Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя пратэсныя дзеянні выкарыстоўваецца ўладамі дзеля падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства зрабілася істотна больш жорсткім і дапоўнілася новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
У пазасудовым парадку МУС і КДБ адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, што аб’яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўлад і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, якую яна праводзіць. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і зняволення іх удзельнікаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
- Дзмітрый Шувалаў асуджаны да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 КК за каментары, перадачу звестак і відэа пра дзейнасць вайсковага аэрадрома ў адзін з тэлеграм-каналаў;
- Ягор Лебядок узяты пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 КК за каментары для “Еўрарадыё”;
- Аляксандр Іваноў узяты пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 КК за перадачу звестак пра перасоўванне вайсковай тэхнікі ў адзін з тэлеграм-каналаў;
- Сяргей Вайцюк асуджаны за замах на ўдзел у вайсковых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы — ажыццяўленне намеру далучыцца да абаронцаў суверэннай Украіны паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 КК да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Міхаіл Лістападаў асуджаны за падрыхтоўку да ўдзелу ў вайсковых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы — ажыццяўленне намеру далучыцца да абаронцаў суверэннай Украіны паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК і паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у мірным сходзе да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Сяргей Грыбовіч узяты пад варту за падрыхтоўку да ўдзелу ў вайсковых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы — ажыццяўленне намеру далучыцца да абаронцаў суверэннай Украіны паводле ч. 1 арт. 361-3 КК і паводле ч. 1 арт. 130 КК за выказванні ў сацыяльных сетках, якія не ўтрымлівалі заклікаў да гвалту.
Ацэньваючы паказаную інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычнай сітуацыі пасля 24 лютага 2022 г., калі адбылося ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну і акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, якія з’явіліся пасля гэтага, мы прыходзім да высновы пра тое, што ў дадзеных выпадках грамадзян пераследуюць праз іх палітычныя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і асацыяцыі.
Таму мы прызнаем іх палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, і патрабуем ад улад Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітзняволеных Дзмітрыя Шувалава, Ягора Лебядка, Аляксандра Іванова, Сяргея Вайцюка, Міхаіла Лістападава, Сяргея Грыбовіча;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Прававая ініцыятыва;
Human Constanta;
Беларускі ПЭН;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.