Працягваюцца палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да людзей слова і дзеячаў культуры. Пракурор запрасіў для літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты пакаранне ў выглядзе 12 гадоў калоніі. У Брэсце распачалі крымінальную справу ў дачыненні да музыкі Сяргея Нікіцюка. У Гродне затрымалі Паўла Мажэйку – кіраўніка «Цэнтра гарадскога жыцця», журналіста, каардынатара выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка». У Мінску затрымана экскурсаводка і блогерка Святлана Грышкевіч. Улады знішчаюць мясціны памяці часоў Другой сусветнай вайны, якія не ўпісваюцца ў афіцыйную ідэалагічную дактрыну і дзяржаўную версію нацыянальнай памяці. Пад ціскам уладаў спынілі дзейнасць два незалежныя выдавецтвы – «Галіяфы» і «Лімарыус».
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. Следства паводле крымінальнай справы праваабарончага цэнтра «Вясна», які ўзначальвае літаратуразнаўца і праваабаронца Алесь Бяляцкі, працягнулі да кастрычніка.
2. 22 жніўня суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў камерцыйнага дырэктара кінатэатраў «Silver Screen» Аляксандра Дземідовіча на 2,5 года «хіміі» паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Аляксандр Дземідовіч быў затрыманы 25 траўня 2022 года ў Мінску на працоўным месцы.
3. 25 жніўня стала вядома, што ў Брэсце затрыманы музыка Сяргей Нікіцюк. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што Сяргей Нікіцюк нібыта абразіў у каментарыях Лукашэнку, а таксама даслаў «экстрэмісцкім каналам» свой бюлетэнь з рэферэндума, праведзенага ў Беларусі 27 лютага 2022 года. У дачыненні да Сяргея Нікіцюка распачалі крымінальную справу на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (абраза прэзідэнта); арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім); арт. 361.4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
4. 30 жніўня Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў адкрытым працэсе працягнуў разгляд «справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», паводле якой сярод іншых абвінавачваецца літаратуразнаўца, аўтар прозы і вершаў, выдавец і палітычны аналітык Аляксандр Фядута. Пракурор запатрабаваў для Аляксандра Фядуты 12 гадоў калоніі паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Прысуд будзе абвешчаны 5 верасня.
5. 30 жніўня ў Гродне затрымалі Паўла Мажэйку, яго даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Гая. Павел Мажэйка – кіраўнік культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця», журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», спецыялізаванай на выданні кніг аўтараў з Гродна і кніг пра Гродна. 30 жніўня ў Паўла Мажэйкі ўчынілі дома ператрус, які доўжыўся больш чым шэсць гадзін. Павел Мажэйка – адзін з першых палітвязняў у Беларусі, у 2002 годзе быў асуджаны на два гады хіміі за «паклёп» на Лукашэнку ў матэрыяле газеты «Пагоня». У сакавіку 2021 года Паўла Мажэйку затрымлівалі разам з мастаком Алесем Пушкіным, які выставіў у «Цэнтры гарадскога жыцця» партрэт антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара, мастака абвінавацілі ў «рэабілітацыі нацызму». 26 сакавіка 2021 года ў «Цэнтры гарадскога жыцця» адбыўся ператрус. Павел Мажэйка быў затрыманы, абвешчаны падазраваным у крымінальнай справе і змешчаны за краты, праз 72 гадзін яго вызвалілі з фармулёўкай «зніклі падставы для затрымання». 12 траўня 2021 года эканамічны суд Гродзенскай вобласці пастанавіў ліквідаваць «Цэнтр гарадскога жыцця», у якім 5 гадоў ладзіліся выставы, канцэрты, дыскусіі, кніжныя прэзентацыі.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 22 жніўня стала вядома, што спявачка Мерыем Герасіменка не выйшла на волю пасля арышту. 3 жніўня яе затрымалі ў Мінску пасля канцэрта ў бары «Банкі-бутэлькі». Сярод песень, выкананых спявачкай на канцэрце, быў твор украінскага гурта «Океан Ельзи» – «Обійми». Відэа апублікавалі ў сацыяльных сетках, што выклікала абурэнне дзяржаўных прапагандыстаў. 6 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся суд, Мерыем Герасіменку асудзілі тады на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
2. 27 жніўня ў Наваполацку затрымалі Захара Сабіна, гітарыста рок-гурта «Detroit hills». Прычынай затрымання маглі стаць рэпосты музыкі з каналаў, абвешчаных уладамі «экстрэмісцкімі».
