Распачаты крымінальныя справы супраць хрысціянскіх музыкаў Андрэя і Веры Мамойкаў; спявачкі Аляксандры Захарык; зняволенай актывісткі і публіцысткі з Пружанаў Алены Гнаўк.
Працягнуўся новы судовы працэс у справе палітвязня, краязнаўцы Уладзіміра Гундара, асуджанага на 18 гадоў. Вынесены прысуды ў крымінальных справах журналіста і эсэіста Андрэя (Анджэя) Пачобута – 8 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму; Уладзіміра Буцькаўца – 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Распачаліся суды паводле новых крымінальных спраў супраць зняволеных філосафа Уладзіміра Мацкевіча, асуджанага на 5 гадоў: палітыка і рэкламіста, выканаўца песні «Муры» Сяргея Ціханоўскага, асуджанага на 18 гадоў.
Пачаліся судовыя працэсы паводле крымінальных спраў Валерыі Касцюговай – заснавальніцы і рэдактаркі сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», Наталлі Дулінай – лінгвісткі, перакладчыцы з італьянскай мовы.
Пракурор Аляксандр Кароль запатрабаваў для пакарання праваабаронцы, літаратара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 5000 базавых велічыняў (185 000 рублёў ці 73 200 долараў).
13 лютага Алесь Бяляцкі выступіў у судзе з апошнім словам, у якім назваў справу праваабарончага цэнтра «Вясна» палітычна матываванай, зрабіў акцэнт на парушэнні моўных правоў у судовым працэсе і заклікаў да шырокага дыялогу ў грамадстве.
І. Крымінальныя палітычна матываваныя справы супраць дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 1 лютага ў Мінску затрыманы хрысціянскія музыкі – сужэнцы Андрэй і Вера Мамойкі. Супраць іх распачата крымінальная справа за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Падставай стаў фотаздымак сужэнцаў на дарозе падчас мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе.
- 1 лютага ў судзе Ленінскага раёна Гродна працягнуўся судовы працэс у справе палітвязня, краязнаўцы Уладзіміра Гундара, якога абвінавачваюць у абразе пракурора Людмілы Герасіменкі. Уладзімір Гундар адмовіўся даваць паказанні як падчас следства, так і на судзе, ён спаслаўся на арт. 27 Канстытуцыі, які дазваляе не сведчыць супраць сябе. Суд адбываецца ў адкрытым рэжыме. Ранейшы прысуд Уладзіміру Гундару – 18 гадоў калоніі.
- 2 лютага супраць актывісткі і публіцысткі з Пружанаў Алены Гнаўк распачалі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Алену Гнаўк, якая адбывае пакаранне ў гомельскай калоніі № 4, змясцілі ў памяшканне камернага тыпу да 24 лютага, яе пазбавілі амаль усіх перадач, званкоў, спатканняў і скарацілі магчымасць атаварвацца з трох базавых велічыняў да адной (32 рублі).
- 6 лютага 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе ў адкрытым рэжыме пачаўся разгляд крымінальнай справы Валерыі Касцюговай і даследчыцы Таццяны Кузінай. Валерыя Касцюгова – заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка зборніка аналітычных аглядаў пра развіццё сітуацыі ў Беларусі за год «Белорусский ежегодник», кіраўніца экспертна-маніторынгавай групы «Беларусь у фокусе». 30 чэрвеня 2021 года Валерыю Касцюгову затрымалі пасля ператрусу ў кватэры, змясцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Валерыю Касцюгову абвінавацілі паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), а таксама паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам).
