З 2023 года ў Германіі пачало працаваць новае выдавецтва «Hochroth Minsk» пад кіраўніцтвам паэта, выдаўцы і сябра Беларускага ПЭНа Дзмітрыя Строцава. Гэта філія вялікай нямецкай фірмы, што мае самастойныя прадстаўніцтвы ў Празе, Парыжы, Вене.
Як Строцаў апынуўся ў нямецкай сталіцы? Шлях збольшага традыцыйны для тых, хто сэрцам прыняў беларускую рэвалюцыю.
Андрэй Хадановіч пісаў:
«Вершы Строцава – бадай што найадэкватнейшы водгук на беларускія ўзрушэнні лета і восені 2020, і гэта ў роўнай ступені датычыць як грамадзянскай пазіцыі, так і спосабаў яе паэтычнага выражэння. Ад светлай наіўнай расчуленасці тым, як найслабейшыя “мірныя людзі” робяцца пераможцамі, – да горкага сарказму, якім задыхаецца наш бяссільны гнеў, сутыкаючыся з лютасцю і цынізмам нечалавечай сістэмы».
Вось толькі два жнівеньскія вершы, перакладзеныя неўзабаве Хадановічам:
У Менску кроў
раварыст-эпілептык
уварваўся
у аўтазак
адтуль яго асцярожна
вынеслі на руках
салдаты ўнутраных войскаў
і перадалі
падаспелым
дактарам хуткай дапамогі
+ памяці Аляксандра Тарайкоўскага
не майдан
без шчытоў і касак
без страху
жывыя мішэні
у ціры
Лу
Адкрытая паэтычная трыбуннасць Дзмітрыя не магла застацца незаўважанай: 21 кастрычніка яго кінулі ў следчы ізалятар на Акрэсціна. Вырак – 13 сутак за пратэставую актыўнасць.
Пасля адседкі Строцаву не заставалася нічога іншага, як з’ехаць за мяжу. І неўзабаве ён апынуўся ў Берліне.
Па словах Дзмітрыя, працу ён пачынаў з самага нуля, былі толькі ідэі і ўласнае жаданне. Але справе паспрыяла шмат фактараў. Сам паэт называе іх цудамі.
Першы – выпадковая сустрэча з Верай Курленінай, дырэктаркай галаўнога офіса выдавецтва «Hochroth». Строцаў наважыўся прапанаваць ёй адкрыць філію з падназвай «Minsk», на што кіраўніца не толькі пагадзілася, але і дала магчымасць пачынаць друкаваць кнігі на базе ды абсталяванні цэнтральнага офіса.
Цуд цудам, але пад ім меўся рэальны грунт: тры дзясяткі гадоў таму, падчас кароткай беларускай свабоды, Дзмітрый стаўся адным з сузаснавальнікаў выдавецтва «Виноград». Рызынкай выдавецтва была ўвага да паэзіі, а не камерцыяналізаванага чытва. На жаль, вельмі хутка гайкі пачалі закручваць і паэт страціў выдавецкую ліцэнзію. Аднак не здаўся: выпускаў кнігу па кнізе самвыдатам.
Так што досвед працы быў. Як і энергія. Яна і спарадзіла другі «цуд» – шведскія калегі паверылі ў новы праект Строцава і дапамаглі набыць усё неабходнае для нармальнага існавання студыі.
З таго моманту і пачалася актыўная праца «Hochroth Minsk»: за 2023 год свет пабачылі 10 зборнікаў.
Дзмітрый распавёў, што ўсе філіі маюць агульныя стандарты друку. Напрыклад, макет будучай кнігі зроблены такім чынам, каб выдаваць выключна паэзію аб’ёмам, не большым за 50 старонак.
Невялікі фармат, паліграфічная спецыфіка і прафесійныя прынцыпы «Hochroth Minsk» забяспечваюць хуткасць нараджэння новых зборнікаў – іх можна аператыўна выдаць, напрыклад, як да пэўнай даты, так і з нейкай нагоды, незвычайных падзей. А яшчэ – гэта важкі стымул для мастакоў слова: з’явілася новая магчымасць надрукаваць сваё не проста ў сацыяльных сетках… Тым больш – у Берліне, па-беларуску. У выйгрышы, зразумела, і чытачы, захопленыя паэзіяй.
Хоць галаўное прадпрыемства ўжо добра адпрацавала тэхналогію, Дзмітрый не проста карыстаецца гатовым, наладжаным. Як толькі асвоіўся, пачаў эксперыментаваць: на старце 2024-га з’явіўся зборнік Фелікса Баторына «Дзве мовы – адна душа».
