гады пасля выбараў

Апошняе абнаўленне: 9 жніўня 2024
Беларусь: адказнасць за грубыя парушэнні правоў чалавека – чатыры гады пасля выбараў
Фота: ustinov/Shutterstock

Сумесная заява Беларускага ПЭНа і PEN International.

«На працягу апошніх чатырох гадоў улады Беларусі жорстка і бязлітасна распраўляліся з пісьменнікамі, дзеячамі культуры, актывістамі – усімі, хто адважваецца выказваць нязгоду. Пад удар трапляюць нават сваякі зняволеных паводле палітычных матываў, а беларусы за мяжой апынаюцца ва ўсё больш небяспечнай сітуацыі. Міжнародны ПЭН працягвае падтрымліваць адважны народ Беларусі ў яго барацьбе за захаванне асноўных свабод» – Ма Тыда, старшыня Камітэта Міжнароднага ПЭНа ў справах зняволеных пісьменнікаў.

Заява Міжнароднага ПЭНа і Беларускага ПЭНа з нагоды чацвёртай гадавіны непрызнаных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года і беспрэцэдэнтнага крызісу, які наступіў пасля: міжнародная супольнасць мусіць падвоіць намаганні, скіраваныя на барацьбу з грубымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Сітуацыя ў Беларусі працягвае выклікаць сур’ёзную заклапочанасць. Як паказана ў справаздачы Беларускага ПЭНа, апублікаванай у ліпені 2024 года, апошнія чатыры гады адзначыліся рэпрэсіямі ў глабальным маштабе. Прынамсі 5133 асобы былі асуджаны паводле палітычных матываў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты не менш як 36 418 чалавек. Больш за 400 беларусаў унесены ў так званыя спісы тэрарыстаў, а больш за 4100 атрымалі статус «экстрэмістаў». Катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання ў месцах пазбаўлення волі з’яўляюцца сістэматычнымі і шырока распаўсюджанымі. Некалькі зняволеных утрымліваюцца ў рэжыме працяглай ізаляцыі, у тым ліку пісьменнік і юрыст Максім Знак. Паведамляецца, што стан здароўя лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага імкліва пагаршаецца з-за адсутнасці доступу да належнай медыцынскай дапамогі. Больш за 1400 чалавек на момант гэтай заявы застаюцца зняволенымі з палітычных матываў, у тым ліку 38 Людзей Слова – пісьменнікаў, перакладчыкаў, навукоўцаў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Управа вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека (УВКПЧ) прыйшла да высновы, што некаторыя задакументаваныя ёю парушэнні могуць быць кваліфікаваны як злачынствы супраць чалавецтва. Пры гэтым стыгматызацыя і рэпрэсіі беларускай мовы і літаратуры не змяшаюцца.

З мэтаю знішчыць усе незалежныя погляды, улады Беларусі ўсё часцей ціснуць на сваякоў дысідэнтаў, у тым ліку шляхам несправядлівага затрымання, судовага пераследу і зняволення. Рэпрэсіі ўзмацніліся і па-за межамі краіны. Скасаванне прэзідэнцкім указам у верасні 2023 года аказання консульскіх паслуг у падаўжэнні або ўзнаўленні пашпартоў беларусаў за мяжой, якое прымушае іх ехаць у Беларусь і стварае для іх высокую рызыку палітычна матываванага пераследу, сур’ёзна ўплывае на свабоду перамяшчэння і доступ да асноўных паслуг. Улады Беларусі распачалі як мінімум 104 крымінальныя справы супраць беларусаў замежжа, якія ўдзельнічалі ў святкаванні Дня Волі ў сакавіку 2024 года. Беларускаму кінарэжысёру і журналісту Андрэю Гнёту пагражае прымусовая дэпартацыя з Сербіі ў Беларусь на падставе сфабрыкаваных абвінавачанняў ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

«Улада Лукашэнкі ўсёй сілай сваёй карнай машыны вядзе жорсткую вайну супраць беларускага народа, адзінае злачынства якога – нязгода з гвалтам і фальсіфікацыямі. Гэтыя жудасныя злоўжыванні распаўсюджваюцца па-за межамі Беларусі, дасягаючы тых, хто знаходзіцца за мяжой, і захопліваючы іх у пастку страху і няўпэўненасці. Ніхто не павінен быць мішэнню рэпрэсій за свае нязгодныя погляды, а тым больш пакутаваць з-за мірных дзеянняў сваякоў. Беларускія ўлады катуюць, ломяць людзей маральна і фізічна, знішчаюць іх чалавечую годнасць. Свет павінен перастаць адварочвацца ад Беларусі. Зло хутка распаўсюджваецца і не прызнае дзяржаўных межаў. Толькі разам мы можам пераадолець гэтыя выклікі», – адзначае старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.

Міжнародны ПЭН і Беларускі ПЭН вітаюць стварэнне ў красавіку 2024 года новай Групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якой даручана расследаваць парушэнні правоў чалавека, учыненыя ў Беларусі з 1 траўня 2020 года, збіраць і захоўваць доказы такіх парушэнняў і выяўляць адказных. Новы следчы орган будзе і далей аказваць падтрымку нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным намаганням у прасоўванні адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Міжнародны ПЭН і Беларускі ПЭН ізноў заклікаюць улады Беларусі спыніць рэпрэсіі супраць іншадумства і вызваліць усіх затрыманых за мірнае выказванне сваіх поглядаў. Міжнародны ПЭН і Беларускі ПЭН заклікаюць міжнародную супольнасць працягваць аказваць ціск на ўлады Беларусі з мэтай вызвалення зняволеных паводле палітычных матываў, у тым ліку дзеячаў культуры, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці за злачынствы, учыненыя ўладамі Беларусі, а таксама падтрымаць незалежныя культурныя праекты і ініцыятывы як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

Дадатковая інфармацыя

Для атрымання дадатковай інфармацыі пра дзейнасць Беларускага ПЭНа, у тым ліку маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў сферы культуры, націсніце тут. З падрабязнымі рэкамендацыямі Беларускага ПЭНа ўладам Беларусі і міжнароднай супольнасці можна азнаёміцца тут.

Далучайцеся да закліку Міжнароднага ПЭН-цэнтра не дапусціць экстрадыцыі беларускага рэжысёра і журналіста Андрэя Гнёта з Сербіі ў Беларусь. Дадатковая інфармацыя тут.

Каб запатрабаваць вызвалення сябра Беларускага ПЭНа, пісьменніка, юрыста і навукоўца Максіма Знака, які з лютага 2023 года застаецца за кратамі без кантактаў са знешнім светам, націсніце тут.

9 жніўня 2024 г.