На 31 снежня 2023 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 152.
Спявачку Кацярыну Цэван асудзілі на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Да прысуду яе трымалі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
На 15 сутак асудзілі паэта і барда Сяргея Чарняка.
Не выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту блогер Алесь Сабалеўскі.
Затрымалі вядоўцу святаў Сяргея Туманава.
Дырэктарку браслаўскага Музея традыцыйнай культуры Элеанору Зінкевіч асудзілі на 15 сутак арышту, яе мужа таксама арыштавалі на 15 сутак. На 15 сутак асудзілі майстра музейнага аб’яднання Людмілу Рулевіч з мужам.
У турме пагоршыўся стан здароўя палітзняволенага мастака Генадзя Драздова.
Улады пагражаюць канфіскаваць мінскую кватэру пісьменніцы, лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч.
У стадыі ліквідацыі знаходзіцца выдавецкі дом «Віта», які выпусціў кнігу для сексуальнай асветы дзяцей.
Стала вядома, што ў 2024 годзе перастане выходзіць літаратурны часопіс «Дзеяслоў».
Зачынілася культурніцкая прастора «Шустры вожык».
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
27 снежня 2023 года ў судзе Заводскага раёна Мінска вынесена рашэнне ў палітычна матыванай крымінальнай справе спявачкі Кацярыны Цэван: 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Кацярына Цэван была затрымана 10 кастрычніка 2023 года ў межах справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) – у жніўні 2020 года яна спявала гімн на словы Наталлі Арсенневай «Магутны Божа» на прыступках мінскай філармоніі. Да прысуду яе 6 месяцаў трымалі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры
1. 20 снежня ў судзе Лідскага раёна на 15 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі паэта і барда Сяргея Чарняка. Гэта паўторнае затрыманне, першы раз яго затрымалі з катаваннямі на пачатку снежня на працоўным месцы, у суд везлі ў кайданках на падлозе міліцэйскай машыны. У той раз у судзе ў Сяргея Чарняка здарыўся сардэчны прыступ, хуткая дапамога павезла яго ў кардыялагічнае аддзяленне.
2. 24 снежня ў Магілёве не выйшаў на волю пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту блогер Алесь Сабалеўскі. На яго быў складзены новы адміністрацыйны пратакол паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў), так суды інтэрпрэтуюць падпіскі на незалежныя СМІ). Алесю Сабалеўскаму прысудзілі новы адміністрацыйны арышт. Першы раз ён быў затрыманы раніцай 12 снежня на працы. Алесь Сабалеўскі вядомы сваім блогам пра падзеі культурніцкага і грамадскага жыцця ў Магілёве.
3. 24 снежня ў Браславе Віцебскай вобласці дырэктарку браслаўскага Музея традыцыйнай культуры Элеанору Зінкевіч асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, яе мужа таксама арыштавалі на 15 сутак. На 15 сутак асудзілі майстра музейнага аб’яднання Людмілу Рулевіч з мужам. Падчас ператрусаў у музейных супрацоўнікаў знайшлі кнігі па гісторыі Беларусі і дакумент, на якім стаіць пячатка з выявай старажытнага герба «Пагоня».
4. 26 снежня ў Мінску затрымалі вядоўцу святаў Сяргея Туманава, які ўдзельнічаў у пратэстах супраць фальсіфікацыі 2020 года.
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
1. 15 снежня ў Віцебску суд Першамайскага раёна аштрафаваў Аляксандра Павалоцкага на 3700 рублёў (1117 долараў) за фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам у сацыяльнай сетцы Instagram.
2. 19 снежня стала вядома пра затрыманне ў Мінску дзвюх супрацоўніц швейнай фабрыкі «Элема» за бел-чырвона-белыя стужкі на працоўным месцы.
3. 23 снежня ў Лідзе Гродзенскай вобласці затрымалі інжынера-праграміста, у кватэры якога знайшлі калядную ялінку, упрыгожаную шарамі з надпісам «Жыве Беларусь!». Узброеныя прадстаўнікі спецпадраздзялення «Тайфун» уварваліся ў кватэру, паставілі гаспадара на калені і кінулі на падлогу.
4. 24 снежня на мяжы пры заездзе ў Беларусь затрымалі Дзмітрыя Федаровіча. У яго тэлефоне супрацоўнікі спецслужбаў знайшлі фотаздымкі з бел-чырвона-белым сцягам.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных
У Магілёве ў турме № 4 палітзняволенага мастака Генадзя Драздова шмат разоў змяшчалі ў карцар. Стан здароўя вязня моцна пагоршыўся, у яго вельмі высокі ціск, а належных медыкаментаў адміністрацыя не выдае. Генадзь Драздоў – мастак, кіраўнік ліквідаванай творчай суполкі «Пагоня». Быў затрыманы ў жніўні 2022 года і асуджаны. Яму памянялі абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 4 траўня 2023 года Генадзя Драздова асудзілі на 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
V. Рэпрэсіі ў дачыненні Людзей Слова, якія выехалі з Беларусі
20 снежня стала вядома, што ўлады пагражаюць канфіскаваць мінскую кватэру пісьменніцы, лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, дзе засталіся рукапісы і дзённікі. Пісьменніца кажа, з кватэры ўдалося вынесці нобелеўскі медаль.
VI. Рэпрэсіі ў сферы кнігавыдавецтва
1. 22 снежня стала вядома, што ў стадыі ліквідацыі знаходзіцца выдавецкі дом «Віта», які выпусціў кнігу для сексуальнай асветы дзяцей.
2. 28 снежня стала вядома, што ў 2024 годзе перастане выходзіць літаратурны часопіс «Дзеяслоў», які быў заснаваны ў 2002 годзе і з таго часу выходзіў кожныя два месяцы. У часопісе публікаваліся творы беларускіх і замежных аўтараў, усяго выйшла 127 нумароў.
VII. Звальненні дзеячаў мастацтва з устаноў культуры
З Мінскага абласнога драматычнага тэатра звольнілі мастацкага кіраўніка Валерыя Анісенку. Сярод яго пастановак – спектакль «Чарнобыльская малітва» паводле кнігі Святланы Алексіевіч, які знялі з рэпертуару ў 2021 годзе.
VIII. Закрыццё культурніцкіх прастор
23 снежня ў Гродне зачынілася беларускамоўная дзіцячая крама «Шустры вожык», якая адначасова дзейнічала як культурніцкая прастора.