3. 30 жніўня ў Мінску затрымалі экскурсаводку і блогерку Святлану Грышкевіч. Паводле паведамлення праўладнага тэлеграм-канала, яна нібыта « скажала гістарычныя факты і прыводзіла гістарычныя паралелі згодна са сваімі перакананнямі». У «пакаянным» відэа затрыманая кажа, што падчас экскурсіі «дапусціла некарэктную заўвагу на адрас кіраўніка нашай дзяржавы». Таксама яна прызнаецца, што ўдзельнічала ў пратэстах.
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
1. 25 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска журналістку Таццяну Мацвееву асудзілі на 8 сутак адміністрацыйнага арышту. Яе абвінавацілі ў тым, што яна «без дазволу райвыканкама размясціла на сваёй старонцы ў Facebook фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам», чым «выказала сваю грамадска-палітычную пазіцыю». Суд расцаніў гэта як «незаконнае пікетаванне» – арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. Пры ператрусе з кватэры журналісткі забралі тэхніку (ноўтбук, два тэлефоны, флэшку), а таксама бел-чырвона-белую і сінюю стужкі, бел-чырвоны значок, паштоўку ў гонар 100-годдзя БНР, кнігі і лісты ад палітвязняў.
2. 26 жніўня стала вядома пра арышт бізнесоўца Вадзіма Слівінскага, які браў з сабой у вандроўкі бел-чырвона-белы сцяг і фатаграфаваўся з ім на Эльбрусе, а таксама ва Узбекістане і Кыргызстане.
3. 25 жніўня ў зале суда Кастрычніцкага раёна Віцебска затрымалі актывіста і распаўсюдніка беларускіх кніг Барыса Хамайду, які выступаў сведкам у справе. Прычынай затрымання стаў медальён з гербам «Пагоня». Супрацоўнікі міліцыі склалі на 74-гадовава Барыса Хамайду адміністрацыйны пратакол за «несанкцыянаванае пікетаванне». Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска не прыняў адміністрацыйную справу, Барыса Хамайду адпусцілі на волю і сказалі чакаць позвы.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. Літаратуразнаўцу і праваабаронцу Алеся Бяляцкага ўтрымліваюць ў СІЗА № 1 Мінска ў «спецкалідоры» – сутарэннях турмы, пабудаванай у XIX стагоддзі. Пры гэтым Алеся Бяляцкага абмяжоўваюць у ліставанні.
2. У Гродне ў турме № 1 працягваецца ціск на Міколу Дзядка – аўтар кнігі «Фарбы паралельнага свету», блогера, аўтара газеты «Новы час», актывіста анархічнага руху. 3 жніўня Міколу Дзядка змясцілі ў штрафны ізалятар, ён застаецца там дагэтуль. Перад тым у канцы ліпеня яго ўжо змяшчалі на тыдзень у ШІЗА. Як піша Мікола Дзядок, прычынай сталі «парушэнне формы адзення і адмова ад правядзення дакладвання». «У 6:30 раніцы, калі я снедаў, зайшлі ў маю камеру. Супрацоўнік запатрабаваў стаць тварам да сцяны ў паставу для ператрусу (на расцяжку) і прадставіцца (сцяне). Потым пачалося: чаму не ў час прадставіўся, чаму ў майцы, чаму басанож і г. д. «Занадта вы тут вольна сябе адчуваеце».
