7 кастрычніка Нобелеўскай прэміяй міру ўганараваны зняволены праваабаронца і літаратар Алесь Бяляцкі (а таксама расійскі «Мемарыял» і ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабод). Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 па вуліцы Валадарскага ў Мінску. Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пракаментаў Нобелеўскую прэмію для Беларусі наступным чынам: «шэраг прынцыповых рашэнняў… Нобелеўскага камітэта настолькі палітызаваны, што, прабачце, Альфрэд Нобель замучыўся пераварочвацца ў труне».
Паэта і журналіста Андрэя Аляксандрава асудзілі на 14 гадоў калоніі. Рок-музыку Сяргея Далівеля – на 2 гады калоніі. Распачата крымінальная справа ў дачыненні да перакладчыцы Наталлі Дулінай.
Затрымалі музыкаў, удзельнікаў гурта «Litesound» – братоў Дзмітрыя і Уладзімера Каракіных, якія ў 2012 годзе прадстаўлялі Беларусь на «Еўрабачанні».
Працягнуліся затрыманні за выкарыстанне герба «Пагоня» (герб унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі).
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 3 кастрычніка ў Мінску затрымалі лінгвістку, перакладчыцу з італьянскай мовы, былую выкладчыцу Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, дацэнтку Наталлю Дуліну. У дачыненні да яе заведзена крымінальная справа, яе абвінавачваюць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). На працягу года Наталлю Дуліну затрымлівалі чатыры разы і судзілі на падставе палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулаў. 9 верасня 2020 года разам з калегамі-выкладчыкамі яна выступіла ў відэазвароце, дзе падтрымала студэнтаў, асудзіла дзеянні супрацоўнікаў міліцыі і пазіцыю адміністрацыі ўніверсітэта; 29 кастрычніка яе звольнілі з універсітэта. Наталля Дуліна змешчана ў ізалятар часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама.
2. 6 кастрычніка ў Мінскім абласным судзе вынесены прысуд у крымінальнай справе паэта, аўтара тэкстаў песень, рэдактара, журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава – 14 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 1000 базавых велічынь (32 000 рублёў). Андрэю Аляксандраву былі выстаўлены абвінавачванні паводле шэрага артыкулаў Крымінальнага Кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх); арт. 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў); арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім); арт. 356 (здрада дзяржаве). Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня 2021 года. Падставай для абвінавачвання стала тое, што, паводле Міністэрства ўнутраных спраў, Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года аплаціў 250 штрафаў, прызначаных удзельнікам мірных пратэстаў. 30 чэрвеня 2021 года Андрэю Аляксандраву выставілі новае абвінавачванне на падставе ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве). Суд паводле «справы БелаПАН» пачаўся 6 чэрвеня 2022 г. і доўжыўся 4 месяцы. За кратамі Андрэй Аляксандраў працягвае пісаць вершы, якія дасылае ў лістах сябрам і калегам.
3. У Мінскім гарадскім судзе працягваецца разгляд крымінальнай справы журналіста, рэдактара і літаратара Сяргея Сацука. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару), ч. 2 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Сяргей Сацук – пісьменнік-фантаст, журналіст-расследавальнік, галоўны рэдактар электроннай газеты «Еженедельник». Працаваў рэдактарам аддзела журналісцкіх расследаванняў «Белорусской деловой газеты», галоўным рэдактарам партала «Ежедневник». У 1998–1999 гадах апублікаваў фантастычная раманы на рускай мове «Міратворцы Конуса» («Миротворцы Конуса») і «Спецпадраздзяленне Чысткі» («Спецподразделение Чистки») пад псеўданімам Сяргей Барнацін (Сергей Барнатин). 3 23 верасня ў судзе вывучаюцца матэрыялы следства і заслухоўваюцца сведкі. Папярэдне судовыя пасяджэнні былі распісаны да 13 кастрычніка, а наступнымі этапамі стануць спрэчкі бакоў, апошняе слова Сяргея Сацука і агучванне прысуду.
4. 7 кастрычніка Віцебскі абласны суд асудзіў рок-музыку Сяргея Далівеля на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за каментарыі наконт справы Зельцэра ў сеціве. Яго судзілі на падставе ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці). Сяргей Далівель – лідар мінскага рок-гурта «Бандэроль», аўтар тэкстаў і музыкі, сольны выканаўца. Яго затрымалі ў 2021 годзе паводле крымінальнай справы, распачатай пасля гібелі ў Мінску супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 13 кастрычніка стала вядома пра затрыманне музыкаў, удзельнікаў гурта «Litesound» – братоў Дзмітрыя і Уладзімера Каракіных. Іх абвінавачваюць у тым, што яны «ўдзельнічалі ў незаконных маршах з перакрыццём дарог, заклікалі і агітавалі ў сацыяльных сетках, супрацоўнічалі з экстрэмісцкімі арганізацыямі». У 2012 годзе гурт «Litesound» прадстаўляў Беларусь на Еўрабачанні.
