26 верасня 2023 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А.Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў:
Яўгені Шышкаў асуджаны за абразу А.Лукашэнкі па арт.368 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Ігар Шкіраў асуджаны за абразу А.Лукашэнкі па арт.368 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Руслан Глушэнок асуджаны за знявагу дзяржаўных сімвалаў па арт.370 КК да 3 месяцаў арышту;
Дзмітрый Семак асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады па арт. 369 КК да 3 месяцаў арышту;
Аляксандр Ніканаў змешчаны пад варту за паклёп на А.Лукашэнку і абразу А.Лукашэнка па арт. 367 і 368 КК;
Аляксандр Юшкевіч змешчаны пад варту за перадачу дадзеных тэлеграм-каналу
Сняжана Амосава змешчана пад варту за паклёп на А.Лукашэнку і абразу А.Лукашэнка па арт. 367 і 368 КК;
Святлана Кароль змешчана пад варту за паклёп на А.Лукашэнку па арт. 367 КК;
Ігар Папоў судом накіраваны на прымусовае псізхіятрычнае лячэнне ў бальніцу з строгім наглядам за абразу А.Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады, пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў;
Андрэй Матузаў асуджаны па арт 369 за абразу прадстаўніка ўлады па арт. 369 КК да 1 года 6 месяцаў абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны ў папраўчую ўстанову;
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
Неадкладна вызваліць палітвязняў Андрэя Матузава, Аляксандра Ніканава, Аляксандра Юшкевіча, Сняжану Амосаву, Яўгенія Шышкава, Ігара Папова, Руслана Глушэнка, Дзмітрыя Семака, Святлану Кароль, Ігара Шкірава і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 361, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі Хельсінкскі камітэт.