3. У калоніі № 12 Оршы блогера і інтэрнэт-аўтара нон-фікшн Паўла Вінаградава змясцілі ў штрафны ізалятар. На Паўла Вінаградава склалі тры рапарты, адзін з іх – пра тое, што ён прылёг на нары, бо адчуў слабасць. Падчас зняволення Павел Вінаградаў захварэў на сухоты і схуднеў на 35 кілаграмаў. 22 снежня 2021 года Павел Вінаградаў быў затрыманы ў сваім доме ў Беразіне. Яму выставілі абвінавачванні за пост у Facebook. Абвінавачванні былі складзены паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці), арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). 16 сакавіка 2022 года Паўла Вінаградава асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
1. 24 жніўня дырэктар незалежнага выдавецтва «Галіяфы» Зміцер Вішнёў паведаміў пра распачатую ліквідацыю выдавецтва. У красавіку Міністэрства інфармацыі прыпыніла дзейнасць «Галіяфаў». Паводле паведамлення Міністэрства інфармацыі, выдавецтва «парушыла тэрміны звароту ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэннем аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў». Выдавецтва «Галіяфы» спецыялізавалася на выданнях па-беларуску кніг сучасных аўтараў, дзіцячай літаратуры, кніг пра мастацтва.
2. 25 жніўня дырэктарка незалежнага выдавецтва «Лімарыус» Марына Шыбко паведаміла, што пачынае працэс ліквідацыі выдавецтва. 13 траўня Міністэрства інфармацыі на тры месяцы прыпыніла працу выдавецтва. Прычынай назвалі парушэнне п. 3 арт. 28 закона «Аб выдавецкай справе». Паводле паведамлення Міністэрства інфармацыі, выдавецтва «Лімарыус» парушыла тэрміны апавяшчэння аб змене звестак, якія падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў. Выдавецтва «Лімарыус» спецыялізавалася на выданнях нон-фікшн: мемуарах, архіўных матэрыялаў і даследаваннях у галіне гісторыі літаратуры.
VI. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да мясцінаў памяці
26 жніўня пры ўдзеле міліцыі і прадстаўнікоў мясцовай улады былі зруйнаваны могілкі жаўнераў Арміі Краёвай у Суркантах Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Дарога да месца, дзе ўчынілі вандалізм, была перакрыта міліцыяй. Мясцовым жыхарам, якія спрабавалі зафіксаваць злачынства, супрацоўнікі міліцыі пагражалі зняволеннем. Гэта чарговы выпадак дзяржаўнага вандалізму ў дачыненні да месцаў памяці, што ўчыняюцца на фоне абвешчанага «Года гістарычнай памяці». Знішчаны мясціны памяці польскіх жаўнераў у Ашмянах, Іўі, Ёдкавічах, Багданах, Стрыеўцы, Ваўкавыску, Мікулішках, Качычах.
VII. Звальненні за грамадзянскую пазіцыю
1. 29 жніўня ў Бабруйску не працягнулі працоўны кантракт Ларысе Секяржыцкай, настаўніцы гісторыі бабрускай школы № 27, якая 4 сакавіка 2022 года прыйшла ў школу з жоўта-блакітнай стужкай у валасах. Суд аштрафаваў яе за «несанкцыянаванае пікетаванне» на 70 базавых адзінак – 2240 рублёў. «Настаўніцы вышэйшай катэгорыі, 17 год стажу, не працягнулі кантракт, спасылаючыся на тое, што прыйшлі дакументы з пастановай суда па маёй адміністрацыйнай справе (жоўта-блакітныя стужкі ў валасах). Увесну казалі, што працягваюць кантракт, бо па закону, калі ёсць дзеці да пяці год, нельга пазбаўляць магчымасці ўтрымліваць сям’ю. Але ў другой палове лета, я так разумею, пачалі дзейнічаць законы іншыя. Вынік – я шукаю працу», – напісала Ларыса Секяржыцкая ў сацыяльных сетках.