На 30 чэрвеня 2023 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 31, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 132.
У дачыненні да спявачкі, выканаўцы фальклору Патрыцыі Свіцінай распачата крымінальная справа.
Суд пастанавіў перавесці зняволенага на 7 гадоў літаратара і палітыка Паўла Севярынца на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады.
Грамадскага дзеяча, журналіста і эсэіста Андрэя (Анджэя) Пачобута накіравалі ў калонію № 1 у Наваполацку адбываць тэрмін пакарання.
Пракурор запатрабаваў 10 гадоў пазбаўлення волі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму для менеджара культуры, былога кіраўніка платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуарда Бабарыкі.
Літаратара Аляксандра Фядуту ў папраўчай калоніі № 15 у Магілёве пазбавілі перадач да кастрычніка.
Валянціна Болбат, грамадская актывістка і арганізатарка культурніцкіх мерапрыемстваў, асуджана на 30 сутак адміністрацыйнага арышту.
На 15 сутак арыштаваны Аляксандр Баль – бард, былы супрацоўнік магілёўскага драматычнага тэатра, аўтар песні пра палітычныя рэпрэсіі «На Родине моей беда».
На 15 сутак арыштавалі музыку і збіральніка фальклору Васіля Шкіндзера.
Актывістку Саюза палякаў, былую дырэктарку і выкладчыцу польскай школы Анжаліку Арэхву не выпусцілі з Беларусі.
У Ліцэі БДУ звольнены 10 выкладчыкаў.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 1 чэрвеня стала вядома, што ў дачыненні да спявачкі, выканаўцы фальклору Патрыцыі Свіцінай распачата крымінальная справа паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Патрыцыя Свіціна знаходзіцца ў Жодзіне ў турме № 8. Яна была затрымана ў Мінску 16 траўня 2023 года.
2. 21 чэрвеня ў Шклове ў папраўчай калоніі № 17 адбыўся суд наконт замены рэжыму ўтрымання зняволенаму літаратару і грамадскаму дзеячу Паўлу Севярынцу. Суд пастанавіў перавесці Паўла Севярынца на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады. Перад судом яго ўтрымлівалі ў ШІЗА некалькі месяцаў, а потым перавялі ў памяшканне камернага тыпу на 3 месяцы, што прывяло да пагаршэння здароўя. Турэмны рэжым – самы жорсткі з варыянтаў рэжыму ўтрымання, бо чалавек увесь час знаходзіцца ў камеры, круглыя суткі і гадамі, часта з аднымі і тымі ж людзьмі, не мае магчымасці працаваць і хадзіць па тэрыторыі калоніі, жыць «грамадскім жыццём» калоніі, напрыклад, вучыцца новай прафесіі ці ўдзельнічаць у гуртках паводле інтарэсаў. 7 чэрвеня 2020 года Павел Севярынец быў затрыманы ў Мінску пасля таго, як правёў на плошчы перад Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасці» побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. У дачыненні да Паўла Севярынца было выстаўлена абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай. 25 траўня 2012 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Паўла Севярынца да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
3. 21 чэрвеня стала вядома, што грамадскага дзеяча, журналіста і эсэіста Андрэя (Анджэя) Пачобута накіравалі адбываць тэрмін пакарання ў калонію № 1 у Наваполацку. 8 лютага 2023 г. Гродзенскі абласны суд прысудзіў Андрэю Пачобуту 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы), ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасці). 26 траўня 2023 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Андрэя Пачобута і пакінуў прысуд без зменаў, а скаргу – без задавальнення. 23 чэрвеня 2023 года МУС дадало Андрэя Пачобута да так званага пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
4. 27 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна пачаўся разгляд крымінальнай справы Андрэя Несцяровіча, уладальніка этнакрамы «Цудоўня», паводле арт. 295 ч. 2 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Этнакрама «Цудоўня» працуе ў Гродне з 2015 года. У 2020 годзе супрацоўнікі этнакрамы падтрымала мірныя пратэсты, накіраваныя супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. 26 кастрычніка 2020 года «Цудоўня» не працавала ў знак салідарнасці з абвешчанай агульнабеларускай забастоўкай. У выніку этнакрама зазнала рэпрэсіі і штрафы, а 3 снежня 2020 года была пазбаўлена памяшкання.
5. 28 чэрвеня пракурор запатрабаваў 10 гадоў пазбаўлення волі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму для менеджара культуры, былога кіраўніка платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуарда Бабарыкі. Суд над Эдуардам Бабарыкам адбываецца з 22 траўня ў Мінскім абласным судзе на выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні суда Мінскага раёна. Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу), ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў), ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў). Эдуард Бабарыка быў арыштаваны 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, Віктарам Бабарыкам (прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзідэнцтва), калі ішоў у Цэнтральную выбарчую камісію здаваць сабраныя подпісы за Віктара Бабарыку. Затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Адвакатам увесь дзень не дазвалялася наведваць затрыманых: у будынку ДФР «праводзіліся вучэнні». У той жа дзень Эдуарда Бабарыку змясцілі ў СІЗА КДБ. Прысуд у крымінальнай справе Эдуарда Бабарыкі будзе абвешчаны 5 ліпеня
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 15 чэрвеня ў г. Гарадок Віцебскай вобласці затрыманы Аляксандр Баль – бард, былы супрацоўнік магілёўскага драматычнага тэатра, з якога яго звольнілі за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года, аўтар песні пра палітычныя рэпрэсіі «На Родине моей беда». 16 чэрвеня суд Гарадоцкага раёна пастанавіў арыштаваць музыку на 15 сутак за нібыта распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.
