«Жоўтая кніга» – гэта хроніка найбольш важных падзеяў, якія адбываліся на Беларусі ў 1995 — 1997 гадах у СМІ. Складальнікі маніторынга карысталіся матэрыяламі, апублікаванымі ў друку, і інфармацыяй, атрыманай непасрэдна ад пісьменнікаў, журналістаў і праваабарончых арганізацыяў.
Зборнік быў выдадзены Беларускім ПЭНам у 1998 годзе. Галоўным ініцыятарам выдання быў Карлас Шэрман.
Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:
«У лічбавым выглядзе з’явілася «Жоўтая кніга», важная для гісторыі праваабарончага руху Беларусі, а асабліва для Беларускага ПЭНа, таму што менавіта ПЭН тады (пад кіраўніцтвам Карласа Шэрмана) займаўся маніторынгам рэалізацыі свабоды слова, друку і інфармацыі ў Беларусі.
Сёння маніторынгам у галіне медыя і правамі журналістаў займаецца БАЖ, а Беларускі ПЭН адсочвае сітуацыю з правамі чалавека ў сферы культуры і культурнымі правамі.
Чытаючы «Жоўтую кнігу», можна занурыцца ў дзевяностыя. Улады часта апелююць да таго часу: маўляў, жыць стала лепш. Але ёсць сферы, дзе злачыннасць захавалася і квітнее, і сфера правоў чалавека, свабоды слова – адназначна адна з такіх. І журналісты, і дзеячы культуры, і звычайныя людзі, публічная пазіцыя якіх адрозная ад афіцыйнай, церпяць і не здаюцца ўжо не менш за чвэрць стагоддзя».