Мая хата стаіць паўсюль
«Бязмежжа» нарадзілася ў 1996-м, калі па словах амбасадаркі Эльжбеты Смулэк Беларусь была малавядомым суседам Польшчы. І фестываль актыўна спрычыніўся да таго, каб сітуацыя радыкальна памянялася, прычым дастаткова хутка. Беларускамоўныя творцы сталі “сваімі” не толькі ў культурніцкім асяродку Падляшша, але і шчыльна пазнаёмілі з беларускай літаратурай усю краіну.
Даўні ўдзельнік «Бязмежжа» Уладзімір Някляеў згадаў пра фурор, выкліканы некалі пастаноўкай у правінцыйнай беластоцкай Крынцы спектакля “Антыгона”. Рызынкай там стала нечаканая новая лінія – упляценне ў класічны сюжэт тэмы польска-беларускага лёсу, канфлікт падзелу тэрыторыі і народу Белавежжа пасля другой сусветнай вайны…
– Тое было проста касмічна! Чаго толькі вартая ідэя афармлення, прапанаваная і выкананая славутым падляшскім творцам, беларусам Лёнікам Тарасевічам… І хоць спектакль потым паўтаралі на розных знакавых сцэнах Беластоку, Варшавы, іншых гарадоў, аднак першы паказ быў непаўторным – падзеяй еўрапейскага маштабу. Мы зусім не выпадкова згадваем тое сёння, бо на нашых вачох ізноў драма падзелу людзей і народу праз платы на мяжы, праз выгнанне з Бацькаўшчыны сотняў тысяч беларусаў…
Пралятае апалены вецер
Цераз Крэва, Ашмяны, Смаргонь…
Мая хата стаіць ва ўсім свеце –
Ва ўсім свеце палае агонь.
Як зямля гэты свет яшчэ носіць?
Як трывае ягоны цяжар?
Не касцы поле жытняе косяць –
Поле жытняе косіць пажар.
Косіць неба маланкамі Божа,
І чытаюцца знакі Яго:
«Той, хто выжыве, той пераможа!»
…Але хто
пераможа
каго?
Яшчэ сядзіць, але хаця б жывы…
Уладзіміра Някляева дапаўняе старшыня беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай:
– Тут, на Падляшшы, мы адчуваем: пераслед рэжыму небывала збліжае тых, каго выдавілі пакуль за мяжу, з падляшскімі сябрамі. Тое яднанне, паразуменне нам вельмі патрэбнае… Дарэчы, большасць вершаў маёй кнігі «Сірэны спяваюць джаз» былі ў свой час напісаныя якраз за мяжой: так здарылася, што я 10 гадоў вымушаная была пражыць у Польшчы. Але тыя радкі – хаця фармальна гэта гісторыя кахання – таксама і пра беспрытульнасць, пра пошукі сваёй краіны і свайго месца ў ёй. Але разам з гэтымі пошукамі намі кіруе імкненне не здавацца:
Неба было са сталі,
Неба плыло ў восень,
Мы з табою не ўсталі,
Калі ўсім давялося.
Мы з табою трымаліся
За верасень і спадзевы,
Калі павуцінкай з даляў
Даносіліся спевы –
Роспачы і перамогі,
Супраціву й адвагі,
Калі чужынскія богі
Нашэптвалі мантры магіі.
А мы стаіліся й слухалі
Шоргат лістоты і мора –
З ракавінкай ля вуха,
З ні дробачкаю пакоры.
Мы працягваем працу, якую няма магчымасці рабіць знутры Беларусі. Напрыклад, падрыхтавалі і выдалі кнігу “Алесь Бяляцкі” – сталі голасам Нобелеўскага лаўрэата, пазбаўленага магчымасці гаварыць.
І яшчэ адна кніга пабачыла свет – гэта няскончаныя мемуары Караласа Шэрмана, “Блуканец”. Ён быў адным з тых, хто забяспечыў існаванне ПЭНа ў дзевяностыя, доўгі час забяспечваў функцыянаванне арганізацыі, яе уключанасць у дзейнасць міжнароднай структуры. Выданне кнігі курыравалі мы з Марыяй Мартысевіч, каментары пісалі Сяргей Шапран і Ганна Янкута.
Хачу скарыстацца момантам і павіншаваць сяброў-пэнаўцаў – Уладзіміра Някляева, Андрэя Хадановіча, нашу добрую сяброўку з Падляшша Ганну Кандрацюк з тым, што іхныя кнігі, як і “Алесь”, увайшлі паводле версіі “Белсата” ў дзясятку найлепшых твораў-2023.
