11 ліпеня: Праз два гады пасля гістарычных мірных дэманстрацый на Кубе мастацкі і культурны ландшафт вострава быў істотна падточаны пасля хуткага задушэння ўрадам іншадумства, што прывяло да затрымання каля 60 пісьменнікаў і мастакоў. З іх не менш за 13 застаецца за кратамі, тым часам як яшчэ 13 вымушана выехалі з краіны. У новай справаздачы, прысвечанай другой гадавіне дэманстрацый, Міжнародны ПЭН, «Artists at Risk Connection» (ARC) Амерыканскага ПЭНа і «Cubalex» паведамляюць пра 17 дзеячаў культуры ў выгнанні, якія праяўляюць стойкасць і дакументуюць рэпрэсіўную, а часам і гвалтоўную тактыку кубінскай дзяржавы, якая вымусіла іх уцякаць.
«Método Cuba: сведчанні незалежных пісьменніка пра вымушанае выгнанне» падрабязна апісвае формы рэпрэсій, якія выкарыстоўвае кубінская дзяржава, каб прымусіць творцаў-іншадумцаў замаўчаць і выштурхнуць іх з краіны. У справаздачы іх жыццёвы досвед разглядаецца праз прызму шырокай дыскусіі пра мастацтва, культуры і правы чалавека і робіцца акцэнт на агульных формах рэпрэсій, з якімі яны сутыкаюцца праз сваё творчае самавыяўленне. Таксама ў цэнтры справаздачы – тое, як яны пакідалі краіну, і праблемы, з якімі яны сутыкаюцца ў выгнанні.
Пісьменніца і паэтка Кэтрын Біске (Katherine Bisquet) сказала: «Гэта не наша рашэнне – быць у выгнанні… Мы не з’язджаем у выгнанне з эканамічных прычын ці дзеля таго, каб адпачыць у іншай краіне. Тады гэта не было нашым рашэннем. Я мусіла пакінуць усё дома, пакінуць свае кнігі, усе свае рэчы. Я мусіла за дзень сабраць у валізу ўсё, што складала на той момант маё жыццё, усе 29 гадоў… І мяне быў білет у адзін канец».
У справаздачы ўтрымліваецца заклік неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, у тым ліку ўсіх пісьменнікаў і мастакоў, якія знаходзяцца ў зняволенні за мірнае выяўленне сваіх ідэй і творчую дзейнасць. Таксама ў ёй ёсць заклік да ўрадаў Лацінскай Амерыкі і праваабарончай супольнасці расследаваць заявы пра парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да мастакоў, пісьменнікаў, дзеячаў культуры і актывістаў на Кубе ў сувязі з абмежаваннямі свабоды мастацкага самавыяўлення, адвольнымі затрыманнямі і практыкамі вымушанага выгнання
Прачытаць справаздачу па-англійску можна тут.