5 студзеня пачаўся суд у крымінальнай справе Праваабарончага цэнтра «Вясна», сярод падсудных – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», літаратуразнаўца, сябра Беларускага ПЭНа Алесь Бяляцкі.
Вынесены прысуд у крымінальнай справе культуролага, рэдактара бюлетэня работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Вацлава Арэшкі – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Прад’яўлены абвінавачванні Паўлу Белавусу – стваральніку крамы Symbal.by, культурніцкаму менеджару.
Бард і паэт з Гомеля Аляксей Ільінчык (Лешый) утрымліваецца ў СІЗА № 3 Гомеля.
Культуролаг, трэнерка этыкету і бізнес-камунікацый Аксана Зарэцкая ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
13 студзеня ў Грозаве Капыльскага раёна былі затрыманы экскурсаводы Алесь Варыкіш і Іван Сацукевіч.
12 кніг на гістарычную тэматыку прызналі «экстрэмісцкімі».
Выдавецтва «Янушкевіч» пазбавілі выдавецкай ліцэнзіі ў Беларусі.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 5 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся суд у крымінальнай справе праваабарончага цэнтра «Вясна». Сярод падсудных – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», літаратуразнаўца, сябра Беларускага ПЭНа Алесь Бяляцкі. Акрамя кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, на лаве падсудных – яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч. Зміцер Салаўёў, якога судзяць завочна, знаходзіцца за межамі краіны. Алесь Бяляцкі з калегамі былі арыштаваны 14 ліпеня 2021 года, з таго часу ўтрымліваліся пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Праваабаронцаў судзяць паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Падсудныя ўтрымліваюцца ў кайданках і ў закратаванай клетцы. На судзе Алесь Бяляцкі заявіў хадайніцтвы – весці судовы працэс на беларускай мове і зняць кайданкі. Суддзя не задаволіла хадайніцтваў. Алесь Бяляцкі заявіў, што не паспеў азнаёміцца з больш чым 70 тамамі матэрыялаў крымінальнай справы, прасіў даць яму час. Суд заявіў, што Бяляцкі меў дастаткова часу (месяц) і няма падставы даваць яму дадатковы час для азнаямлення з матэрыяламі справы.
Алесь Бяляцкі патрабаваў прылады для пісьма, бо мае ўсяго толькі стрыжні ад ручак, якімі немагчыма рабіць запісы падчас судовага пасяджэння. Падчас судовага працэсу створаны перашкоды для назіральнікаў. 5 студзеня на судзе ў «справе “Вясны”» затрымалі расійскую праваабаронцу Кацярыну Яньшыну, якая супрацоўнічае з «Мемарыялам». За тое, што яна рабіла фота і вяла трансляцыю з судовай залы, яе асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула аб дробным хуліганстве (19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ). Прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу на судовы працэс у «справе “Вясны”» не пусцілі.
2. 5 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме вынесены прысуд у крымінальнай справе культуролага, рэдактара бюлетэня работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Вацлава Арэшкі. Прысуд: 8 гадоў узмоцненага рэжыму. Вацлаў Арэшка займаўся пераважна культурніцкімі праектамі ды ініцыятывамі, друкаваўся ў часопісах «Спадчына», «Arche», «pARTisan», пэўны час рэдагаваў электронны сайт-архіў «Вытокі». Выступаў як актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», ініцыятар стварэння «Кнігі гонару Курапатаў» у памяць пра ахвяр рэпрэсій. Вацлаў Арэшка быў затрыманы ў красавіку 2022 года.
3. 6 студзеня Вярхоўны суд разгледзеў скаргу асуджаных у «справе БелаПАН» – галоўнай рэдактаркі агенцтва Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава, былога намесніка дырэктара, паэта і аўтара тэкстаў песень Андрэя Аляксандрава і яго жонкі Ірыны Злобінай. Вынесеныя 6 кастрычніка 2022 года прысуды пакінуты ў сіле: 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму дырэктару – галоўнаму рэдактару БелаПАН Ірыне Леўшынай, 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – яе папярэдніку на пасадзе дырэктара Дзмітрыю Наважылаву, 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – былому намесніку дырэктара Андрэю Аляксандраву, 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму – яго жонцы Ірыне Злобінай. Акрамя таго, Дзмітрый Наважылаў аштрафаваны на 700 базавых велічынь (цяпер гэта 22 400 рублёў), Ірына Злобіна – на 800 базавых велічынь (25 600 рублёў), Андрэй Аляксандраў – на 1000 базавых велічынь (32 000 рублёў).
4. 9 студзеня прад’яўлены абвінавачванні Паўлу Белавусу – стваральніку крамы Symbal.by, культурніцкаму менеджару, затрыманаму 15 лістапада 2021 года. Следчы камітэт заявіў, што Павел Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх была змена дзяржаўнай улады ў Беларусі». Нібыта Павел Белавус «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы». На падставе вынікаў расследавання Паўлу Белавусу выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 361.1 (кіраванне экстрэмісцкім фарміраваннем). Расследаванне крымінальнай справы Паўла Белавуса завершана, матэрыялы перададзены пракурору для накіравання ў суд.
