Андрэй Кузнечык

Апошняе абнаўленне: 3 чэрвеня 2022
Андрэй Кузнечык
svaboda.org
Аўтар вершаў і беларускамоўнага блога для раварыстаў «БелаВела», у якім расказваў пра побыт і праблемы раварыстаў у Беларусі, перакладчык са славенскай мовы.

25 лістапада 2021 года Андрэя затрымалі. 26 лістапада суд Заводскага раёна асудзіў яго на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля гэтага тэрміну на волю ён не выйшаў, 5 снежня зноў быў арыштаваны на 10 сутак. 15 снежня Андрэя асудзілі яшчэ на 10 сутак арышту. 23 снежня сваякам паведамілі, што супраць Андрэя Кузнечыка распачата крымінальная справа. Інфармацыі, паводле якога артыкула заведзена крымінальная справа, няма. Андрэй быў пераведзены ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Перад арыштам Андрэй Кузнечык распавёў свайму сябру Арамаісу Міракяну, чаму ён застаецца ў Беларусі. І прасіў апублікаваць тэкст у выпадку зняволення: 

«Мае прычыны заставацца тут:

я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але справа не ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць са сцежкі працы на карысць беларушчыны; 

у цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з Радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі); 

я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяроддзі, стануць носьбітамі каштоўнасцяў гэтага асяроддзя, а Беларусь — адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяроддзе мы маем, можам ствараць і разлічваць на яго; 

я бачу, што суседнія краіны ствараюць свой гістарычны міф на падмурку, часам адрозным і нават супярэчным беларускаму; 

я бачу, што перад суседнімі з Беларуссю краінамі стаяць выклікі, якія могуць запатрабаваць не меншай ахвярнасці, чым цяперашняя сітуацыя патрабуе ад беларусаў сёння».

11 студзеня 2021 года Андрэй Кузнечык прызнаны палітвязнем. 

У траўні 2022 года яго перавялі з СІЗА № 1 у магілёўскую турму № 4.

Андрэя Кузнечыка абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

Суд адбыўся 8 чэрвеня 2022 года ў Магілёўскім абласным судзе. 

За кратамі, без магчымасці кантакту з дзецьмі, развіўся ягоны паэтычны талент. Андрэй Кузнечык піша вершы для сваіх дзяцей Яніны і Мацвея, гэтыя творы з задавальненнем чытаюць сваім дзецям іншыя бацькі.

Андрэю Кузнечыку прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-1 КК). Суд праходзіў у закрытым рэжыме ў Магілёве.

1 верасня 2022 г. Андрэй быў этапаваны з турмы № 4 у наваполацкую калонію № 1. Таксама стала вядома, што МУС уключыў Андрэя ў спіс асобаў, датычных да «экстрэмісцкай» дзейнасці.

Адрас для ліставання: Андрэю Аляксеевічу Кузнечыку, ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8

Сцяў мароз лугі, палеткі…

Яніне і Мацвею

На падворку папаўненне…

Праца ёсць у мамы з татам…

Змрокам незгасальнага святла…

Цёплы вецер дарогі высушыў…

Казкі дзяцінства ўплялі…

Пад касмічны парасон…