Беларускі ПЭН – арганізацыя, якая цвёрда трымаецца каштоўнасцяў правоў чалавека, выступае супраць любой дыскрымінацыі і часта гэта выклікае спрэчныя і нават скандальныя сітуацыі. Але такая праўда – літаратары, якія становяцца сябрамі ПЭНа, дэкларуюць сваю згоду і адданаць гэтым прынцыпам і каштоўнасцям, падпісваюцца пад імі. І адна з нашых задачаў як асацыяцыі – прасоўваць гэтыя каштоўнасці ў грамадстве (і партнёрскіх арганізацыях), выкарыстоўваць падыход, заснаваны на правах чалавека. Гэта не ўсім можа падабацца, але гэта – оптыка правоў чалавека – наш інструмент і ніяк не замінае нам быць адданымі ідэі беларускасці і падтрымцы беларускай культуры і яе дзеячаў, што для нас таксама з’яўляецца прыярытэтам.
«Бязмежжа» – тое слова, якое надзвычай добра характарызуе сённяшнюю сітуацыю, калі даводзіцца гаварыць не толькі пра межы між дзяржавамі, але і пра жорсткі цяперашні падзел беларусаў унутры краіны, пра тое, як суседзі адгароджваюцца ад нас платамі, пра пераадольванне межаў у нас саміх…
…Затрымалі і адпусцілі без пратакола
Добра, што толькі тры дні, але не штраф
Добра, што не білі
Добра, што штраф, а не суткі
Добра, што суткі, але хаця з матрацам
Добра, што 15 сутак, але не 30
Добра, што не білі
Добра, што 90 сутак, а не крыміналка
Добра, што крыміналка, але не білі
Добра, што 2-3 гады, а не дзясятак
Добра, што ў СІЗА, а не ў калоніі
Добра, што агульны рэжым, а не ўзмоцнены
Добра, што ёсць лісты, хоць і ўзмоцнены
Добра, што ў калоніі, а не ў ПКТ
Добра, што ў ПКТ, а не ў ШЫЗА
Добра, што ў ШЫЗА, але здаровы
Білі, але хаця б здаровы
Добра, што выйшаў, цяпер плануем лячэнне
Яшчэ сядзіць, але хаця б жывы
Ордэн зацвердзілі, аднак нікога не ўзнагародзілі
Разважанні сваёй каляжанкі падзяляе і Уладзімір Арлоў:
– Для выкінутых з Беларусі сёння, на жаль, больш падышла б назва «Замежжа»… Толькі ў выгнанні ўсведамляеш усю глыбіню сваёй радзімы, таямніцу яе прыцягнення.
Не выпадкова назіраю зараз за выбухам цікавасці да гісторыі наагул і гістарычнай літаратуры ў прыватнасці, што не можа не радаваць асабіста мяне. Хаця варта прызнаць, што нацыянальная гісторыя для велізарнай часткі грамадства застаецца невядомай або незасвоенай. Альбо калі і вядомай, то з яе не ўзятыя ўрокі, не зробленыя высновы.
У нашай беларускай сітуацыі прыклады навідавоку. Зараз ужо вядома: сталінскі тэрор закрануў два мільёны жыхароў Беларусі. То бок яго адчула фактычна кожная беларуская сям’я, аднак суду над сталінізмам і над сталінскімі катамі не адбылося. Як, дарэчы, і пакаяння. У выніку маем зараз паўтор далёкіх і страшных падзеяў. Толькі ўжо на новым узроўні навукова-тэхнічнага прагрэсу, які дазваляе беспрэцэдэнтна кантраляваць чалавечую асобу, чаго не было ў 1930-х.
Сітуацыя яшчэ раз пацвярджае: адносна тэхнічнай эвалюцыі, якая сапраўды адбываецца, маральны прагрэс, на маю думку, у заняпадзе, пра што і пераконваюць падзеі апошніх гадоў…
Мы шмат чаго пабачылі за імі. Напрыклад, трансфармацыю гістарычнай памяці пра Кастуся Каліноўскага. Так, яшчэ ў 1990-х у падручніках пачалі нібыта правільна расстаўляць акцэнты, нават заканадаўча зацвердзілі ордэн яго імя. Але не было пастановы пра стварэнне музею паўстання, пра помнік Каліноўскаму ў сталіцы… А далей сітуацыя наагул змянілася – той самы ордэн скасавалі, ім нават нікога не паспелі ўзнагародзіць.
Затое Мураўёў-вешальнік, які душыў паўстанне, у цяперашніх падручніках называецца прагрэсіўным дзяржаўным дзеячам, нібыта ён праводзіў на нашых землях перадавыя рэформы. Адэпты рускага міра распраўляюцца з векапомнымі для нацыі падзеямі на свой імперскі капыл. Апошні прыклад – таемнае перайменаванне гімназіі ў Свіслачы, якая з 1984 мела імя Каліноўскага, а цяпер – невядомай дагэтуль асобы.
Ачарніць гісторыю можна – на нейкі час. Але я веру: стваральная сіла мінуўшчыны возьме сваё і ачысціць годныя імёны і падзеі.
Нават стогадовая вайна калісь закончыцца
Тэма «новага жыцця ў новых умовах» так або інакш закраналася большасцю выступоўцаў. У Валянціны Аксак хапае прычынаў для песімізму, аднак лейтматывам яе новай кнігі «Уцёкі з Палесься» стаўся загад самой сабе: жыць навырост!
