14-15 кастрычніка ў бары “Павільёнас” (Pylimo g., 21) адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Гэта два дні насычанай праграмы, у якой кожны зможа знайсці нешта цікавае для сябе.
Вас чакаюць прэзентацыі выдавецтваў: “Вільма” прадставіць “Шэпт” Сяргея Лескеця і “Цела мігдалу” Ганны Шакель, пражскае выдавецтва “Вясна” – пераклад кнігі Антанаса Шкемы “Белы саван” і пераклад эсэ Генрыха Кіршбаўма “Беларускі брыкалаж” пры ўдзеле аўтара, Яраславы Ананкі і Сяргея Шупы.
Яшчэ вы зможаце наведаць сустрэчы з пісьменніцай і перакладчыцай Вольгай Гапеевай, пісьменнікам Сяргеем Календам, з паэтам і празаікам Алегам Мінкіным.
Мерапрыемствы ў Вільнюсе – сапраўднае свята для тых, хто любіць нон-фікшн і навукова-папулярную літаратуру. Гэта размова з публіцыстам Дзянісам Марціновічам, аўтарам біяграфіі кіраўніка БССР Мікалая Слюнькова, прэзентацыя кнігі пра гісторыю беларускага савецкага кіно, прэзентацыя новага нумара часопіса “Топас” да 100-годдзя Карнэліюса Кастарыядыса, сустрэча са стваральнікамі кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” – праекта пра жыццё і дзейнасць беларускай эміграцыі.
У філасофію вам дапамогуць заглыбіцца лекцыі Івана Новіка пра этнафіласофію і дыскурсіўны аналіз Фуко, падчас якіх ён прадставіць свае кнігі.
Беларуска-літоўскі дыялог – вось што яшчэ чакае вас на пляцоўках PRADMOVA. Мы пабудуем яго ў выглядзе дыскусіі пра спрэчныя пытанні беларуска-літоўскіх адносін, прэзентацыі двухмоўнай паэтычнай анталогіі з удзелам Маруса Бурокаса і Марыі Мартысевіч і прэзентацыі двухмоўнага зборніка паэзіі Андрэя Хадановіча з удзелам перакладчыкаў Альвідаса Шляпікаса, Уладаса Бразюнаса, Вітаса Дзякшніса, Маруса Бурокаса.
Дарэчы, паэзіі ў Вільнюсе будзе шмат: гэта і прэзентацыя кнігі “Побач” Насты Кудасавай, і сустрэча з заснавальнікам паэтычнай серыі выдавецтва “hochroth Minsk” Дзмітрыем Строцавым, і ажно дзве Ночы паэзіі з удзелам Сямёна Ханіна, Ігара Коцюха, Кятлін Калдмаа, Дзмітрыя Строцава, Андрэя Бастунца, Сабіны Брыло, Паўла Горбача, Марыі Мартысевіч, Дар’і Роскач, Ганны Шакель.
На што яшчэ варта звярнуць увагу, дык гэта на дыскусію пра аўдыякнігі з удзелам выдаўца Яраслава Іванюка і пісьменніка, майстара агучкі Змітра Бартосіка, а таксама на прэзентацыю першай анталогіі беларускага гей-пісьменства “Мальцы выходзяць з-пад кантролю”, пра якую раскажа пісьменнік і перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі.
Да сустрэчы на імпрэзах!