Ірына Козікава і Таццяна Нядбай сустрэліся з калегамі з Нарвежскага ПЭНа, Дагам Лярсэнам і Ёргенам Ватнэ Фрыднэсам, і паўдзельнічалі ў вечарыне Літаратурнага дома ў Осла.
Сустрэчу адкрываў сябра Беларускага ПЭНа Дзмітрый Строцаў, які зачытаў свае вершы, перакладзеныя ў тым ліку на нарвежскую мову.
На панэльнай дыскусіі прадстаўнікі Беларускага ПЭНа распавялі пра сітуацыю са свабодаю слова і культурнымі правамі ў цяперашняй Беларусі і пра тое, як сусветная супольнасць можа падтрымаць беларускіх дзеячаў культуры.
Падчас паездкі ў Осла прадстаўнікі Беларускага ПЭНа сустрэліся таксама з Аляксандрай Сафонавай і Арвэ Гансэнам з Нарвежскага Хельскінкскага камітэта, а таксама пазнаёміліся з моцнай літаратурнай супольнасцю, у якую ўваходзіць Нарвежскі саюз пісьменнікаў, Нарвежскі саюз дзіцячых пісьменнікаў, Гільдыя пісьменнікаў Нарвегіі, Нарвежская асацыяцыя літаратурных перакладчыкаў, Нарвежская асацыяцыю аўтараў і перакладчыкаў нон-фікшну і Асацыяцыя пісьменнікаў.
Мы дзякуем нашым калегам з Нарвежскага ПЭНа за цёплы прыём і адкрытасць, за падтрымку беларускіх абаронцаў правоў чалавека, пісьменнікаў, журналістаў, мастакоў і іншых дзеячаў культуры, а таксама за супрацу з Беларускім ПЭНам.