• Заявы
  • Заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка

Апошняе абнаўленне: 22 лютага 2024
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

21 лютага 2024 года

lednik_ihar.jpeg
Ігар Леднік

Як стала вядома 20 лютага 2024 года, у Мінскай раённай лякарні памёр 63-гадовы палітвязень Ігар Леднік. Ён быў дастаўлены туды з бабруйскай калоніі, дзе адбываў пакаранне. Медыкі спрабавалі яго рэанімаваць, але беспаспяхова. Ігар Леднік меў 2-ю групу інваліднасці праз хваробу сэрца, а таксама іншыя хранічныя захворванні. У зняволенні стан яго здароўя істотна пагоршыўся, яму была зробленая аперацыя на страўнікава-кішачным тракце.

Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), грамадскі актывіст Ігар Леднік быў затрыманы 18 красавіка 2022 года. 18 ліпеня 2022 года суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю Facebook-старонкі Ігара Ледніка “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Згодна з матэрыяламі справы, Леднік прадаставіў для публікацыі ў адзін з часопісаў артыкул з загалоўкам “Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі — гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ”. У ім нібыта ўтрымліваліся “загадзя хлуслівыя звесткі, якія ганьбяць і зневажаюць гонар і годнасць Лукашэнкі, злучаныя з абвінавачваннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва”.

Нягледзячы на сур’ёзнае захворванне Ігара Ледніка і наяўнасць у частцы 2 артыкула 367 Крымінальнага кодэкса Беларусі альтэрнатыўнага віду пакарання ў выглядзе абмежавання волі, 2 верасня 2022 года суддзя Ленінскага раёна Мінска Таццяна Шоцік асудзіла яго да трох гадоў калоніі (ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса). Напрыканцы лістапада 2022 года была разгледжаная апеляцыйная скарга Ігара: прысуд пакінулі без зменаў. Палітвязня перавялі з жодзінскай следчай турмы №8 у магілёўскую калонію №15, а затым у бабруйскую калонію №2.

25 траўня 2022 года Ігар Леднік прызнаны беларускімі праваабарончымі арганізацыямі палітычным зняволеным.

На гэты момант афіцыйная прычына смерці Ігара Ледніка ды іншыя абставіны з пэўнасцю не вядомыя. Пенітэнцыярная сістэма ў чарговы раз паказала сваю суцэльную непразрыстасць і закрытасць ад грамадства, нават у пытаннях жыцця і смерці. Кожны дзень тысячы зняволеных у беларускіх турмах пакутуюць праз парушэнні права на жыццё і права на ахову здароўя, гарантаваных як міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі, так і Канстытуцыяй. Праваабаронцы пастаянна паведамляюць аб адсутнасці ў папраўчых установах належнага медычнага агляду, адпаведных умоў і абсталявання, кваліфікаванага медычнага персаналу, а таксама аб рэгулярным не аказанні медычнай дапамогі. Акрамя таго, утрыманне некаторых палітвязняў ва ўмовах incommunicado (без сувязі з роднымі і адвакатамі) ставіць пад сумнеў здавальняючы стан іх здароўя і з’яўляецца недапушчальнай практыкай, што парушае правы чалавека.

Смерць Ігара Ледніка — пятая за апошні час смерць палітвязня ў беларускіх папраўчых установах. Так:

  • у траўні 2021 года ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове Магілёўскай вобласці памёр палітвязень Вітольд Ашурак;
  • у траўні 2023 года ў калоніі “Віцьба” памёр палітвязень Мікалай Клімовіч;
  • у ліпені 2023 года ў лякарні хуткай медычнай дапамогі Гродна памёр мастак Алесь Пушкін. У лякарню яго прывезлі з турмы № 1 Гродна;
  • у студзені 2024 года ў папраўчай калоніі “Віцьба” памёр палітвязень Вадзім Храсько.

У сувязі з чарговай смерцю палітычнага зняволенага ў Беларусі мы нагадваем беларускім уладам аб міжнародных абавязальніцтвах у галіне правоў чалавека. Так, артыкулам 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што “права на жыццё з’яўляецца неад’емным правам кожнага чалавека”. У сваёй заўвазе агульнага парадку № 36 (артыкул 6: права на жыццё) Камітэт па правах чалавека адзначыў, што “права на жыццё мае вырашальнае значэнне як для асобных людзей, так і для грамадства ў цэлым. Гэта права, якое не падлягае вузкаму тлумачэнню, уключае ў сябе права не падвяргацца дзеянням або бяздзейнасці, што маюць сваёй мэтай або чакана могуць выклікаць ненатуральную або заўчасную смерць. Артыкул 6 Пакта гарантуе гэта права ўсім людзям, без аніякага адрознення, уключна з асобамі, якія падазраюцца або асуджаных у сувязі з нават самымі цяжкімі злачынствамі. Права на жыццё не можа быць рэалізаванае належным чынам пры ігнараванні права зняволеных на здароўе”.

Важна падкрэсліць, што адбыванне пакарання ва ўмовах ізаляцыі не павінна пазбаўляць зняволеных доступу да спецыялізаванай медычнай дапамогі. У сувязі з гэтым нагадваем пра ўказанне Камітэта па правах чалавека ў заўвазе № 36, “дзяржавы-ўдзельніцы нясуць павышанае абавязальніцтва клапаціцца аб прыняцці любых неабходных мер для абароны жыцця асоб, пазбаўленых волі дзяржавай, паколькі, падвяргаючы асоб арышту, затрымання, зняволення ці іншым чынам пазбаўляючы іх волі, дзяржавы-ўдзельніцы бяруць на сябе адказнасць за клопат аб іх жыцці і фізічнай недатыкальнасці, пры гэтым для памяншэння такой адказнасці яны не могуць спасылацца на адсутнасць фінансавых рэсурсаў або іншыя матэрыяльна-тэхнічныя праблемы. Абавязак па абароне жыцця ўсіх затрыманых асоб уключае ў сябе аказанне ім неабходнай медычнай дапамогі і адпаведны рэгулярны кантроль за іх здароўем”.