- 8 лютага 2023 года ў Гродне ў абласным судзе вынесены прысуд палітзняволенаму журналісту і эсэісту Андрэю (Анджэю) Пачобуту – 8 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме (суддзя Дзмітрый Бубенчык). Андрэя Пачобута абвінавачвалі ў закліку да санкцый на падставе арт. 361.3 Крымінальнага кодэкса і арт. 130.3 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу). Андрэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне пасля ператрусу ў сваім доме. 4 кастрычніка 2022 года КДБ дадаў журналіста ў «спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Андрэй Пачобут мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым палітвязня змяшчалі ў карцар. Журналісту практычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове. Андрэй Пачобут – эсэіст, журналіст, публіцыст, блогер, паэт, аўтар песень, музыка, аўтар кнігі «Сістэма Беларусь» («System Białoruś», 2013), у якой ён уздымаў праблемы Беларусі і краін постсавецкай прасторы. Андрэй Пачобут паслядоўна называў напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе агрэсіяй і пісаў праўду пра пераслед польскай меншасці ў Беларусі. 31 сакавіка 2021 года праваабаронцы прызналі Андрэя Пачобута палітвязнем і заклікалі неадкладна вызваліць яго з-пад варты і спыніць крымінальны пераслед, а таксама спыніць пераслед прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці, выкарыстанне арт. 130 Крымінальнага кодэкса ў мэтах пакарання за выказванне меркаванняў аб гістарычных фактах, што з’яўляецца несумяшчальным з абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь у межах Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- 7 лютага ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачаўся суд над Наталляй Дулінай – лінгвісткай, перакладчыцай з італьянскай мовы, былой выкладчыцай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, дацэнткай. Наталлю Дуліну затрымалі 3 кастрычніка ў Мінску. Супраць яе распачата крымінальная справа, яе абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). На працягу 2022 года Наталлю Дуліну затрымлівалі чатыры разы і судзілі на падставе палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулаў. 9 верасня 2020 года разам з калегамі-выкладчыкамі яна выступіла ў відэазвароце, дзе падтрымала студэнтаў, асудзіла дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і пазіцыю адміністрацыі ўніверсітэта. 29 кастрычніка 2020 года яе звольнілі з універсітэта.
- 9 лютага ў судзе Ленінскага раёна пракурор Аляксандр Кароль запатрабаваў для праваабаронцы, літаратара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага тэрмін зняволення 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 5000 базавых велічыняў (185 000 рублёў або 73 200 долараў). 13 лютага ў судзе Ленінскага раёна завяршыўся судовы разбор у справе праваабарончага цэнтра «Вясна». 13 лютага Алесь Бяляцкі выступіў з апошнім словам, у якім назваў справу «Вясны» палітычна матываванай і асобна адзначыў парушэнне моўных правоў у судовым працэсе: «Надзвычайна склалася сітуацыя з мовай у судзе: абвінавачванне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я як абвінавачваны з’яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. Нагадваю, што беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай, і вы як дзяржаўныя чыноўнікі павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы, у тым ліку і беларускую, а не пыкаць і бэкаць. Таму вы абавязаны размаўляць адпаведна з беларускамоўнымі грамадзянамі па-беларуску. Напрыклад так, як гэта прадугледжвае Закон “Аб зваротах грамадзян”: калі ты пішаш на беларускай, то любое чыноўніцкае ведамства адказвае табе на беларускай мове. Гэтым самым мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачвання. Мне не далі магчымасці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазіцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачванне». Алесь Бяляцкі заклікаў да пачатку дыялогу: «Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы цяжка ні здавалася камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць быць вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, правядзенне шырокамаштабнай амністыі, спыненне рэпрэсій, бо няма сэнсу ў амністыі, калі адной рукой людзей вызваляюць, а другой працягваюць саджаць. У такім дыялогу павінны ўзяць удзел як прадстаўнікі ўладаў, так і прадстаўнікі шырокай грамадскасці, палітычных партый і рухаў, тыя, хто зараз знаходзіцца ў турмах, і тыя, хто ратуецца ад рэпрэсій і вымушаны быў з’ехаць за мяжу». Акрамя кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага на лаве падсудных – яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч. Змітра Салаўёва судзілі завочна, бо ён знаходзіцца за межамі краіны. Алеся Бяляцкага з калегамі арыштавалі 14 ліпеня 2021 года, з таго часу яны ўтрымліваліся пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Праваабаронцаў судзяць паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд праходзіць у адкрытым рэжыме.
- 13 лютага ў судзе Шклоўскага раёна ў дачыненні да Уладзіміра Мацкевіча павінна было адбыцца слуханне справы «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і змяненні ўмоў рэжыму». Правядзенне судовага пасяджэння было перанесена на тэрыторыю ПК № 17, у якой цяпер знаходзіцца Уладзімір Мацкевіч. Ні блізкім, ні адвакату трапіць на суд не ўдалося.
