Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г.д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.
Таксама мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека.
Нам вядома аб асуджэнні:
- Генадзя Сеўрука паводле арт. 364 КК за пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у каментарах у сацыяльных сетках, арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі, арт. 130 КК за распальванне сацыяльнай варажнечы да 4 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Юрыя Чудзіновіча паводле арт. 130 КК за распальванне ў сетцы Інтэрнэт сацыяльнай варажнечы, арт. 188 КК за паклёп на сацыяльнага педагога — сябра выбарчай камісіі, арт. 174 за ўхіленне ад выплаты аліментаў — да 4 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзмітрыя Канеўскага паводле арт. 130 КК за распальванне ў каментарах сацыяльнай варажнечы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі — да 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Андрэя Сачанкі паводле арт. 364 КК за пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у сетцы Інтэрнэт, арт. 366 КК за пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, што выконвае грамадскі абавязак, — да 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Аляксандра Іванова паводле арт. 364 КК за тэлефонныя пагрозы ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і арт. 391 КК за абразу суддзі да 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Уладзіслава Цімашчука паводле арт. 130 КК за выказванні ў сацыяльных сетках, якія распальваюць сацыяльную варажнечу ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС, да 3 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Паказаныя асобы не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметах. Іх дзеянні не пацягнулі і не маглі пацягнуць цяжкіх наступстваў для пацярпелых.
7. Руслан Слуцкі асуджаны паводле ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК за замах на прывядзенне ў непрыдатнасць чыгуначных шляхоў зносін — спробу злучыць металічным дротам рэйкі, што магло прывесці да затрымкі руху цягнікоў, а таксама паводле ч. 1 арт. 289 КК за “акт тэрарызму” — падкіданне на аўтамабільную дарогу самаробных металічных шыпоў перад аўтамабілямі, якія ўдзельнічалі ў праўладным аўтапрабегу, у выніку якога былі пашкоджаны шыны чатырох аўтамабіляў, да 11 гадоў пазбаўлення волі.
Кваліфікацыя дзеянняў усіх пералічаных асобаў, а таксама від і памер пакарання былі відавочна непрапарцыйныя і неадпаведныя цяжкасці зробленага. У кожным выпадку зняволенне стала празмерна жорсткай рэакцыяй уладаў на пратэсную актыўнасць грамадзян. У шэрагу выпадкаў меў месца відавочна селектыўны падыход да вызначэння пакарання па палітычных матывах у параўнанні з падобнымі дзеямі пры адсутнасці палітычнага матыву.
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў наступствам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, палітычным зняволеным з’яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Генадзя Сеўрука, Юрыя Чудзіновіча, Дзмітрыя Канеўскага, Андрэя Сачанкі, Аляксандра Іванова, Уладзіслава Цімашчука, Руслана Слуцкага з’яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець прынятыя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
- вызваліць згаданых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.