Людзі Слова ў няволі (27)
Пошук

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 11 новых палітычных зняволеных


Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржавы і дзяржаўных сімвалаў, іншыя формы рэалізацыі свабоды мяркаванняў:

  1. Максім Грэчкаедаў, узяты пад варту па “справе Зельцэра”;
  2. Віктар Дзіброў, узяты пад варту па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;
  3. Аляксандр Патапаў, узяты пад варту па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;
  4. Вольга Кавалёва, асуджана па арт. 369, 391, 364 КК за абразу прадстаўніка ўлады і суддзі да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  5. Анастасія Савуляк, асуджана па ч. 1 арт. 368  КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  6. Сяргей Фісюк, асуджаны па “справе Зельцэра”, арт. 130 КК, да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  7. Цімафей Шкуратовіч, асуджаны па “справе Зельцара” па ч. 1 арт. 293, ч.1 арт. 130 і  арт. 369 КК да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  8. Аляксандр Шурхаеў, асуджаны па арт. 368, 369, 391 КК за абразу А. Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і суддзі да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  9. Дзмітрый Янушкевіч, асуджаны па арт. 370 за знявагу дзяржаўных сімвалаў і па ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго году пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  10. Філіп Федарэнкаў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  11. Жанна Чарняўская, асуджана па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіравана для адбыцця пакарання.

Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Жанну Чарняўскую, Віктара Дзіброва, Аляксандра Шурхаева, Аляксандра Патапава, Дзмітрыя Янушкевіча, Сяргея Фісюка, Максіма Грэчкаедава, Цімафея Шкуратовіча, Філіпа Федарэнкава, Вольгу Кавалёву, Анастасію Савуляк і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Lawtrend.