На 89-м годзе свайго жыцця пакінула гэты свет Тамара Каламіец, вядомая ўкраінская дзіцячая пісьменніца, паэтка і перакладчыца. Пра гэта 21 жніўня паведаміла яе дачка Мар’яна.
Пакуль няма дакладных звестак пра дату і прычыну смерці, а таксама пра дату і месца развітання.
«Адляцела мая мілая птушачка, адспявала… Доўга не магла сказаць пра гэта, прыняць, неяк усвядоміць… У нейкі там дзень душа адлятае над вечнымі паплавамі – у першы, дзявяты, саракавы… Мабыць, сёння, у Дзень паэтаў, можна правесці цябе ў віртуальным свеце ў віртуальнае падарожжа», – напісала Мар’яна.
Дачка ўспамінае, як заўсёды чытала матулі ўсе каментары пад допісамі ў Facebook і Тамара вельмі цешылася.
«Не магу знайсці словаў, каб апісаць, хто ж ты такая была напраўду. Непараўнальная, тонкая, чулая, дзіця дабрыні! Напішыце, якою яе ведалі вы… Ляці, мая птушачка. Паэты не паміраюць, яны адлятаюць!»
Тамара Каламіец нарадзілася 9 красавіка 1935 года. Яна была вядомай украінскай паэткай і перакладчыцай, з 1956 года была сябрай Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны. Тамара атрымала адукацыю на факультэце журналістыкі Кіеўскага ўніверсітэта.
Яе маці была доктаркаю і праводзіла шмат часу на працы, таму Тамару выхоўвала бабуля Ганна. Гэтая непісьменная жанчына ведала на памяць амаль усе вершы Тараса Шаўчэнкі і цытавала іх унучцы. Тамара зазнала ваеннае дзяцінства, яе дзед загінуў на фронце ў 1917–1921 гадах, а бацька загінуў у Другой сусветнай вайне.
У Віртуальным музеі Інстытута журналістыкі Кіеўскага ўніверсітэта распавядаюць, што калі ў школе задавалі сачыненне на вольную тэму, Тамары было прасцей выказаць свае думкі ў вершах.
Яе першая зборка вершаў, «Проліски», была апублікавана ў 1956 годзе, калі паэтка мела ўсяго 21 год. У 1957 годзе зборнік атрымаў першую прэмію і залаты медаль на VI Усесаюзным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве. Максім Рыльскі заўважыў талент Тамары Каламіец на самым пачатку яе літаратурнай кар’еры, а першым рэдактарам быў Міхайла Стэльмах.
Наступнымі зборнікамі Тамары Каламіец сталі «Осіння борозна» (1981), «Багаття на межі» (1984) і «Дорога в листопад» (1990).
Пазней яе творы не публікаваліся на працягу 15 гадоў, хаця некаторыя з іх часам з’яўляліся ў перыядычных выданнях. Пазней яна пачала пісаць для дзяцей. Яе дзіцячыя зборнікі – «Пастушок», «Хиталочка-гойдалочка», «Помічники», «Недобрий чоловік Нехай», «Біб-бобище», «Луговий аеродром», «Хто розсипав роси? », «Візьму вербову гілочку», «Найперша стежечка», «Гарна хатка у курчатка», «Де ховає сонце роси», «Бринчики-мізинчики» і іншыя.
Тамара таксама стварыла некалькі чытанак для дзяцей. Да яе тэкстаў пісалі музыку, іх перакладалі на англійскую, польскую, венгерскую, беларускую, рускую, славацкую, чэшскую, казахскую, азербайджанскую і армянскую.
За пераклады з беларускай мовы Тамару Каламіец уганаравалі прэміяй імя Паўла Тычыны «Чуття єдиної родини». Таксама яна атрымала прэмію імя Наталлі Забілы часопіса «Малятко» і прэмію Кабінета міністраў Украіны імя Лесі Украінкі за літаратурна-мастацкія творы для дзяцей і падлеткаў.
Крыніца: https://suspilne.media/555991-poeti-ne-vmiraut-voni-vidlitaut-pisla-z-zitta-poetesa-tamara-kolomiec/