• Навiны
  • Салідарнасць
  • Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 14 палітычных зняволеных

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 14 палітычных зняволеных

Апошняе абнаўленне: 4 жніўня 2023
Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 14 палітычных зняволеных

3 жніўня 2023 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”) у дачыненні да Паўла Таланава, Святланы Лупач, Дзяніса Галаўко, Глеба Муравіцкага, Дзмітрыя Сафановіча, Генадзя Майсейчыка, Аляксандра Конанава, Сяргей Глінскага, Алены Чабатарь, Святланы Палуэктавай (таксама асуджана па арт. 369 і 368 КК), накіраванні для адбыцця пакарння ў выглядзе абмежавання волі па ч.1 арт.342 КК у папраўчую установу Уладзіслава Бохана, Вольгі Сухаравай, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

Таксама мы адзначаем, што ва ўмовах глыбокага крызісу правоў чалавека недапушчальна выкарыстоўваць інструменты крымінальнага пераследу для далейшага абмежавання свабоды выказвання меркаванняў.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць Паўла Таланава, Святлану Лупач, Дзяніса Галаўко, Глеба Муравіцкага, Дзмітрыя Сафановіча, Генадзя Майсейчыка, Аляксандра Конанава, Сяргей Глінскага, Алену Чабатарь, Святлану Палуэктаву, Уладзіслава Бохана, Вольгу Сухараву і спыніць іх крымінальны пераслед.

Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, перагледзець палітычна матываваныя справы і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі ПЭН;

Lawtrend;

Human Constanta;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.