2. 15 чэрвеня стала вядома, што ў Лепельскім раёне затрымалі ўладальніка аграсядзібы «Паўсвіж», музыку і збіральніка фальклору Васіля Шкіндзера. 14 чэрвеня суд Лепельскага раённага суда вынес рашэнне: 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
3. 19 чэрвеня ў Наваполацку адбыўся суд над Валянцінай Болбат – грамадскай актывісткай і арганізатаркай культурніцкіх мерапрыемстваў з Верхнядзвінску. Рашэнне суда: 30 сутак адміністрацыйнага арышту паводле ч. 2. арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыі) і ч. 3 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). На старонцы Валянціны Болбат у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» супрацоўнікі міліцыі знайшлі відэа з інтэрнэт-рэсурсу, прызнанага ўладамі экстрэмісцкім, што было кваліфікавана як распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, таксама была знойдзена і выява нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, што кваліфікавалі як правядзенне несанкцыянаванага пікетавання. Валянціна Болбат спрабавала абскардзіць рашэнне Наваполацкага суда ў абласным судзе ў Віцебску, але абласны суд пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў. У 2023 годзе Валянціну Болбат судзілі паводле артыкулаў 19.11 і 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях 6 разоў. Знаходжанне за кратамі нанесла значную школу яе здароўю. Валянціна Болбат перанесла гіпертанічны крыз падчас знаходжання ў Наваполацкім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
1. 1 чэрвеня ў Оршы працаўніцу Аршанскага льнокамбіната асудзілі на 3 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што яна карысталася на працы тэрмакубкам з выявай герба «Пагоня» і надпісам «Жыве Беларусь!». Суд кваліфікаваў выкарыстанне кубка як несанкцыянаваны пікет на працоўным месцы і вынес рашэнне паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, кубак пастанавіў знішчыць.
2. 13 чэрвеня ў Глыбокім суд прыняў рашэнне наконт 15 сутак адміністрацыйнага арышту Андрэя Гутара за дзве публікацыі ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» з выявамі нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга. Андрэя Гутара судзілі паводле двух артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях – ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне ці перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі) і ч. 1 арт. 24.23 (парушэнне парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства).
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных
1. Аляксандра Фядуту ў папраўчай калоніі № 15 у Магілёве пазбавілі перадач да кастрычніка. Перадаюць толькі лекі. Аляксандр Фядута – літаратар, рэдактар, журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), выдавец, палітычны аналітык. 5 верасня 2022 года Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў адкрытым працэсе вынес прысуды ў крымінальнай справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», паводле якой, сярод іншых, асуджаны Аляксандр Фядута. Яму прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам).
2. 15 чэрвеня Аляксандру Францкевічу да 6 ліпеня працягнулі тэрмін знаходжання ў штрафным ізалятары, дзе яго трымаюць з 28 сакавіка. Аляксандр Францкевіч – актывіст анархісцкага руху, літаратар, аўтар турэмнай прозы. Неаднаразова зазнаваў адміністрацыйны і крымінальны пераслед за грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у пратэстах, двойчы быў прызнаны палітвязнем. 6 верасня 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе быў вынесены прысуд Аляксандру Францкевічу: 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. У сакавіку 2023 года ён этапаваны ў калонію № 5 у Івацэвічах.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
28 чэрвеня выдавец Генадзь Вінярскі паведаміў на сваёй Facebook-старонцы: «Стадыя ліквідацыі выдавецтва “Кнігазбор” пачала выходзіць на фінішную прамую. Пачаў пакрысе забіраць з інтэрнэт-кнігарняў непрададзеныя кнігі. Замовіць іх яшчэ можна на knihi.by, kniganosha.by, tn.by». Пра тое, што Міністэрства інфармацыі спыніла дзейнасць выдавецтва «Кнігазбор», стала вядома 22 студзеня. 26 студзеня Генадзь Вінярскі, дырэктар выдавецтва, напісаў на Facebook-старонцы, што здаў у Міністэрства інфармацыі пасведчанне выдаўца: «Вось і скончылася мая эпапея выдаўца. 27 гадоў працы, каля 3 тысяч найменняў кніг, прэзентацыі, выставы. Сёння здаў у Міністэрства інфармацыі пасведчанне выдаўца. У хуткім часе пачнём працэс ліквідацыі ПУП “Кнігазбор”, таму купляйце ў кнігарнях кнігі нашага выдавецтва, пакуль яны ёсць». У тэлеграм-канале Міністэрства інфармацыі паведамілі, што прычына – «парушэнне тэрмінаў звароту ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэннем аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў». «Кнігазбор» – адно са старэйшых недзяржаўных выдавецтваў у Беларусі.
VI. Звальненні за грамадзянскую пазіцыю
1. У Полацкім дзяржаўным універсітэце звольнілі не менш за 7 супрацоўнікаў, сярод іх: сакратар дэканата гісторыка-філалагічнага факультэта Кацярына Шаўлюга, выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў Анастасія Мазго, выкладчыца кафедры замежных моў Святлана Панімашчанка.
2. У Ліцэі БДУ звольнілі 10 выкладчыкаў, сярод іх – выкладчыкі геаграфіі, гісторыі, беларускай мовы і літаратуры.
VII. Парушэнне права на свабоду перамяшчацца
23 чэрвеня актывістку Саюза палякаў, былую дырэктарку і выкладчыцу польскай школы Анжаліку Арэхву не выпусцілі з Беларусі. На мяжы ў пашпарце паставілі пячатку «У выездзе адмоўлена». Пра прычыны адмовы не паведамілі, параілі звярнуцца ў мясцовы РАУС. У 2022 годзе Анжаліку Арэхву асудзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне ці перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі).