(Заканчэнне, першая частка інтэрв’ю)
Кніжкі дэбютантаў і класікаў, новыя тэхналогіі распаўсюду і вывераныя метады гандлю, унікальнасць твораў і нішавыя запыты чытачоў – пра гэта ды іншае працяг размовы з кнігавыдаўцом Андрэем Янушкевічам.
Як і любы іншы, капітал чытацкай увагі патрабуе бесперапыннай падтрымкі
Поспех твора, безумоўна, найперш залежыць ад аўтара. Калі тэкст добры, то адразу ці пазней ён знойдзе свайго чытача. А выдавецтва ў гэтым працэсе – толькі пасярэднік.
Але і тут ёсць свае нюансы. Мы не першы год на кніжным рынку, цяпер брэнд «Янушкевіч» добра распазнавальны сярод беларускай аўдыторыі. І нам прасцей акумуляваць інфармацыю, каб людзі хутчэй даведваліся пра навінкі, хіты продажаў. Безумоўна, капітал чытацкай увагі вельмі дапамагае. Але ёсць моцная ўзаемазалежнасць: гэты рэсурс хутка сыходзіць на нуль, калі выдавецтва перастае выпускаць добрыя кнігі.
Нядаўна вы арганізавалі серыю сустрэч з чытачамі ў розных гарадах Польшчы, Балтыі, Чэхіі. І толькі надрукаваная новая кніжка Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба» без асаблівай рэкламы, што называецца, з разгону была раскупленая. Пра што сведчыць гэты досвед?
Тут выпадак, калі спрацоўвае імя, рэпутацыя літаратара. Як кожная новая яго кніга становіцца падзеяй – не дзіва, што складваецца і ўсталёўваецца адпаведная рэпутацыя. Альгерд актыўна і стабільна якасна піша. Вось і апошняя ягоная навінка, прыгодніцкі раман, класна чытаецца, якраз пад лета. Лёгкая, але з глыбокім сэнсам проза шмат каго можа зацікавіць.
Іншая рэч – дэбютанты ці нераскручаныя аўтары. Тут поспех перадусім у якасці ім напісанага, а намі выдадзенага.
Збоку падаецца, што для навічкоў моцнай падтрымкай была б добра пралічаная рэклама?
Я не згодны з меркаваннем, што варта ўкласці грошы ў правільную, прафесійную рэкламу – і любы наклад любой кнігі пойдзе ў народ.
Не, кніга – тавар, на які дзейнічаюць законы агульнага маркетынгу. Пры гэтым размова пра вельмі спецыфічны тавар! Бо ў кожнай літаратурнай навінкі свой змест, тэма, жанр… З-за чаго яна становіцца штучнай, нават індывідуальнай. Адсюль невысокая імавернасць пралічыць дакладна яе шанцы на поспех ці няўдачу. Гэта – неймаверна складаны і загадкавы працэс.
Беларускае кніжнае поле паступова пачынае засявацца
Згадваю тут, як некалькі разоў вы даводзілі пакупнікам вартасць кніжак Рэмарка, Хемінгуэя – настойвалі: вазьміце, бо яны, сярод іншага, адпавядаюць нашаму часу, праз іх учорашнюю оптыку можна шмат чаго разглядзець у дні сённяшнім… У тых словах мне адчуваўся не выдавец нават, а гісторык паводле адукацыі і палітычна эмпатычны чалавек. Рызыка пачаць сваё выдавецтва ў Польшчы такімі спецыфічнымі творамі спраўдзілася?
«Чорны абеліск», «І ўзыходзіць сонца»…
Літаратура «страчанага пакалення» на старце працы ў Польшчы выстраліла: я быў вельмі задаволены продажамі. Кішэнны фармат, невысокі кошт…
Але год-паўтара таму беларускае кніжнае поле было амаль незасеяным – абставіны актыўна паспрыялі выдавецкаму крызісу. Нешта з’яўлялася, але даволі спарадычна. Сітуацыя паступова пачала мяняцца з 2023-га. Кожная новая кніга станавіліся падзеяй. А цяпер зусім іншае: сітуацыя выправілася – запрацавалі розныя выдавецтвы за мяжой. У чытача з’явіўся які-ніякі выбар.
Гэта можна было назіраць пры канцы траўня на варшаўскай выставе. Беларускім выдавецтвам вылучылі выдатны стэнд у зручным месцы, кожнае выдавецтва магло раскласці свой «гандэлак» як хто хацеў… Але гаварыць пра нейкі чытацкі ажыятаж, як было год назад, зусім не давялося. То-бок – звычайная падзея.
Папулярнасць – гэта перадусім кнігі-брэнды. Але нават з імі процьма праблем
Літаратурна-выдавецкі працэс мусіць актыўна заглыбляцца?
