З вялікім болем паведамляем, што 1 ліпеня ў бальніцы імя Мэчнікава ў Дняпры перастала біцца сэрца пісьменніцы Вікторыі Амэлінай. Яе шлях абарваўся ад несумяшчальнага з жыццём ранення ў выніку ракетнага абстрэлу расійскімі акупантамі рэстарана ў Краматорску 27 чэрвеня 2023 года. Мы паведамляем гэтую навіну цяпер, калі пра яе даведаліся ўсе сваякі Вікторыі і з іхнае згоды.
27 чэрвеня ў Краматорску разам з дэлегацыяй калумбійскіх журналістаў і пісьменнікаў была ўкраінская пісьменніца, сябра Украінскага ПЭНа і дакументалістка ваенных злачынстваў у арганізацыі «Truth Hounds» Вікторыя Амэліна. Пакуль дэлегацыя вячэрала ў рэстаране «Ria Lounge» ў цэнтры горада, расейскія акупанты нанеслі ракетны ўдар па будынку, у выніку чаго Вікторыя была цяжка параненая. Дактары і парамедыкі Краматорска і Дняпра рабілі ўсё магчымае, каб выратаваць яе жыццё, але, на жаль, рана была смяротнай. У апошнія дні жыцця Вікторыі побач з ёй былі родныя і блізкія.
Украінскі ПЭН і «Truth Hounds» на падставе апытанняў відавочцаў трагедыі заявілі, што нанясенне акупантамі ўдару па цывільным аб’екце ва ўкраінскім горадзе было чарговым ваенным злачынствам Расіі. Аналіз разбурэнняў і паказанні сведак указваюць на тое, што для ўдару расіяне выкарыстоўвалі высокадакладную ракету тыпу «Іскандэр». Яны дакладна ведалі, што страляюць у месца, дзе будзе вялікая канцэнтрацыя мірнага насельніцтва. Вядома, што загінулі 13 чалавек, каля 60 пацярпелі.
Праз поўнамаштабную вайну Расіі супраць Украіны Вікторыя Амэліна стала не толькі пісьменніцай. З лета 2022 года яна далучылася да праваабарончай арганізацыі «Truth Hounds». Разам з камандай Вікторыя дакументавала ваенныя злачынствы на дэакупаваных тэрыторыях на ўсходзе, поўдні і поўначы Украіны, у прыватнасці, у Капытолаўцы Ізюмскага раёна, дзе знайшла дзённік забітага расіянамі пісьменніка Уладзіміра Вакулэнкі.
У гэты ж час Вікторыя пачала працу над сваёй першай навукова-публіцыстычнай кнігай на англійскай мове «War and Justice Diary: Looking at Women Looking at War», што неўзабаве выйдзе за мяжой. У гэтай кнізе Вікторыя распавядае пра ўкраінскіх жанчын, якія дакументуюць ваенныя злачынствы, і пра іх жыццё падчас вайны. Пісьменніца таксама вяла актыўную прапагандысцкую дзейнасць: звярталася да ўрадаў іншых краін з заклікам даць Украіне зброю, а таксама патрабавала справядлівасці і стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбунала для ўсіх вінаватых у ваенных злачынствах Расіі супраць Украіны, казала пра супольную антыкаланіяльную барацьбу ўкраінцаў ды іншых народаў свету.
Вікторыя Амэліна нарадзілася 1 студзеня 1986 года ў Львове. У школьныя гады разам з бацькам пераехала ў Канаду, але неўзабаве вырашыла вярнуцца ва Украіну. У 2007 годзе з адзнакай атрымала ступень магістра камп’ютарных тэхналогій Львоўскага політэхнічнага ўніверсітэта. У 2005–2015 гадах працавала ў міжнародных тэхналагічных кампаніях.
У 2014 годзе выйшаў дэбютны раман Вікторыі «Синдром листопаду, або Homo Compatiens». Кніга ўвайшла ў дзясятку найлепшых празаічных выданняў паводле версіі прэміі «ЛітАкцент року – 2014». У наступным годзе раман быў перавыдадзены і увайшоў у шорт-ліст прэміі імя Валерыя Шэўчука.
У тым жа 2015 годзе Вікторыя Амэліна прыпыніла сваю кар’еру ў сферы інфармацыйных тэхналогій, каб прысвяціць сябе пісьменніцтву. У 2016 годзе выйшла яе першая кніга для дзяцей «Хтось, або Водяне Серце». У 2021 годзе выйшла яе чарговая кніга для дзяцей, «Е-е-есторії екскаватора Еки». У 2017 годзе «Видавництво Старого Лева» выдала другі раман Вікторыі, «Дім для Дома». Кніга трапіла ў шорт-ліст такіх нацыянальных і міжнародных прэмій, як «ЛітАкцент року – 2017», «Премія міста літератури ЮНЕСКО», літаратурная прэмія Еўрапейскага Саюза. На фестывалі «Запорізька книжкова толока» «Дім для Дома» быў названы найлепшай празаічнай кнігай года.
Тэксты Вікторыі Амэлінай выходзілі ў перакладах на польскую, чэшскую, нямецкую, галандскую і англійскую мовы. Нядаўна раман «Дім для Дома» быў перакладзены на іспанскую мову.
У 2021 годзе Вікторыя стала лаўрэаткаю літаратурнай прэміі імя Джозэфа Конрада-Кажанёўскага. У тым жа годзе яна заснавала Нью-Ёркскі літаратурны фестываль, які прайшоў у паселішчы Нью-Ёрк Бахмуцкага раёна Данецкай вобласці.
Мы падзяляем велізарны боль і выказваем глыбокія спачуванні родным, сябрам і калегам нашай дарагой Вікторыі.
Найбліжэйшым часам сваякі паведамяць пра час і месца развітання з Вікторыяй у Кіеве і Львове.
Для нас, родных, сяброў і калег Вікторыі, надзвычай важна, каб культурныя ініцыятывы, заснаваныя ёю, працягваліся. Пазней мы падзелімся з вамі інфармацыяй пра тое, як кожны неабыякавы можа падтрымаць справу яе жыцця.