Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 жніўня 2023 года)
На 15 жніўня 2023 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 126.
Музыку гурта «Wonder Spak» Паўла Лапікава затрымалі і абвінавачваюць у «фінансаванні экстрэмісцкіх фарміраванняў» – «BY_HELP», «BYSOL» і «BYPOL».
Фольк-спявачку Патрыцыю Свіціну асудзілі на 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Рамесніцу з Рэчыцы Наталлю Белую асудзілі на 2,5 года абмежавання волі.
У закрытым рэжыме працягваецца суд над папулярызатаркай беларускай культуры і гісторыі Ларысай Шчыраковай.
Даследчыцу і рэдактарку Валерыю Касцюгову перавялі з СІЗА ў жаночую папраўчую калонію № 4 у Гомелі.
Актывіста і распаўсюдніка беларускай літаратуры Барыса Хамайду за герб «Пагоня» на пашпарце арыштавалі на 15 сутак і адмовіліся вяртаць пашпарт як «сапсаваны».
Затрымалі Ігара Багрыцэвіча за тое, што ён размясціў выяву герба «Пагоня» на танку ў камп’ютарнай гульні «World of Tanks».
У Гродне на могілках знялі з помніка таблічку з надпісам на беларускай мове «Жыхарам Гродна, афіцэрам Войска Польскага, расстраляным у сталінскіх лагерах».
У парку Чалюскінцаў у Мінску знік надпіс на беларускай мове з помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсій «У гэтым лесе ў 20–30-я гады знішчалі нявінных людзей».
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 1 жніўня ў Магілёве затрымалі музыку гурта «Wonder Spak» Паўла Лапікава, яму ставяць у віну «фінансаванне экстрэмісцкіх фарміраванняў» – «BY_HELP», «BYSOL» і «BYPOL».
2. 2 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) фольк-спявачку Патрыцыю Свіціну асудзілі на 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). 2,5 месяца Патрыцыю Свіціну ўтрымлівалі за кратамі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
3. 4 жніўня рамесніцу з Рэчыцы Наталлю Белую асудзілі ў Гомельскім абласным судзе паводле ч. 1 арт. 361.4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса РБ за тое, што 8 жніўня 2022 года яна даслала паведамленне ў чат-бот Telegram-канала «Рэальная Беларусь». Прысуд: 2,5 года абмежавання волі, але за кошт часу, праведзенага ў СІЗА да суда, адбываць пакаранне Наталлі Белай засталося год і тры месяцы.
4. У Гомелі ў закрытым рэжыме працягваецца суд над папулярызатаркай беларускай культуры і гісторыі Ларысай Шчыраковай, якую абвінавачваюць паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле версіі следства, Ларыса Шчыракова, «выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, прадставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь», «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу інфармацыі для “Вясны” і “Белсата”». Ларыса Шчыракова – рэжысёрка-дакументалістка, папулярызатарка гісторыі і культуры, выканаўца народных песень, рэканструктарка народных абрадаў, каардынатарка праекта ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя», выканаўца ролі рэпрэсаванай і расстралянай беларускай палітычнай дзяячкі Палуты Бадуновай у фільме «Палута Бадунова: успомніць і не забыць», знятага рэжысёрам Валерам Мазынскім. Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года ў Гомелі. 16-гадовага сына Святаслава змясцілі ў прытулак – сацыяльна-педагагічны цэнтр у Гомельскім раёне. Былы муж Ларысы Шчыраковай забраў сына Святаслава з прытулку. Падчас зняволення Ларысы Шчыраковай памерла яе маці.
5. 10 жніўня стала вядома, што Валерыю Касцюгову перавялі з СІЗА ў жаночую папраўчую калонію № 4 у Гомелі. Валерыя Касцюгова – заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка зборніка аналітычных аглядаў пра развіццё сітуацыі ў Беларусі за год «Белорусский ежегодник», кіраўніца маніторынгавай групы экспертаў «Беларусь у фокусе». Яе затрымалі 30 чэрвеня 2021 года пасля ператрусу ў кватэры, змясцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Разгляд крымінальнай справы Валерыі Касцюговай і даследчыцы Таццяны Кузінай быў распачаты 6 лютага 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе ў адкрытым рэжыме. Валерыю Касцюгову абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці або разладу). Прысуд Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай быў вынесены 17 сакавіка 2023 года: кожную з экспертак асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
7 жніўня ў Магілёве затрымалі каваля Дзмітрыя Цумарава і выкладчыцу англійскай мовы з Магілёўскай СШ № 43 Юлію Паплаўскую.