Не заўтра – вось цяпер ужо нельга проста сядзець на пярыне мінулага досведу. Хто гэтага не бачыць, а проста жыве ў інерцыі палону першай хвалі нованароджанай чытацкай цікаўнасці пасля 2020-га года, пачынае тануць альбо гойдацца на месцы. Варта разумець: новы час – новыя выклікі.
Пры ўсіх нашых амбіцыях і жаданні, выпускаць новыя кнігі толькі праз прыбытак ад уласных продажаў – тое ілюзія. Эканоміка дыктуе сваё: калі абарот вельмі павольны, то пракляцце, якое пераследавала нас яшчэ ў Беларусі, працягвае дзейнічаць – з-за лімітаванага рэсурсу ты пастаянна мусіш націскаць на тармазы. Зацугліваць свой творчы азарт. Напрыклад, абяцаў Ганне Янкуце выдаць новага «Ката Шпрота» яшчэ ў лютым, а не атрымліваецца, хоць і аўтарка, і маленькія чытачы даўно чакаюць абяцанага працягу… Запускаем у друк толькі цяпер (гутарка адбылася ў чэрвені 2024 года – А. Р.).
Папулярнасць – гэта перадусім кнігі-брэнды. Але і тут праблемы.
Якія вам бачыцца ключавымі?
Няма сродкаў на рэкламу. Бракуе сістэмнай працы з масмедыя. Ніводнага СМІ са стабільнай кніжнай калонкай…
А ў Нямеччыне і Польшчы тое – справа гонару, пазітыўнага іміджу. Культурныя аглядальнікі з іх кніжнымі рэцэнзіямі сталіся за мяжой часткай медыйнага і выдавецкага бізнесаў. Без гэтага ўніверсальнаму выданню ў еўрапейскай краіне проста немагчыма. А мы яшчэ не тое што не дараслі да разумення ўсяго пералічанага – гэта не прыносіць патрэбных дывідэндаў.
І не выпадкова таму рэйтынг сёлетніх продажаў ачольваюць кнігі класічныя, з добра вядомымі творамі.
На першых пазіцыях – сусветныя бестселеры: Анджэй Сапкоўскі з яго «Ведзьмаром» і «Валадар Пярсцёнка» Джона Толкіна. А вось на трэцюю прыступку ўварвалася кніга пра гісторыю бел-чырвона-белага сцяга. І тут таксама няма чаму дзівіцца – тое прамы адказ на запыт грамадства.
Нашыя чытачы – не толькі ў Польшчы, яны па ўсёй Еўропе, бо маем сучасныя тэхналогіі дастаўкі кніг
А які выбар вы прапаноўваеце людзям сёння? Ёсць да чаго прыцэньвацца ці як у колішніх савецкіх магазінах – пустата?
Мы выдаём прыкладна дваццаць кніг за год. Хаця ідэй у партфелі – на пяцьдзясят. Але проста не хапае рэсурсаў. Больш за тое, каб нармальна пачувацца, магчыма, пойдзем на зніжэнне…
На якую прыкладна планку арыентуецеся пры вызначэнні накладу?
У сярэднім тысяча асобнікаў. Гэта найбольш выгадна з гледзішча сабекошту экзэмпляра.
Вы цяпер друкуецеся ў Польшчы. Што тое дае?
Гэта высокая якасць, вялікі выбар паміж друкарнямі, бо тут даволі моцная канкурэнцыя, разнастайнасць паліграфічных матэрыялаў і самае важнае – цэны.
Сістэма тутэйшага распаўсюду вас задавальняе?
Цалкам! Нескладана адкрыць уласную інтэрнэт-краму – падключайся да маркетплэйсаў накшталт «Алегра»! Што мы на пачатку і зрабілі.
Гэта сэрвіс для еўрапейцаў. А як задавальняюцца заяўкі з Амерыкі, Аўстраліі?
Туды прадаём праз уласны сайт. Але гэта менш зручна: у Штаты, дарэчы, як і ў Беларусь, бандэроль ідзе паўтара-два месяцы. Ну і паштовая дастаўка страшна дарагая.
Вы сёлета здолелі запусціць стацыянарную кнігарню ў Варшаве, якая ўмомант стала цэнтрам беларускай кнігі за мяжой РБ. Ганарыцеся?
Так. Бо «Кнігаўка» найперш патрэбная чытачам – гэта яшчэ адзін наш адказ на грамадскі запыт.
Кнігарню мы адкрылі ў дзень свайго дзесяцігоддзя: у Варшаве, на вуліцы Клапатоўскага (Kłopotowskiego, 4).
Там толькі вашая прадукцыя?
