Творчыя магчымасці жніўня

Апошняе абнаўленне: 30 ліпеня 2024
Творчыя магчымасці жніўня
Ілюстрацыя: Dash Shaw

Дзе браць грошы на свае праекты, разабраліся ў мінулым артыкуле, а сёння – падборка рэзідэнцый, стыпендый і творчых магчымасцяў.

Gaude Polonia 2025

Нацыянальны цэнтр культуры  Польшчы абвяшчае набор заявак на стыпендыяльную праграму міністра культуры і нацыянальнай спадчыны «Gaude Polonia» на 2025 год. На паўгадавыя стыпендыі могуць прэтэндаваць мастакі і творцы з Беларусі, Украіны, а таксама іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы і постсавецкай прасторы, якія працуюць у наступных сферах: кіно (у тым ліку гісторыя кіно і кінакрытыка), выяўленчае мастацтва (у тым ліку фатаграфія і мастацкая крытыка), ахова помнікаў (у тым ліку рэстаўрацыя твораў мастацтва і музеязнаўства), літаратура (у тым ліку пераклад), музыка (у тым ліку гісторыя і крытыка музыкі), тэатр (у тым ліку тэатральная крытыка) і танец.

Стыпендыя забяспечвае ўдзельнікам праграмы «Gaude Polonia» фінансаванне іх паўгадавога пражывання ў Польшчы, а таксама навуковую падтрымку ад выдатных польскіх настаўнікаў – экспертаў з розных сфер культуры і мастацтва.

У цяперашнім наборы, які будзе рэалізоўвацца ў перыяд з 1 лютага па 31 ліпеня 2025 года, памер стыпендыі складзе 4500 злотых брута ў месяц. 

Умовы ўдзелу ў конкурсе:

  • грамадзянства Беларусі, Украіны, а таксама іншых краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы і постсавецкай прасторы;
  • узрост да 40 гадоў (у выключных выпадках да 45 гадоў);
  • вышэйшая адукацыя;
  • дасягненні ў абранай кандыдатам галіне;
  • стыпендыяльны праект.

Заяўка мусіць змяшчаць не менш за дзве рэкамендацыі прызнаных у гэтай галіне творцаў. 

Дэдлайн: 15 кастрычніка.

Падаць заяўку.

Рэзідэнцыі «PerspAKTIV»

Праект «PerspAKTIV» рэалізуецца з  мэтай падтрымаць дзяячак / дзеячаў  культуры з Беларусі, паспрыяць прафесійнай рэалізацыі, абмену вопытам і стварэнню прафесійных сувязяў паміж дзеячамі / дзяячкамі культуры з Беларусі і міжнароднай мастацкай супольнасцю.

Запрашаюць падаваць заяўкі на рэзідэнцыі ад 1 да 3 месяцаў у Германіі і Польшчы ў першай палове 2025 года. Праграма пакрывае выдаткі на падарожжа, пражыванне і стыпендыю.

Да ўдзелу ў конкурсе будуць дапушчаны заяўкі, падмацаваныя якасна падрыхтаванымі:

  • СV на англійскай мове;
  • партфоліа на англійскай мове.

Валоданне на базавым узроўні англійскай мовай абавязковае, нямецкай ці польскай мовамі – пажаданае.

Дэдлайн: 19 жніўня.

Падаць заяўку.

Пісьменніцкая рэзідэнцыя Фонду Яна Міхальскага

Праграма адкрытая для ўсіх відаў пісьменства і ўсіх моў, але надае прыярытэт пісьменніцам і пісьменнікам, а таксама перакладчыцам і перакладчыкам. Рэзідэнцыі могуць быць як для асобных людзей, так і для пар удзельнікаў у выпадку праектаў, што ахопліваюць больш чым адну дысцыпліну.

Фонд Яна Міхальскага размешчаны ля падножжа швейцарскіх гор Юра ў вёсцы Манрышэ. Шэсць дамкоў-кают для рэзідэнтаў выходзяць на Жэнеўскае возера і Альпы.

Працягласць: ад двух тыдняў да трох месяцаў у 2025 годзе.

Арганізатары прапануюць:

  • пражыванне;
  • аплату праезду;
  • харчаванне;
  • штотыднёвую стыпендыю ў памеры 400 швейцарскіх франкаў.

Заяўкі ацэньваюцца на падставе трох крытэраў: літаратурнай якасці праекта, прафесійнага досведу кандыдата і таго, ці адпавядае працягласць побыту маштабу праекта. Заяўкі пачаткоўцаў ацэньваюцца паводле якасці праекта і матывацыі, якую яны здольныя перадаць у сваёй заяўцы.

Дэдлайн: 26 жніўня.

Падаць заяўку.

Стыпендыі Цэнтра навукоўцаў і пісьменнікаў Дораці і Льюіса Б. Калмэнаў

Цэнтр навукоўцаў і пісьменнікаў Дораці і Льюіса Б. Калмэнаў, што з’яўляецца часткай Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі выканальніцкіх мастацтваў, – гэта міжнародная праграма стыпендый, адкрытая для людзей, чыя праца атрымае непасрэдную карысць ад доступу да калекцый у Цэнтры Калмэнаў, у тым ліку для навукоўцаў і пісьменнікаў (проза, драматургія, паэзія). Запрашаюць падаваць заяўку і мастакоў, якія працуюць над кніжнымі праектамі.

Цэнтр прызначае 15 стыпендый у год на дзевяцімесячны тэрмін працы ў бібліятэцы з верасня 2025 года па травень 2026 года. У дадатак да працы над уласнымі праектамі стыпендыяты ўдзельнічаюць у абмене ідэямі ў Цэнтры і на публічных форумах па ўсёй бібліятэцы.

Дэдлайн: 27 верасня.

Падаць заяўку.

Перакладчыцкая майстэрня 2024

Беларускі ПЭН разам з паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам абвяшчае новы сезон Перакладчыцкай майстэрні. Запрашаем далучацца да майстэрні прыхільніц і прыхільнікаў беларускай мовы, літаратуры ды творчасці, якія цікавяцца мастацкім перакладам або хочуць паспрабаваць сябе ў гэтым творчым кірунку.

Працягласць майстэрні – два месяцы. Сустрэчы будуць адбывацца анлайн на платформе ZOOM у жніўні – верасні, раз на тыдзень чацвяргамі, а 19:00–21:00 беларускага часу, хоць асабліва цікавыя дыскусіі могуць зацягнуцца і надаўжэй. 

Удзел у майстэрні бясплатны. Колькасць месцаў абмежаваная, таму заахвочваем усіх, хто жадае далучыцца да майстэрні, пісаць шчырыя і творчыя матывацыйныя лісты.

Дэдлайн: 5 жніўня.

Падаць заяўку.

Litradio шукае аўтарак і аўтараў

Літаратурны анлайн-часопіс «Litradio» заклікае аўтарак/аўтараў дасылаць для публікацыі свежыя эсэ, апавяданні, фрагменты будучых кніг, мемуары і іншыя тэкставыя формы.

Падрабязней.