5. 12 студзеня стала вядома, што бард і паэт з Гомеля Аляксей Ільінчык (Лешый) быў затрыманы ў жніўні 2022 года і з таго часу знаходзіцца ў СІЗА № 3 Гомеля. Паводле інфармацыі праўладнага тэлеграм-канала, барда затрымалі за «творчую дзейнасць у інтэрнэце». Імаверныя артыкулы, паводле якіх падазраюць Аляксея Ільінчыка – арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці), арт. 363 (супраціў пры затрыманні), 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Аляксей Ільінчык – аўтар кніг «От Лешки до Лешего» (2000), «ФАС», (2000), «Счастливый человек» (2002), «Лешики forever! Часть 1» (2002), «Ты знаешь…» (2004).
6. 13 студзеня стала вядома, што з канца снежня 2022 года культуролаг, трэнерка этыкету і бізнес-камунікацый Аксана Зарэцкаяўтрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 4 студзеня ў Мінску затрымалі актора тэатральна-музычнага калектыву «Пуговицы» Андрэя Трызубава, яго арыштавалі на 10 сутак і змясцілі ў ЦІП на Акрэсціна.
2. 12 студзеня ў Магілёве на кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій затрымалі прафесара, доктара сацыялагічных навук Юрыя Бубнова. Юрый Бубноў – загадчык кафедры гуманітарных дысцыплін, доктар сацыялагічных навук, вядомы эксперт-сацыёлаг, адзін са стваральнікаў Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і фестывалю «Дранік-фэст».
3. 13 студзеня ў Грозаве Капыльскага раёна былі затрыманы экскурсаводы Алесь Варыкіш і Іван Сацукевіч. Затрыманне адбылося падчас экскурсіі ў вёску Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці на абрад «Калядныя цары». У экскурсійным аўтобусе было больш за 80 чалавек. Экскурсаводы і ўдзельнікі экскурсіі былі затрыманы ў Грозаве, потым усіх вызвалілі, апроч Алеся Варыкіша і Івана Сацукевіча. Алесь Варыкіш – аўтар вершаў і мюзікла, прысвечанага гістарычнай спадчыне Рэфармацыі ў Беларусі і канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага.
III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. «Вясна» паведамляе, што 13 студзеня стала вядома, як у гродзенскай турме асуджаным у «справе Аўтуховіча» пагражаюць карцарам, прымушаюць распранацца ў халодным памяшканні, штурхаюць і б’юць. Больш за тыдзень невядома, дзе знаходзіцца баранавіцкі краязнаўца з інваліднасцю (не мае нагі) Уладзімір Гундар. Яго дачка Інга Стромская распавяла: «Яго гвалтоўна вывелі з праслухоўвання аўдыёматэрыялаў пасяджэння, куды цяпер водзяць усіх фігурантаў (магчыма, у новай справе за «абразу» пракурора). У гэты момант тата паспеў крыкнуць, што яго б’юць там. Пасля гэтага ў калідорах уключылі музыку, і больш нічога пра яго невядома».
2. 13 студзеня стала вядома, што блізкія філосафа-метадолага Уладзімера Мацкевіча не атрымліваюць ад яго вестак больш за два тыдні. «На сённяшні дзень мы нічога не ведаем ні пра ягонае месцазнаходжанне, ні пра стан здароўя. У выніку арганізаванай інфармацыйнай блакады сваякі не могуць адправіць неабходныя лекі», – гаворыцца ў паведамленні Facebook-суполкі «Філосаф у турме», прысвечанай Уладзіміру Мацкевічу.
IV. Звальненні з дзяржаўных устаноў культуры за грамадзянскую пазіцыю
1. 2 студзеня стала вядома, што з пасады загадчыка Музея гісторыі беларускага кіно звольнены кінакрытык, аўтар навуковай канцэпцыі Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў.
2. 3 студзеня стала вядома, што ў канцы снежня 2022 года звольнілі Алега Лесуна – дырыжора Тэатра оперы і балета Беларусі. Алег Лясун працаваў у тэатры з 1999 года, у яго рэпертуары – 23 оперы і 13 балетаў.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
1. 4 студзеня эканамічным судом Мінска пазбаўлена выдавецкай ліцэнзіі ў Беларусі выдавецтва «Янушкевіч». Пра гэта паведамляецца на Facebook-старонцы выдавецтва: «У судовым парадку. Суд адбыўся 4 студзеня паводле пазову Міністэрства інфармацыі РБ. Найверагодней, быў прыменены арт. 33 Закона аб выдавецкай справе. Калі не памыляемся, такое здараецца ўпершыню ў найноўшай гісторыі».
2. 9 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 12 кніг: «Беларусь превыше всего!: (О национальной беларуской идее)» Анатоля Тараса; «Год 1942 – учебный» Уладзіміра Бешанава; «Забытая Беларусь» Вадзіма Дзеружынскага; «Запісы таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага. Выклікі “рускага свету” i Беларусь. Выпуск. 6» Анатоля Тараса; «Большая кровь: Как СССР победил в войне 1941–1945 гг.» Сяргея Захарэвіча; «Нацыянальна-культурнае жыццё на Беларусі ў часы вайны (1941–1944 гг.)» Леаніда Лыча; «Постсоветский транзит: между демократией и диктатурой: Сборник статей» Анатоля Тараса; «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі: Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі»; «Тень Победы» Віктара Суворава; «Страницы прошлого: статьи по истории Беларуси» Анатоля Тараса; «Трансфармацыі ментальнасці беларусаў у IXX ст.: Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі»; «Кто, как и зачем убил Вильгельма Кубе» Алега Усачова.