Творчыя магчымасці для літаратарак і літаратараў

Апошняе абнаўленне: 5 ліпеня 2024
Творчыя магчымасці для літаратарак і літаратараў

Падрыхтавалі для вас падборку рэзідэнцый, стыпендый і праграм, звязаных з літаратурай. Выбірайце, што вам цікава, і падавайце заяўкі!

1. Narva Art Residency NART

Рэзідэнцыя ў Эстоніі для пісьменніц і пісьменнікаў, ілюстратарак і ілюстратараў дзіцячых кніг.

Мастацкая рэзідэнцыя ў Нарве NART і Эстонскі цэнтр дзіцячай літаратуры абвяшчаюць конкурс на дзве рэзідэнцыі для творцаў дзіцячай літаратуры, адну для пісьменніцы ці пісьменніка і адну для ілюстратара ці ілюстратаркі. 

Рэзідэнцыя прадугледжвае стыпендыю 1500 еўра і магчымасць жыць у NART у снежні 2024 года. Да ўдзелу запрашаюцца як эстонскія, так і замежныя творцы, якія працуюць індывідуальна або ў складзе творчай каманды. Творцы з-за мяжы могуць атрымаць кампенсацыю выдаткаў на праезд да 350 еўра.

Дэдлайн: 12 ліпеня.

Падаць заяўку тут.

2. Safe Residencies

Адкрыты конкурс для дзяячак і дзеячаў мастацтва, якія маюць патрэбу ў бяспечнай рэзідэнцыі для развіцця, у Осла і Гвітстэне, Нарвегія.

Арганізатары прапануюць рэзідэнцыі ў Нарвегіі для творцаў усіх мастацкіх дысцыплін, якія зазнаюць цэнзуру, жывуць пад пагрозай або з розных прычын не могуць свабодна працаваць у месцы свайго пражывання. Гэта шасцімесячныя рэзідэнцыі з акцэнтам на мастацкае развіццё і супрацу.

Праграма пакрывае ўсе выдаткі, у тым ліку праезд, страхоўку, пражыванне і выдаткі на жыццё, таксама абяцаюць дапамогу ў працэсе падачы заяўкі на візу.

Дэдлайн: 14 ліпеня.

Падаць заяўку тут.

3. RUPERT residency programme

Рэзідэнцыі ў Літве.

Арганізатары запрашаюць мастакоў, пісьменнікаў, куратараў, даследчыкаў, навукоўцаў, культурных менеджараў і іншых мысляроў далучыцца да рэзідэнцыі ў Вільні, каб жыць і працаваць ад 1 да 3 месяцаў у перыяд са студзеня па снежань 2025 года.

Кожнаму рэзідэнту даецца студыйная прастора з антрэсоллю (прыкладна 52 м²), якая выкарыстоўваецца як месца для творчасці, даследаванняў і пражывання падчас рэзідэнцыі. Студыя поўнасцю мэбляваная і абсталяваная Wi-Fi.

Важна: кандыдаты нясуць адказнасць за асабістыя (штодзённыя і дарожныя) выдаткі, але арганізатары падтрымаюць заяўкі на атрыманне знешніх грантаў для пакрыцця дадатковых выдаткаў.

Дэдлайн: 14 ліпеня.

Падаць заяўку тут.

4. Prague UNESCO City of Literature

Творчая двухмесячная рэзідэнцыя для замежных аўтарак і аўтараў, перакладчыц і перакладчыкаў.

Праект «Прага – горад літаратуры» прапануе літаратаркам і літаратарам магчымасць жыць і працаваць у прыгожым асяроддзі Старога горада Прагі, дзе гістарычная архітэктура спалучаецца з жывым рытмам сучаснага горада. 

Гэты конкурс прапануе восем двухмесячных рэзідэнцый на 2025 год. Абавязковая ўмова – базавае веданне англійскай мовы і як мінімум адна ўжо апублікаваная літаратурная праца, або дзве ўжо трансляваныя ці апублікаваныя радыёп’есы, або адна ўжо рэалізаваная ці апублікаваная тэатральная п’еса, або як мінімум адна перакладзеная праца чэшскага аўтара.

Рэзідэнту аплачваюцца пражыванне, праезд і штомесячная стыпендыя 15 000 чэшскіх крон (прыблізна 600 еўра).

Дэдлайн: 20 жніўня.

Падаць заяўку тут.

5. Трохмесячныя стыпендыі ў праекце «Адаптацыя і радыкалізацыя» ў Берліне

Цэнтр літаратурных і культурных даследаванняў імя Лейбніца (Берлін, Германія) абвяшчае конкурс на трохмесячную стыпендыю. Гэтая стыпендыя ў першую чаргу заахвочвае даследчыц і даследчыкаў з Усходняй Еўропы, якія пачынаюць ці працягваюць сваю кар’еру ў гэтай галіне, падаваць заяўкі і працаваць у праекце «Адаптацыя і радыкалізацыя. Дынаміка ў папулярнай культуры (папулярных культурах) даваеннай Усходняй Еўропы». 

Чакаецца, што стыпендыя будзе доўжыцца тры месяцы запар у перыяд з кастрычніка 2024 года па снежань 2025 года. Памер стыпендыі складае 2000 еўра ў месяц.

Патрабаванні і задачы:

  • завершаная ўніверсітэцкая адукацыя ў галіне літаратуры, культуралогіі, гісторыі або сумежнай дысцыпліны;
  • даследчы праект у галіне вывучэння папулярнай культуры з выразнай тэматычнай сувяззю з праектам;
  • гатовасць удзельнічаць у дзейнасці праектнай групы.

Дэдлайн: 31 жніўня.

Падаць заяўку тут.

6. Баптысцкі ўніверсітэт Ганконга: Міжнародная пісьменніцкая майстэрня ў 2025 годзе

Заснаваная ў 2004 годзе, Міжнародная пісьменніцкая майстэрня  пры Баптысцкім універсітэце Ганконга прыняла больш за 140 пісьменнікаў з больш як 55 краін. Цяпер яны запрашаюць зацікаўленых пісьменніц і пісьменнікаў падаваць заяўкі на ўдзел у праграме літаратарскіх рэзідэнцый 2025 года, якая пройдзе з 17 лютага па 16 сакавіка 2025 года. Праграма завершыцца Літаратурным фестывалем «Скрыжаванні». Заяўнікам і заяўніцам рэкамендуецца, але не патрабуецца, апісаць, як іх праца звязана з гэтай тэмай.

Патрабаванні да ўдзельніц і ўдзельнікаў:

  • Мець як мінімум адну апублікаваную кнігу;
  • Цяпер пражываць за межамі Ганконга;
  • Валодаць функцыянальным узроўнем англійскай або кітайскай мовы (мандарынскай ці кантонскай).

Арганізатары забяспечваюць квіткі на самалёт эканом-класа ў абодва бакі, 4 тыдні пражывання на тэрыторыі ўніверсітэта і штодзённую стыпендыю.

Дэдлайн: 31 жніўня.

Падаць заяўку тут.