- 13 лютага стала вядома, што супраць спявачкі Аляксандры Захарык заведзена крымінальная справа на падставе арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яе затрымалі 30 студзеня, дома прайшоў ператрус. Аляксандра Захарык выступала з гуртом «Apple Tea», працавала над уласным праектам «ZAKHARIK», удзельнічала ў праекце «Голас» і адборах на «Еўрабачанне» ад Беларусі.
- 13 лютага ў Гомельскім абласным судзе прысудзілі 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму Уладзіміру Буцькаўцу. Яму інкрымінавалі адміністраванне суполкі «УКантакце» «ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ ў Беларусі!» і асудзілі паводле ч. 1 арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання). Уладзіміра Буцькаўца затрымалі 5 верасня 2022 года.
- 14 лютага ў Жодзіне пачаўся новы суд над палітыкам, які ў 2020 годзе хацеў балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, блогерам і рэкламістам, выканаўцам песні «Муры» Сяргеем Ціханоўскім. Яго абвінавачваюць у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі турмы». Суд праходзіць у турме. Паводле абвінавачвання, Сяргей Ціханоўскі падчас адбыцця пакарання нібыта «сістэматычна дапускаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамернікамі». За гэта ён «неаднаразова падвяргаўся спагнанням». У снежні 2021 года Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 191 (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў), арт. 130 (распальванне варожасці).
ІІ. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
- 9 лютага не выйшаў на волю асуджаны на 15 сутак вакаліст фолк-рок-гурта «Бан Жвірба» Дзмітрый Гаўрылін, які разам з жонкай быў затрыманы 27 студзеня.
- 14 лютага стала вядома па арышт музыкі Аляксандра Хадасевіча. На праўладных каналах апублікавана відэа, з якога вынікае, што прычынай затрымання Аляксандра Хадасевіча сталі «негатыўныя каментары ў тэлеграме», а таксама беларускамоўны кавер на песню гурта «Scorpions» «Вецер перамен». Аляксандр Хадасевіч граў на бас-гітары і спяваў у розных гуртах, займаўся ўласным праектам «Lirivіal».
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
- 4 лютага стала вядома, што філосафа Уладзіміра Мацкевіча, які ўтрымліваецца ў шклоўскай калоніі, на тры месяцы змясцілі ў ПКТ. Уладзімір Мацкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 4 жніўня 2021 года, асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі узмоцненага рэжыму. Ад яго два месяцы як перасталі прыходзіць лісты.
- 10 лютага стала вядома, што Мікола Дзядок, аўтар кнігі «Фарбы паралельнага свету», змешчаны ў штрафны ізалятар на 7 сутак. Мікола Дзядок асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі 10 лістапада 2021 года паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342, арт. 361, арт. 295.3.
- 15 студзеня стала вядома, што ў асуджанага на 8 гадоў дызайнера Дзмітрыя Кубарава ў наваполацкай калоніі № 1 пагоршыўся зрок, пачалося запаленне лімфавузлоў. Медыцынская дапамога не аказваецца, вязня працягваюць змяшчаць у штрафны ізалятар з бесчалавечнымі ўмовамі: у камерах холадна, порцыя ежы зменшана, цёплага адзення не выдаюць, удзень забаронена ляжаць.
- Літаратару, галоўнаму рэдактару інтэрнэт-партала «Ежедневник» Сяргею Сацуку ў СІЗА турмы № 4, дзе ён чакае размеркавання ў калонію, не выдаюць лекаў, праз гэта вельмі пагоршылася яго здароўе.
IV. Рэпрэсіі ў кніжнай і выдавецкай сферы
15 лютага ў Баранавічах у выдавецкім доме «Інтэкс-прэс» супрацоўнікі міліцыі забралі тэхніку: сістэмныя блокі, фотаапарат, ноўтбукі, камп’ютарную тэхніку бухгалтэрыі і рэкламнага аддзела.
V. Рэпрэсіі за выкарыстанне беларускай нацыянальнай сімволікі (бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня»)
1 лютага ў Лідзе Аляксандр Пячко атрымаў у сацыяльных сетках папярэджанне ад супрацоўнікаў міліцыі за тое, што мае на руках «экстрэмісцкую» татуіроўку – «Пагоню». Ён прыйшоў у міліцыю, дзе з ім запісалі «пакаяннае» відэа і прымусілі паабяцаць пазбыцца татуіроўкі.