Падвядзенне вынікаў прэміі імя Францішка Аляхновіча адбудзецца ў Дзень зняволенага пісьменніка 15 лістапада. Разглядаюцца творы, апублікаваныя цалкам або часткова ў перыяд з лістапада 2021 года па лістапад 2023-га.
Арганізатары заклікаюць сяброў і прыхільнікаў зняволеных збіраць і захоўваць літаратурныя сведчанні з-за кратаў і запрашаюць зняволеных удзельнічаць у стварэнні літаратуры памяці.
Беларускі ПЭН вядзе хроніку «Людзі Слова» пра творцаў, якіх трымаюць за кратамі: пісьменнікаў, перакладчыкаў, даследчыкаў літаратуры, публіцыстаў, інтэлектуалаў, а таксама тых, хто стварае і пашырае культуру, абараняе слова і яго майстроў. Сёння ў зняволенні застаюцца 30 чалавек.
Творы або спасылкі на іх можна дасылаць на адрас [email protected] з пазнакай «Прэмія Аляхновіча». Арганізатары плануюць уручыць прэмію імя Францішка Аляхновіча адразу, як дазволіць сітуацыя ў краіне, і спадзяюцца, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні.
Дадатковую інфармацыю пра прэмію імя Францішка Аляхновіча і яе лаўрэатаў можна знайсці на адпаведнай старонцы на сайце Беларускага ПЭНа.
Прэмія праводзіцца пры падтрымцы нашых калегаў з «Радыё Свабода».