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
1. 11 кастрычніка ў Наваполацку адбыўся трэці суд над Ганнай Тукавай паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (пікетаванне). 1 верасня падчас лінейкі ў наваполацкай гімназіі быў выступ людзей у вайсковай форме. Ганна Тукава на сярэдзіне выступу выйшла перад імі і паказала знак перамогі. Яе адразу затрымалі, а потым тыдзень утрымлівалі за кратамі, нягледзячы на тое, што яна мае 12-гадовую дачку. Вядома, што раней Ганне Тукавай двойчы прызначалі штрафы: 30 і 100 базавых велічынь. Ёй ставілася ў віну «пікетаванне» ў сетцы Instagram з выявамі ўкраінскага сцяга.
2. 11 кастрычніка ў Магілёве ў цырульні скінулі з крэсла на падлогу і затрымалі Аркадзя Гуменнікава за «распаўсюд фотаздымкаў бел-чырвона-белага сцяга ў сацыяльных сетках».
3. 13 кастрычніка ў Магілёве супрацоўнікі міліцыі затрымалі таксіста Дзяніса Клешчанку і запісалі «пакаяннае» відэа, у якім ён стаіць на бел-чырвона-белым сцягу, яго прымушаюць спяваць песню «Опера» расійскай групы «Любэ» і таптаць сваю кепку з «Пагоняй».
4. 13 кастрычніка ў праўладным тэлеграм-канале явілася «пакаяннае» відэа з дырэктарам бухгалтарскай фірмы «Ваш баланс» Аляксандрам Казаковым, затрыманым за бел-чырвона-белую сімволіку ў офісе. Нагодай для рэйду ў фірму стала скарга «пільных грамадзян», якія «вельмі абурыліся» нацыянальнай сімволікай у офісе кіраўніка. Гаворка ідзе пра бел-чырвона-белыя сцяжкі і штодзённікі з «Пагоняй» (герб унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі).
5. 13 кастрычніка выйшаў на волю Дзмітрый Каваленка, якога асудзілі на 15 сутак за «Пагоню» на нумарным знаку аўтамабіля. Яго прызналі вінаватым у «пікетаванні рамкай з арнаментам на нумары аўтамабіля» (арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях). Міліцыянты разглядзелі на нумарным знаку «Пагоню».
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. Ігар Аліневіч абвясціў галадоўку ў Жодзіна ў турме № 8. Сям’я і адвакат не могуць высветліць, што з ім. Ігар Аліневіч – аўтар кнігі «Еду ў Магадан» («Еду в Магадан»), публіцыст, актывіст анархісцкага руху. У 2013 годзе Ігар Аліневіч атрымаў галоўную ўзнагароду за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні, і стаў першым лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з радыё «Свабода». 22 снежня 2021 года Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зняволення.
2. 5 кастрычніка стала вядома, што Зміцер Дашкевіч трапіў у штрафны ізалятар адразу пасля пераводу ў папраўчую калонію № 14 у Навасадах. Зміцер Дашкевіч – публіцыст, аўтар кнігі турэмнай літаратуры «Чарвяк», за якую ў 2014 годзе стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з радыё «Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. 24 сакавіка 2022 года Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, змешчаны ў ІЧУ на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. Пасля 15 сутак арышту не выйшаў на волю, яго абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». 14 ліпеня ў суд Маскоўскага раёна Мінска вынес Змітру Дашкевічу прысуд – 1,5 года калоніі.
3. 7 кастрычніка стала вядома, што да сярэдзіны студзеня мастак Алесь Пушкін будзе заставацца ў ПКТ – памяшканні камернага тыпу. Жонка Алеся Пушкіна, гісторык Яніна Пушкіна, два месяцы не атрымлівала лістоў ад мужа з калоніі, спатканне яму забаранілі. У жніўні 2022 года адміністрацыя калоніі на 5 месяцаў за «парушэнні рэжыму» змясціла Алеся Пушкіна ў ПКТ, дзе ён цалкам ізаляваны. 30 сакавіка 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе быў вынесены прысуд у яго крымінальнай справе – пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у калоніі строгага рэжыму шляхам частковага складання прысуду: 4,5 года калоніі паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (рэабілітацыя нацызму) і год «хіміі» паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў). Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года за размяшчэнне 19 сакавіка на выставе ў Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця партрэта антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара. У 2019 годзе Алесь Пушкін за кнігу «Турэмны альбом» стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з радыё «Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
«Белкніга» – сетка дзяржаўных кнігарняў па ўсёй Беларусі – разрывае дамовы з незалежнымі выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор», «Галіяфы». «Мноства нашых кніг, якія мы даўно нікуды не пастаўляем, можна яшчэ знайсці ў кнігарнях «Белкнігі», асабліва ў рэгіёнах, – паведамляецца на Facebook-старонцы выдавецтва «Янушкевіч».