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
1. 1 жніўня ў Верхнядзвінскага раённым судзе вынесена рашэнне ў адміністрацыйнай справе грамадскага актывіста і распаўсюдніка беларускай літаратуры Барыса Хамайды, яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 24.23 Адміністрацыйнага кодэкса (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства) – 15 сутак арышту. Барыс Хамайда быў затрыманы 28 ліпеня на станцыі Бігосава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Ён ехаў з Віцебска, каб далучыцца да пілігрымкі ў вёску Росіца, якая месціцца каля латвійскай мяжы. У Росіцы адбывалася ўшанаванне памяці пакутнікаў Другой сусветнай вайны, ксяндзоў-марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Барыса Хамайду затрымалі пасля таго, як памежнікі праверылі пашпарты і пабачылі вокладку з гербам «Пагоня». Калі Барыс Хамайда выйшаў з цягніка на перон, яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі і павезлі ў Верхнядзвінск. У пратаколе затрымання супрацоўнікі міліцыі напісалі, што Барыс Хамайда знарок змясціў налепку з «Пагоняй», дзе яе пабачыў памежнік, а значыць, маглі бачыць іншыя людзі, таму гэта – пікет. Супрацоўнікі Верхнядзвінскага РАУС не вярнулі Барысу Хамайду пашпарт, сказалі, што перашлюць у аддзел міліцыі паводле месца жыхарства, бо пашпарт сапсаваны і вымагае замены.
2. 8 жніўня ў Гомелі супрацоўнікі міліцыі затрымалі жанчыну на матацыкле за бел-чырвона-белы колер шлема.
3. 9 жніўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі Ігара Багрыцэвіча за тое, што ён размясціў выяву герба «Пагоня» на танку ў камп’ютарнай гульні «World of Tanks».
4. 9 жніўня стала вядома, што суд Глыбоцкага раёна 25 ліпеня вынес рашэнне ў справе былой супрацоўніцы газеты «Вольнае Глыбокае» Надзеі Маліноўскай паводле двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (ч. 2 арт. 19.11 і ч. 1 арт. 24.23) за рэпост матэрыялаў «Белсата» ў Instagram-акаўнце газеты, а таксама за размяшчэнне «Пагоні», бел-чырвона-белага-сцяга і надпісу «Жыве Беларусь» на старонцы газеты «УКантакце». Надзею Маліноўскую аштрафавалі на 4440 руб (1774 долараў) і канфіскавалі тэлефон «Samsung A41».
5. 10 жніўня стала вядома, што 27 ліпеня ў Наваполацку за падтрымку Украіны і правядзенне пікета ў сацыяльных сетках на падставе ч. 1 арт. 24.23 Адміністрацыйнага кодэкса на 13 сутак арыштавалі супрацоўніка завода «Палімір», бегуна на доўгія дыстанцыі Андрэя Беразоўскага. У судовым пасяджэнні было ўстаноўлена, што ён выказваў грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя настроі шляхам публікацыі ў агульным доступе на сваёй Facebook-старонцы фотаздымкаў сябе і выявы з надпісам «Слава Украіне» на фоне сіне-жоўтага колеру.
6. 10 жніўня стала вядома, што суд Аршанскага раёна 27 ліпеня аштрафаваў на 1110 рублёў (438 долараў) за «правядзенне пікету ў сацыяльных сетках» медсястру Інгу Тыльчык. Паводле матэрыялаў справы, Інга Тыльчык «з 14 лістапада 2020 года па 18 ліпеня 2023 года ў парушэнне парадку правядзення пікетавання, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных настрояў, прыняла ўдзел у масавым мерапрыемстве» – сфатаграфавалася на фоне «палотнішча бел-чырвона-белага колеру» без дазволу Аршанскага райвыканкама.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных
3 жніўня зняволены краязнаўца Уладзімір Гундар упершыню патэлефанаваў з калоніі ў Бабруйску і распавёў сваякам, што ў калоніі ёсць крымінальныя зняволеныя (не з палітычнымі артыкуламі), якія яму пагражаюць. Уладзіміру Гундару 63 гады, ён – чалавек з інваліднасцю, не мае адной нагі. Асуджаны паводле палітычна матываванай справы на 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
V. Знішчэнне мясцін памяці
1. 10 жніўня стала вядома, што ў Гродне на вайсковых могілках знялі з помніка таблічку з надпісам на беларускай мове «Жыхарам Гродна, афіцэрам Войска Польскага, расстраляным у сталінскіх лагерах». Месца надпісу на помніку прыкрылі жалобным вянком.
2. 15 жніўня стала вядома, што ў парку Чалюскінцаў у Мінску знік надпіс на беларускай мове з помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсій: «У гэтым лесе ў 20–30-я гады знішчалі нявінных людзей». Драўляны помнік у выглядзе прыдарожнай каплічкі быў усталяваны ў кастрычніку 1990 года на Дзяды, традыцыйны дзень ушанавання продкаў.э