– Любая,
і нават стогадовая вайна,
калісь закончыцца,
а кветкі застануцца, –
казала мама
і спадчынныя клубні
перахоўвала, як скарб,
цераз усе гады
чужынскае навалы…
А хіба я,
Твая дачка,
Змылюся ў гэтым
ланцугу
шляхетнай канцавітасці?
Пра свае назіранні за цікавосткамі творчагу працэсу гаварыў Уладзімір Някляеў:
– Можа некаму і падаецца, што з гадамі творца набывае такія досвед і веданне жыцця, якія ў прынцыпе могуць абярнуцца як не Нобелеўскай, то якой іншай высокай прэміяй…
Паверце: насамрэч ніякіх такіх сакрэтаў няма.
У свае маладыя гады я вельмі хацеў пагаварыць пра ўсё гэта з вялікім майстрам слова – Аляксандрам Твардоўскім. Быў проста агаломшаны яго паэмай “Цёркін на тым свеце”. Я вучыўся тады ў Літінстытуце, а Куляшоў, Панчанка, Танк прыехалі на нейкую імпрэзу. Сядзелі, гаманілі, ну і я расказаў пра сваю мару. “Дык я сёння якраз іду да яго вечарам, – раптам кажа Куляшоў. – Вось адрас, падыходзь а сёмай, не саромейся, усё вырашу”…
Акрылены, прыхапіў пляшку каньяку і роўна а дзевятнаццатай быў ля дому свайго куміра. Хачу націснуць кнопку званка, а рука не падымаецца. Бо раптам зразумеў: вось дзверы адчыняцца – а ў іх Бог! І што я скажу Богу?
Так і не адважыўся распытаць пра сакрэты яго паэзіі. Як кажуць, хапіла розуму. Бо сапраўдная паэзія сама плыве ў цябе, калі маеш боскую іскру.
Удзячны паэтычным нашым аўтарытэтам за тую вышыню, якую яны дэманструюць і да якой варта цягнуцца. А яшчэ – за іх жыццёвую мудрасць.
Выдатны рускі паэт Сямён Кірсанаў, напрыклад, вярнуў мяне ў беларускую паэтычную плынь. У інстытуце я пісаў па-руску. І назбіралася на кнігу. Хоць тады ў чарзе на яе трэба было стаяць гадоў 10-15, але маю паставілі ў план ужо на наступны год – проста шчасце! І калі выпадкова ў Доме літаратара раптам заўважыў славутага Кірсанава, то на хвалі поспеху наважыўся падыйсці. У яго былі радкі, адрасаваныя Маякоўскаму:
Я счастлив, как зверь, до ногтей, до волос,
я радостью скручен, как вьюгой,
что мне с командиром таким довелось
шаландаться по морю юнгой.
Ну а чаму б і мне не стаць шчаслівым праз знаёмства з Кірсанавым? Пачынаю размову, кажу, што з Беларусі… Кідае праз плячо: “У мяне ёсць нейкі верш пра яе…” Нейкі! Ды славуты, нашумелы насамрэч! Дэманструю сваю начытанасць парай цытат адтуль. Ківае галавой: “Досыць, пачытай лепш сваё”. Ды калі ласка! Паслухаў і выносіць прысуд: “В общем-то все неплохо, Володечка, но все это как-то не по-русски…” “Я со словарем каждую буковку проверил!” “А дело тут, дорогой, вовсе не в лексике – не знаю какое у тебя мышление, но явно не русское, а поэтому с синтаксисом проблемы”.
Ну, раз такое, то пайшлі вы, усе рускія, на Волгу, адкуль мой бацька! І падаўся я ў Беларусь… Аддаў рукапіс, аднак рэцэнзент выказаўся адмоўна – не падыходзіць па ідэалагічных акцэнтах.
Я ўстаяў пад такім нечаканым ударам. Вера ў беларускае ўмацавала. І зараз, і раней таму захапляўся калегамі з Падляшша, што яны тут у такіх няпростых умовах беларускасць захавалі, умацавалі, паднялі. У гэтых вось думках і напісаўся верш, які называецца “Зыход”.
…Не пацінай нас пакрывае –
Згрызае іржой.
Мы час свой прайгралі бясчассю,
І ўжо сярод нас не будзе герояў,
Укрые зямля нас мяжою…
Забудземся, хто мы, адкуль мы,
Як нас называюць,
А нашы героі у турмах радзімы
Сканаюць…
Ну дык вось яшчэ раз пра мастацтва паэзіі, сакрэты вершавання. Я ніколі не пісаў вершаў – яны да мяне проста прылятаюць. Аднекуль збоку… Але супадаюць з амплітудай маёй душы.
І яшчэ на заканчэнне.
Якія мы ні ёсць слабыя, усё ж дух наш мацней за нашае цела. А гісторыя даводзіць: беларусы не слабейшыя ні за каго ў гэтым свеце і адстаяць у ім сябе і сваю зямлю:
Што б ні казалі, ні плялі,
Мы не ў зямлі, а – на зямлі!