Строцаў падкрэслівае, што гэта не кніга-білінгва, а менавіта розныя творы дзвюма мовамі: у звычайным для нас парадку можна чытаць па-беларуску, а справа налева – на ідыш.
Прыемна падкрэсліць, што сярод прац выдавецтва ёсць і кнігі аўтарства сябраў Беларускага ПЭНа. Напрыклад, паэзія пра балючае Ганны Комар «Вызвалі або бяжы», пратэставая лірыка Артура Камароўскага «Я і ёсць забаронены сцяг» ды вершы Андрэя Хадановіча «На беразе волі», што ператварыліся ўжо ў песні.
Падчас аднога з інтэрв’ю паэт падкрэсліў, што хацеў, каб нашая салідарнасць, голас беларускага супраціву сёння былі пачутыя ды заўважаныя.
Для яго гэта не проста рэакцыя на палітычныя рэаліі. Тут – грамадзянская пазіцыя, карані якой у зусім далёкіх 1980-х. Тады Строцаў не проста рос як паэт, літаратар. Адначасова адбывалася фармаванне выразнай грамадзянскай пазіцыі – ён стаў удзельнікам легендарнай нонканфармісцкай суполкі Кіма Хадзеева. Тое назаўсёды адбілася на ягоным светаўспрыманні.
Дзмітрый кажа, што ў 1980-х на ўвесь Мінск ён ведаў дзясятак-паўтара людзей, з якімі смела мог падзяліцца сваімі зусім не савецкімі думкамі. А ў 2020-м толькі ў родным шматпавярховіку меў ужо дзясяткі аднадумцаў… Гэта – фантастычная энергія свабоды. Мы за нейкі месяц знайшлі адно аднаго, чаму страшэнна дзівіліся на вуліцах і плошчах пад бел-чырвона-белымі сцягамі. І сёння, пад ціскам рэпрэсій, важна захаваць тое ўчорашняе адчуванне беларускага адзінства. У тым ліку праз паэзію. Яе патэнцыял зайграў новымі адценнямі падчас дваровых сустрэч лета рэвалюцыі.
Вось чаму цяпер Дзмітрый Строцаў актыўна падтрымлівае паэтаў, чые кніжкі аніяк не могуць з’явіцца ў сённяшняй Беларусі. Там выдавецкая дзейнасць не толькі не мае развіцця, але і, часцей за ўсё, пераследуецца ды караецца.
Зусім нядаўна, дарэчы, выйшла чарговая навінка выдавецтва з творамі яшчэ адной сябры Беларускага ПЭНа Касі Іофе – яна якраз рыхтавалася стаць маці. Дзмітрый так і напісаў на сваёй facebook-старонцы: «Няхай кніга будзе падарункам Касі на нараджэнне дачкі і добрым сімвалам для новага жыцця!» Зборнік «Шыба без шкла» стаў рэфлексіяй аўтаркі пра сённяшні сусвет і пра тое, што суправаджае нас апошнія некалькі гадоў.
Наагул 2024 год «Hochroth Minsk» распачаў вялікай прэзентацыяй выдавецтва ў Берліне – пасля прэзентацый у Кракаве, Варшаве і Вільні. 10 студзеня Дзмітрый Строцаў запрасіў выступіць на імпрэзе Андрэя Хадановіча, Зміцера Вішнёва, Крысціну Бандурыну ды Святлану Бень. Апроч таго, усе гледачы змаглі паўдзельнічаць у стварэнні новых кніг. Гэта быў друкарскі перформанс з нарэзкай, склейваннем, нумарацыяй свежанадрукаваных вершаў.
На пытанне пра планы і будучыню Дзмітрый адказвае, што актыўна займаецца арганізацыйнай працай. Цяпер рыхтуецца сайт выдавецтва. Строцаў там адзіны штатны працаўнік, таму ўсклаў на свае плечы і перамовы, і макеты, і друк. Але поўны энтузіязму паўтарыць леташні поспех – то-бок падрыхтаваць і выпусціць не менш за 10 новых кніг!
Зычым «Hochroth Minsk» і Дзмітрыю асабіста поспехаў ды павелічэння бібліятэкі з самых яскравых твораў беларускае літаратуры!
…Господи
сохрани Беларусь
Сам
перед лицом зла
будь среди нас
веди
жаждущих правды
рукой Твоей…
фота вокладкі: © Håkan Lindgren / Svenska PEN