Не, прадаём навінкі літаральна ўсіх беларускіх выдавецтваў, якія працуюць у эміграцыі. Запрашаем: можаце набыць у нас любую кнігу на роднай мове, якая выходзіла апошнім часам. Пастаянна бачу новых людзей – гэта добры знак распазнавальнасці кнігарні.
Калі чалавек заўтра прыйдзе да вас, то колькі кніг пабачыць на паліцах?
Знойдзе 150-200 пазіцый.
Прыйшоў, прыцаніўся, купіў: які ваш сярэдні чэк?
Звычайна пакупнік бярэ на 100-120 злотых. То-бок два-тры томікі мінімум.
Можаце назваць абарот «Кнігаўкі»?
Не таямніца: у сярэднім цяпер абарот складае каля 25-30 тысяч злотых на месяц.
Вы адзначалі неабходнасць ведаць аўдыторыю – дык хто вашыя пакупнікі? Адкуль яны?
Як браць інтэрнэт-продаж, дык, апроч заказаў з Варшавы, найбольш актыўныя гарады – Уроцлаў, Гданьск, Кракаў і Беласток. Калі пра краіны гаварыць, дык, безумоўна, гэта Германія і Літва.
Такая геаграфія штурхае да новых тэхналогій продажу?
Маем уласную інтэрнэт-кнігарню. Гандлюем праз маркетплэйсы, выкарыстоўваем магчымасці сталых партнёраў – шукайце нашую прадукцыю на сайце выдавецтва «Gutenberg», у віленскай краме «Гартайка».
Не варта азірацца на 1913 год – узялі «Amazon» і глядзім наперад
Ганаруся яшчэ адным сёлетнім нашым крокам: у красавіку пачалі продажы на «Амазон». Гэта вельмі складаная справа, бо там разлік на буйны бізнес. Тут і камісіі, і абанемент, і яшчэ куча ўсяго рознага, каб скарыстацца самымі важнымі амазонаўскімі інструментамі… Літаральна мільён тонкасцяў і нюансаў, без перабольшання!
Спынюся для пацвярджэння на адным толькі моманце: як мы навічкі, то процьму часу патрацілі на перамовах толькі пры ўдакладненні нашага IBSN – а хто вы, уласна, такія? Што за мова ў вас?
У выніку іхная тэхпадтрымка і мы змучылі адно аднаго, але знайшлі паразуменне. Цяпер «Янушкевіч» для «Амазона» – правераны, надзейны кліент. Нават халадзільнік падарылі!
Якія плюсы новай супрацы?
Празрыстая сістэма заказаў, хуткая дастаўка тавару пакупніку ў якаснай упакоўцы…
Далей: калі «Алегра» дазваляе табе займацца дастаўкай самому, бо дае платформу для продажу, то ў «Амазона» таксама ёсць падобная опцыя, але яна неэфектыўная. Больш перспектыўна карыстацца іхнымі складамі ў розных краінах. Адправілі туды ўжо некалькі палет нашых кніжак – гэта паўтары тоны прадукцыі!
Высілкаў шмат, але яны вартыя, бо пра «Амазон» на Захадзе ведаюць усе. Цяпер нашыя крамы працуюць у дзевяці еўрапейскіх краінах, а таксама ў ЗША, Канадзе і Мексіцы. Калі нехта з Парыжу, Малагі, Палерма ці Лондана хоча заказаць кнігу, яе аператыўна даставяць туды з найбліжэйшага да іх – нямецкага – нашага склада. Сёння заказаў – паслязаўтра атрымаў!
Вось такая зручнасць. А яшчэ – таннасць: усяго некалькі еўра за транспартаванне. У перспектыве яно ўвогуле мае стаць бясплатным. Выгадна з усіх бакоў! Невыпадкова таму ў Германіі і далей (у Францыі, Іспаніі) продажы растуць, што называецца, на вачах. А вось шведы з палякамі не вельмі прыхільныя да «Амазона».
Як будзеце рэагаваць на сітуацыю?
Гэтае пытанне – не столькі нават пра планы, колькі пра стратэгію «Янушкевіча». Адкажу так: пры ўсіх вялікіх і малых праблемах нашая аўдыторыя пашыраецца. Людзей, якія чытаюць па-беларуску, становіцца больш. Гэта радуе і абавязвае – і мы імкнёмся згодна з новымі вымогамі рэагаваць на запыты часу і чытачоў.
Самым важным бачым для сябе павелічэнне выдадзенага каталога.
Без новых кніг немагчыма рухацца далей, у бок фармавання нармальнага рынку. Але паўтару зноў: на жаль, пакуль зарана казаць пра дастатковую колькасць беларускіх кніжак. Можам ганарыцца сабой і хваліцца сённяшнім станам хіба толькі ў параўнанні з 1913 годам…
Але тое самападман.
Нас ён не спакушае.
Працуем далей – глядзім наперад.
Гутарыў Антон Рокша