У 2014 годзе Расійская Федэрацыя парушыла міжнародныя правілы, пачаўшы вайну ва Украіне. У 2022 годзе Расійская Федэрацыя пачала поўнамаштабную вайну ва Украіне.
Мы, удзельнікі VI Рэгіянальнай сустрэчы ПЭН-цэнтраў у Ужгарадзе, хочам выказаць сваю салідарнасць з украінскай культурнай супольнасцю, украінскімі аўтарамі і ўкраінскім народам, якія адстойваюць сваю незалежнасць, сваё права на мірнае існаванне і свабоду выяўлення меркавання.
Наша сустрэча дала нам магчымасць не толькі выказаць салідарнасць праз межы, але і пазнаёміцца адно з адным і лепш зразумець сітуацыю, з якой сутыкнуліся часова перамешчаныя асобы ва Украіне, працу ўкраінскіх гуманітарных арганізацый і валанцёраў, што далі прытулак часова перамешчаным асобам і дзецям, якія мелі ў ім патрэбу. Чальцы Украінскага ПЭНа часта самі з‘яўляюцца часткай гэтых супольнасцяў.
Мы выказваем глыбокае захапленне здольнасцю ўкраінскага грамадства да самаарганізацыі і вялізнай самаадданасці валанцёраў. Нас глыбока кранулі прыватныя гісторыі пісьменнікаў, праваабаронцаў і валанцёраў гуманітарнай дапамогі, якія мы пачулі на сустрэчы. Мы хочам расказаць чальцам і супольнасцям нашых ПЭН-цэнтраў не толькі пра пакуты, але і пра гераізм простых людзей Украіны.
Хаця мы разумеем, што адны словы не здольныя спыніць гвалт расійскага агрэсара, наш доўг як літаратараў – гаварыць праўду. Вось чаму мы нагадваем і будзем вам нагадваць, наколькі жыццёва важна выкарыстоўваць словы, якія праўдзіва і дакладна адлюстроўваюць сітуацыю, і пазбягаць мовы, якая маскіруе ці камуфлюе рэальнасць.
Мы не мусім баяцца выкрываць хлусню і паўпраўду, якія распаўсюджваюць у свеце расійскія прапагандысцкія сеткі. Давайце не будзем называць вайну Расійскай Федэрацыі супраць Украіны «канфліктам», «спецыяльнай аперацыяй», «крызісам», «грамадзянскай вайной» ці нават «вайной ва Украіне». Гэта несправакаваная і нічым не апраўданая расійская агрэсія супраць украінскага народа, якая пачалася ў 2014 годзе расійскай акупацыяй Крыма і некаторых частак Данецкай і Луганскай абласцей. Украінцы маюць права абараняць сябе.
Давайце адмовімся ад спроб прыраўняць пакуты невінаватых ахвяр да пакут злачынцаў. Мы выказваем сваю падтрымку ўкраінскім вязням Крамля і ўсім тым асобам у розных краінах, асабліва ў Беларусі, якія пацярпелі за сваю актыўную пазіцыю супраць аўтакратыі ці за сваю салідарнасць з Украінай.
Мы мусім памятаць, што імперскі стэрэатып «вялікай рускай культуры» служыў не толькі інструментам прапаганды, але і зброяй супраць прыгнечанай украінскай культуры і культуры іншых каланізаваных народаў. Цяпер у яго з‘явілася яшчэ адна мэта – адцягнуць нашу ўвагу ад ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, якія штодня чыняць расійскія вайскоўцы. Хай прадстаўнікі рускай культуры пакажуць сваю веліч, натхняючы расійскіх грамадзян на тое, каб яны спынілі бясконцыя ваенныя злачынствы і скончылі гэтую вайну.
Мы мусім адстойваць праўду і справядлівасць. Мы верым у свабоду выяўлення меркавання і справядлівасць. Давайце патрабаваць суда над ваеннымі злачынцамі.
Давайце заклікаць да неадкладнага і безумоўнага спынення вайны Расійскай Федэрацыяй.
Ужгарад, 25-26 жніўня
Подпісы ў алфавітным парадку:
Томіца Байсіч (Харвацкі ПЭН)
Інга Гайле (Латвійскі ПЭН)
Оля Гнацюк (Украінскі ПЭН)
Кятлін Кальдмаа (Эстонскі ПЭН)
Таццяна Нядбай (Беларускі ПЭН)
Ханна Нордэл (Шведскі ПЭН)
Марэк Радзівон (Польскі ПЭН)
Остап Слывыньскі (Украінскі ПЭН)
Таццяна Тэрэн (Украінскі ПЭН)