Міжнародны ПЭН і ПЭН Украіны сур’ёзна занепакоеныя сітуацыяй ва Украіне, якая склалася пасля ўвядзення Расіяй войскаў праз украінскую мяжу і пагражае эскалацыяй прымянення ваеннай сілы. Мы заклікаем усе бакі да мірнага вырашэння канфлікту, вырашэнню, якое будзе паважаць правы ўсіх жыхароў Украіны. Міжнародны ПЭН і ПЭН Украіны заклікаюць ісці шляхам мірнага дыялогу і павагі да свабоды слова, як тое прапісана ў Статуце ПЭН-клуба.
Мінула ўжо 8 гадоў з моманту “анексіі” Расіяй Крыма. Анексія, якая адбылася ў парушэнне міжнароднага права і стала вынікам фактычнага кантролю прарасейскімі ўзброенымі групамі самаабвешчаных “рэспублік” на Данбасе. Нават праз 8 год сітуацыя з правамі чалавека ва Украіне працягвае выклікаць сур’ёзныя засцярогі. Больш за 14 000 чалавек былі забітыя, амаль 1,45 мільёна чалавек сталі ўнутрана перамешчанымі асобамі, дзесяткі журналістаў былі затрыманыя, выкрадзеныя, падвергліся катаванням або іншым рэпрэсіям толькі за тое, што выконвалі сваю працу. Парушэнні міжнародных правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права ў акупаваным Крыме працягваюцца. Да таго ж, Расію абвінавачваюць у тым, што яна стаіць за цэлым шэрагам кібератак супраць Украіны, якія нядаўна былі накіраваныя супраць Міністэрства абароны. 17 лютага 2022 года ў выніку абстрэлу школ і жылых раёнаў на Данбасе былі параненыя мірныя жыхары і пашкоджаная грамадзянская інфраструктура. 21 лютага прэзідэнт Пуцін прызнаў самаабвешчаныя “Данецкую народную Рэспубліку” і “Луганскую народную Рэспубліку” незалежнымі дзяржавамі – ў парушэнне міжнароднага права – і ўвёў войскі, нібыта ў якасці “міратворцаў”.
“Усе людзі маюць права на мір, свабоднае выказванне меркавання і свабоду сходаў. Украінскі народ ужо перажыў 8 доўгіх гадоў гвалту, уключаючы вайсковую агрэсію, інфармацыйную вайну і акупацыю Расіяй часткі ўкраінскай тэрыторыі. Як чальцы ПЭН-клуба, мы выконваем наш Статут і абавязваемся рабіць усё магчымае, каб рассеяць любую нянавісць, адстойваць ідэал адзінага чалавечага свету, які жыве ў міры і роўнасці. Мы глыбока занепакоеныя пагаршэннем сітуацыі ва Украіне і той пагрозай, якую далейшае кровапраліцце будзе мець для ўсіх людзей ва Украіне, а таксама ўплываць на бяспеку ва ўсім рэгіёне. Мы яшчэ раз заклікаем усе бакі зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць мірнае вырашэнне ўзброенага канфлікту ва Украіне шляхам мірнага дыялогу і спыніць выкарыстанне прапаганды, што распальвае варожасць”,
– заявіў Бурхан Сонмез, прэзідэнт Міжнароднага ПЭНа.
“Гібрыдная вайна, якую Расія вяла супраць Украіны на працягу 8 гадоў, цяпер ператвараецца ў звычайную, у якой ахвяры сярод салдат і грамадзянскіх асоб могуць вылічацца сотнямі тысяч. Еўропа не змагла абараніць еўрапейскія каштоўнасці на сваёй тэрыторыі, часткай якой з’яўляецца Украіна. Мы больш не знаходзімся на краі прорвы, мы ўжо трымаем над ёй адну нагу. Калі лідары вольнага свету не распачнуць апошнюю рашучую спробу спыніць вайну, якую так хоча развязаць Расійская Федэрацыя, можна будзе з упэўненасцю сказаць: Другая Сусветная вайна нічому не навучыла чалавецтва! Я звяртаюся да ўсіх свабодных людзей нашай планеты – зрабіце ўсё магчымае для абароны свабоды і незалежнасці Украіны. Не можа быць свабоднай і бяспечнай Еўропа без свабоднай і незалежнай Украіны!”,
– сказаў Андрэй Куркоў, прэзідэнт Украінскага ПЭНа.
Нам шкада, што мір і свабода слова ва Украіне апынуліся пад пагрозай, выкліканай адмовай прэзідэнта Пуціна прызнаць права народа Украіны вырашаць сваю будучую прыналежнасць і гісторыю без умяшання Масквы. Анэксія Крыма, перакідка войскаў на Данбас і неапраўданая канцэнтрацыя сіл у рэгіёне, няхай яна адбываецца ўздоўж заходніх межаў або ў Чорным моры, павінны быць спыненыя. Суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльная цэласнасць Украіны павінны паважацца. Неабходна выкарыстоўваць шматбаковыя форумы для пазбягання канфліктаў і непаразумення, а таксама забяспечыць поўную абарону свабоды слова і доступу да інфармацыі як ва Украіне, так і ў Расіі.
Арыгінал заявы па спасылцы.