Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–30 лістапада 2022 года)

Апошняе абнаўленне: 2 снежня 2022
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–30 лістапада 2022 года)

Рэпрэсіі ў сферы культуры працягваюцца. На 30 лістапада сітуацыя стабільна кепская: Людзі Слова ў няволі – 27 чалавек, агулам у няволі – 119 дзеячаў культуры.

У перыяд 15–30 лістапада 2022 года заведзена крымінальная справа ў дачыненні да кандыдаткі філалагічных навук, былой выкладчыцы Гомельскага ўніверсітэта Наталлі Суславай; пачаўся суд у крымінальнай справе культуролага Вацлава Арэшкі; крымінальная справа сёлетняга нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага перададзена ў суд. На 10 сутак арыштавана арганізатарка культурніцкіх імпрэз Валянціна Болбат. Пасля штрафнога ізалятара трапіла ў рэанімацыю Марыя Калеснікава. Працягваецца палітыка сістэмнай дэбеларусізацыі – у Оршы на рускай мове зрабілі мемарыяльную шыльду, прысвечаную пісьменніку Уладзіміру Караткевічу.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 24 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска вынесены прысуд гітарысту «Крамбамбулі» і «Pomidor/off» Уладзіславу Плюшчаву, якога абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); арт. 188 (паклёп); ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных). Прысуд: з улікам папярэдняга пакарання ў выглядзе 2 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму са штрафам 200 базавых велічынь канчаткова прызначыць яму 3 гады калоніі і штраф 300 базавых велічынь. 

2. 25 лістапада ў дачыненні да кандыдаткі філалагічных навук, былой выкладчыцы Гомельскага ўніверсітэта Наталлі Суславай, маці загінулага ўдзельніка палка Каліноўскага Паўла Волата, распачалі крымінальную справу за інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат», паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Падчас пратэстаў 2020 года Наталля Суслава тройчы трапляла за краты паводле адміністрацыйных спраў. 29 кастрычніка 2020 года дацэнтка кафедры рускай і сусветнай літаратуры ГДУ імя Францыска Скарыны звольнілася з універсітэта. Пасля гібелі сына Наталля Суслава з’ехала ва Украіну і далучылася да беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца супраць расійскай агрэсіі.

3. 25 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме пачаўся суд над актывістамі прафсаюзаў РЭП, якіх абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні); ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі); ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці); ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні); ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім). Сярод абвінавачаных – Вацлаў Арэшка, культуролаг, архівіст, які быў затрыманы 19 красавіка 2022 года.

4. 28 лістапада пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да прадстаўнікоў праваабарончага цэнтра «Вясна». Судзіць будуць трох праваабаронцаў: Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча, якіх абвінавачваюць у незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай (ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса) і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Сярод абвінавачваных – Алесь Бяляцкі, нобелеўскі лаўрэат, старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна», літаратуразнаўца, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, эсэіст, праваабаронца, які быў арыштаваны 14 ліпеня 2021 года і з таго часу ўтрымліваецца ў следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Мінску. 10 снежня 2022 года ў Осла адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўганаравання зняволенага праваабаронцы Нобелеўскай прэміяй міру.

5. 29 лістапада Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд у крымінальнай справе літаратуразнаўцы, перакладчыка, выдаўца Аляксандра Фядуты – 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 13 красавіка 2021 года стала вядома, што Аляксандр Фядута, які ў той час знаходзіўся ў Маскве, быў затрыманы КДБ Беларусі «паводле непасрэдна ўзніклага падазрэння ў здзяйсненні злачынства» (арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса). У дачыненні да Аляксандра Фядуты распачата крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). 5 верасня Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў адкрытым працэсе вынес прысуды ў крымінальнай справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», паводле якой, сярод іншых, асуджаны Аляксандр Фядута. Яму прысудзілі 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам). Падчас судовага працэсу Аляксандр Фядута прызнаў сваю віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі ў абвінавачванні матывамі.

