Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г. д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.
Нам вядома пра тое, што пазбаўленыя волі:
Руслан Сінкевіч, асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) да чатырох гадоў зняволення ў папраўчай калоніі;
Дзмітрый Мядзведскі, асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 арт. 309 КК (Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін), ч. 1 арт. 342 КК, арт. 368 КК (Абраза А. Лукашэнкі) да трох гадоў зняволення ў папраўчай калоніі;
Юрый Трапачоў, асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп на А. Лукашэнку), ч. 1 арт. 130 КК (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) да трох гадоў зняволення ў папраўчай калоніі;
Сяргей Рабцаў, асуджаны паводле ч. 1 арт 368, ч. 1 арт. 367, ч. 1 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 369 (Абраза і паклёп на А. Лукашэнку, абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 293 (Масавыя беспарадкі) да шасці гадоў і шасці месяцаў зняволення ў папраўчай калоніі;
Артур Пядзько, узяты пад варту паводле арт. 130 КК за перадачу звестак у пратэсныя тэлеграм-каналы;
Сяргей Нялепка, асуджаны паводле ч. 1 арт. 309 (Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку ці шляхоў зносін); ч. 2 арт. 295 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў); арт. 364 (Пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў); ч. 3 арт. 361 (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 293 (Масавыя беспарадкі); ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі); ч. 1 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы); ч. 2 арт. 366 (Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак); арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса асуджаны да дзевяці гадоў пазбаўлення волі;
Аляксандр Дураеў асуджаны паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 і ч. 2 арт. 367 КК (Абраза і паклёп на А. Лукашэнку), ч. 2 арт. 295 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) да пазбаўлення волі на тры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму; захоўванне з 1990 г. патронаў, кваліфікаванае паводле ч. 2 арт. 295 КК, па сталай судовай практыцы ў падобных умовах не караецца пазбаўленнем волі.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных. Судовыя рашэнні прынятыя з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.
Мы ў чарговы раз нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым ці фактычна ў закрытым судовым пасяджэнні ў адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальна нізкай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці любых доказаў абвінавачвання.
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.
Уладзіслаў Савін 30 сакавіка 2022 года быў асуджаны паводле ч. 4 арт. 209 КК (Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры) за прысваенне грашовых сродкаў грамадзян да 7 гадоў пазбаўлення волі, паводле ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўны ўдзел у іх) за ўдзел у мірных дэманстрацыях і мітынгах 2020 года і публікацыі заклікаў да ўдзелу ў іх да 2 гадоў 10 месяцаў пазбаўлення волі; 26 кастрычніка 2022 года ён таксама асуджаны паводле ч. 1 арт. 368 КК да двух гадоў пазбаўлення волі. У выніку да раней прызначанага шляхам частковага складання пакарання ў 8 гадоў пазбаўлення волі было далучана пакаранне па новым прысудзе, і з улікам ужо адбытага тэрміна (два з паловай гады), рэшта тэрміну складае 7 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі.
Акалічнасці вынясення прысудаў, якімі У. Савіну прызначаны такі працяглы тэрмін пазбаўлення волі, значную частку якога складае адвольнае пакаранне за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх правоў і свабод, прымушаюць патрабаваць перагляду прысуду і спынення пераследу паводле арт. 342 і 368 КК.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, палітычным зняволеным з’яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Руслана Сінкевіча, Дзмітрыя Мядзведскага, Юрыя Трапачова, Сяргея Рабцава, Артура Пядзько, Сяргея Нялепкі, Аляксандра Дураева, Уладзіслава Савіна.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
- вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.