Мы ў чарговы раз вымушаныя канстатаваць, што Рэспубліка Беларусь не выконвае свае абавязальніцтвы ў сферы права на жыццё і ў гэтай частцы. Права на жыццё ў належнай ступені не ахоўваецца законам і не забяспечваецца на практыцы, што рэгулярна прыводзіць да трагедый.

Сітуацыя пагаршаецца практыкай адвольнага зняволення: акрамя агульнага ігнаравання меркаванняў неабходнасці і суразмернасці пры вынясенні прысудаў, суддзі часцяком не прымаюць пад увагу стан здароўя абвінавачаных, прызначаюць сур’ёзныя санкцыі, звязаныя з пазбаўленнем волі, за “злачынствы”, якія па сутнасці ўяўляюць сабой рэалізацыю правоў чалавека. У выніку ў беларускіх турмах аказваюцца людзі з уразлівых сацыяльных груп, для якіх зняволенне — яшчэ большае выпрабаванне, чым для іншых. Па стане на пачатак 2024 года, сярод палітвязняў было не менш за 48 пенсіянераў (у 2 разы больш, чым у 2022 годзе!), а таксама не менш за 42 чалавекі з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі.

Мы хочам падкрэсліць, што часцяком не аказанне медычнай дапамогі выкарыстоўваецца ўладамі як форма ціску на палітычных зняволеных, што з’яўляецца недапушчальным і можа разглядацца, як катаванні ці іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага альбо зневажальнага годнасць абыходжання і пакарання.

Больш за тое, цалкам відавочна, што ўжо пятая смерць палітвязня ў месцах пазбаўлення волі за такі кароткі час праз не аказанне належнай медычнай дапамогі з’яўляецца следствамсістэмнай дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжання з людзьмі, заснаванага на палітычных матывах.

На падставе выкладзенага, яшчэ раз падкрэсліваючы важнасць забеспячэння права чалавека на жыццё і здароўе, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем ад беларускіх уладаў:

  • ад Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь — распачаць крымінальную справу па факце смерці Ігара Ледніка, правесці аб’ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для ўстанаўлення прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадскасць аб яго выніках;
  • праінфармаваць грамадскасць аб выніках расследавання смерцяў іншых палітычных зняволеных у беларускіх турмах — Вітольда Ашурка, Мікалая Клімовіча, Алеся Пушкіна і Вадзіма Храсько;
  • зладзіць праверку па ўсіх выпадках парушэння права на ахову здароўя ў месцах пазбаўлення волі і прыняць адпаведныя меры па прыцягненню вінаватых да адказнасці для недапушчэння падобных трагічных наступстваў у будучыні;
  • забяспечыць належную медычную дапамогу ў месцах пазбаўлення волі, уключна з наяўнасцю кваліфікаванага медычнага персаналу і адпаведнага абсталявання;
  • ад супрацоўнікаў пенітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, якія ажыццяўляюць прымусовую ізаляцыю (ІЧУ, ЦІП, СІЗА ды інш.), ды іх кіраўніцтва выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных абавязальніцтваў па забеспячэнні аховы жыцця і здароўя асоб, пазбаўленых волі і якія знаходзяцца ў ізаляцыі, аператыўна рэагаваць на скаргі зняволеных, звязаных са здароўем, прымаць тэрміновыя меры па іх разгляду.

Мы таксама заклікаем беларускіх суддзяў у час прызначэння пакарання ўлічваць стан здароўя абвінавачаных і не прызначаць ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, калі таго патрабуюць абставіны.

Названыя патрабаванні не адмяняюць заявы беларускай праваабарончай супольнасці аб недапушчальнасці пераследу грамадзян за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, неадкладнага вызвалення і перагляду крымінальных спраў усіх палітвязняў у Беларусі.

Мы заклікаем дэмакратычныя сілы Беларусі ў зносінах з замежнымі партнёрамі надаваць асаблівую ўвагу неадкладнаму вырашэнню пытання з доступам палітычных зняволеных да належнай медыцынскай дапамогі ў месцах несвабоды, а таксама вырашэнню іншых пытанняў гуманітарнага характару, звязаных з утрыманнем палітычных зняволеных у нечалавечых умовах.

Мы таксама заклікаем міжнародныя арганізацыі і ўрады дзяржаў прымаць усе магчымыя меры, накіраваныя на вырашэнне пытання забеспячэння беларускімі ўладамі адэкватнага медыцынскага абслугоўвання ў месцах пазбаўлення волі, а таксама шукаць усе магчымыя спосабы і шляхі па вызваленні па гуманітарных прычынах палітычных зняволеных з цяжкім станам здароўя для недапушчэння падобных незваротных трагедый у далейшым.

Беларуская праваабарончая супольнасць выказвае глыбокія спачуванні сям’і, родным і блізкім Ігара Ледніка ў сувязі з яго смерцю.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Respect-Protect-Fulfill

Офіс па правах людзей з інваліднасцю

Прававая ініцыятыва

Lawtrend

Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Беларускі ПЭН

Human Constanta

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Фонд медычнай салідарнасці Беларусі (BYMEDSOL)

Лекары за праўду і справядлівасць