У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Іван Хвяшчук асуджаны па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Максім Мычко асуджаны па арт. 370 КК за сарваны дзяржаўны сцяг да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Аляксандр Бендзь асуджаны па арт. 370 КК за сарваны дзяржаўны сцяг да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Валянцін Лабачоў па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Аляксандр Васін па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Андрэй Андрэеў па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Павел Вінаградаў узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 367 і 130 КК за паклеп на А.Лукашэнку і распальванне варожасці да сацыяльных груп;
- Аляксандр Цымбаліст узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 369 і 130 КК за абразу прадстаўніка ўлады і распальванне варожасці да сацыяльных груп (справа Зэльцэра).
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Івана Хвяшчука, Максіма Мычко, Аляксандра Бендзя, Валянціна Лабачова, Аляксандра Васіна, Андрэя Андрэева, Паўла Вінаградава, Аляксандра Цымбаліста і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Прававая ініцыятыва;
Lawtrend;
Human Constanta;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Ідэнтычнасць і права;
Беларускі ПЭН.