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 22 лістапада ў Верхнядзвінску на 10 сутак арыштавалі Валянціну Болбат, якая ладзіла асветніцкія і культурніцкія імпрэзы, прэзентацыі праваабарончых фільмаў і кніг.

2. 28 лістапада праваслаўны святар Уладзіслаў Багамольнікаў сёмы раз асуджаны на 15 сутак, не выходзячы з-за кратаў. Айцец Уладзіслаў Багамольнікаў служыў паніхіду па забітым падчас паслявыбарчых пратэстаў у 2020 годзе мастаку Раману Бандарэнку. Уладзіслаў Багамольнікаў – клірык храма Богаяўлення ў Мінску, загадчык царкоўна-гістарычнага музея Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык філасофіі ў семінарыі, сын вядомага беларускага археолага Уладзіміра Багамольнікава.

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. 28 лістапада зняволеная грамадская дзяячка і флейтыстка Марыя Калеснікава была дастаўлена з гомельскай жаночай калоніі ў рэанімацыю, у хірургічнае аддзяленне. Перад гэтым Марыю Калеснікаву змясцілі ў штрафны ізалятар, дзе ўтрымлівалі ў жорсткіх бесчалавечных умовах.

2. 29 лістапада звольнены за грамадскую пазіцыю з Акадэміі навук і асуджаны на 10 сутак літаратуразнаўца Сяргей Гаранін паведаміў на сваёй Facebook-старонцы, што праваслаўнага святара Уладзіслава Багамольнікава катуюць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама на вуліцы Акрэсціна. Сяргей Гаранін, які ўтрымліваўся ў адной камеры з Уладзіславам Багамольнікавым, напісаў: «Умовы там надзвычай жорсткія, нашмат горшыя за ўсе іншыя беларускія вязніцы і зоны. Гэта накшталт гаўптвахтаў былой савецкай арміі. Але ж на Акрэсціна доўга і не сядзяць! Чалавек такіх умоў фізічна не вытрымлівае. Ён памрэ. Так, я ведаю пра «каруселі». І пра тое, што на Акрэсціна сядзяць шмат-шмат тыдняў, таксама ведаю. І бачыў такіх. Але тры месяцы. Да таго ж, стан здароўя а. Уладзіслава пагоршыўся. Нават калі я вызваляўся і ён паціснуў мне руку, то рука ў яго была нядужая, пальцы тонкія, усе костачкі ў іх чуваць. Да таго ж, ён і галадоўку трымаў. Зрабіць яму яны нічога не могуць. Таксама прад’явіць яму па факце нічога не можна. Ну, адслужыў ён літыю па Раману Бандарэнку – дык што? Гэта пастарскі абавязак… Таму… ЯНЫ ЯГО ЗАБІВАЮЦЬ. Фізічна». Святар Уладзіслаў Багамольнікаў адслужыў паніхіду па забітым падчас паслявыбарчых пратэстаў у 2020 годзе мастаку Раману Бандарэнку.

IV. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

Пракуратура Савецкага раёна Мінска «выявіла факты прапановы грамадзянам да набыцця кніжных выданняў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паводле пракуратуры, кнігарні прадавалі «экстрэмісцкія» кнігі «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры», «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941–1944 гг.)» і «Балада пра маленькі буксір».

V. Звальненні з дзяржаўных устаноў культуры за грамадзянскую пазіцыю

Звольнена з Ліцэя БДУ выкладчыца беларускай літаратуры Марына Казлоўская, яна пакінула Беларусь, бо ўзнікла пагроза яе свабодзе.

VI. Дэбеларусізацыя

25 лістапада ў Оршы на школе № 3, дзе вучыўся пісьменнік Уладзімір Караткевіч, замацавалі мемарыяльную шыльду з рускамоўным надпісам – чарговае сведчанне палітыкі сістэмнай дэбеларусізацыі і русіфікацыі.