На 30 красавіка 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 156.
Паэтка і журналістка Аксана Ючкавіч асуджана на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»).
Пачаўся разгляд крымінальнай справы літаратаркі, перакладчыцы з кітайскай на беларускую Дар’і Хмяльніцкай.
Пачаўся разгляд крымінальнай справы дыджэя з Кобрына Арцёма Макавея.
За вершы, выкладзеныя ў сацыяльныя сеткі, затрыманы спецыяліст па штучным інтэлекце Канстанцін Вярчак.
Ніна Багінская аштрафавана на 2400 рублёў (733 долары) за бел-чырвона-белы сцяжок у кватэры.
У Гродне з муроў Новага замка знікла мемарыяльная дошка, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку і паўстанню 1794 года.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 22 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы Дар’і Хмяльніцкай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх), ч. 2 арт. 361-3 (вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка або выкарыстанне беларусаў для ўдзелу на тэрыторыі іншай дзяржавы ў вайне, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці). Дар’я Хмяльніцкая – літаратарка, перакладчыца з кітайскай на беларускую мову, аўтарка блога «Кніжны Цмок» (апошняя публікацыя – 13 траўня 2023 года). Скончыла філфак БДУ па спецыяльнасці «ўсходняя філалогія», працавала настаўніцай беларускамоўнай гімназіі № 23 у Мінску. У 2023 годзе заняла другое месца конкурсу «Зярцала слоў» у катэгорыі «мастацкі пераклад кітайскай прозы на беларускую мову». Была затрымана ў 2023 годзе.
2. 26 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска вынесены прысуд паводле крымінальнай справы паэткі, арганізатаркі культурніцкіх імпрэз, журналісткі Аксаны Ючкавіч: 3 гады абмежавання волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»). Аксана Ючкавіч – аўтарка зборніка дзіцячых вершаў «Святы Мікалай, да нас завітай!», адна са стваральніц дзіцячай хрысціянскай відэаперадачы «Анёлкі з вясёлкі». Займалася навуковымі даследаваннямі ў галіне беларускай філалогіі, выкладала на курсах польскай мовы. Была затрымана 23 студзеня 2023 года ў Мінску. 3 лютага стала вядома, што яе змясцілі ў следчую турму № 8 у Жодзіне. Аксане Ючкавіч выставілі ў віну арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх).
3. 29 красавіка ў Брэсцкім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы дыджэя з Кобрына Арцёма Макавея паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць на карысць Украіны).
ІІ. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры
20 красавіка стала вядома, што ў Мінску за вершы, выкладзеныя ў сацыяльныя сеткі, затрыманы спецыяліст па штучным інтэлекце Канстанцін Вярчак. У сваіх вершах ён выказваў пачуцці, выкліканыя сацыяльна-палітычным становішчам у краіне.
III. Рэпрэсіі за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
26 красавіка стала вядома, што грамадская актывістка Ніна Багінская аштрафавана рашэннем суда Савецкага раёна Мінска на 2400 рублёў (733 долараў) за бел-чырвона-белы сцяжок, які падчас ператрусу напярэдадні 25 сакавіка (Дня Волі) супрацоўнікі міліцыі знайшлі на тумбачцы ў яе кватэры.
IV. Умовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных
Шэраг палітзняволеных літаратараў трымаюць у поўнай ізаляцыі без сувязі са знешнім светам. У рэжыме інкамунікада застаецца ў тым ліку і праваабаронца, літаратар, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
V. Звальненні з устаноў культуры
З кінастудыі «Беларусьфільм» звольнілі рэжысёра-аніматара Аляксандра Ленкіна – аўтара мульфільмаў «Прыгоды рэактыўнага парася», «Рыбка на імя Нельга», «Дзед», «Птаха», «Тошка і яго сябры».
VІ. Знішчэнне памятных мясцін
24 красавіка стала вядома, што ў Гродне з муроў Новага замка знікла мемарыяльная дошка, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку і паўстанню 1794 года. Мемарыяльная дошка была ўсталявана ў 1994 годзе.
VII. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
15 красавіка суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» дзве кнігі пісьменніка Віктара Суворава. У спіс унесены кнігі «День “М”. Когда началась Вторая мировая война?» і «Ледокол. Кто начал Вторую мировую войну?». У студзені 2024 года суд прызнаў «экстрэмісцкай» кнігу пісьменніка «Беру свои слова обратно».