8 снежня 2021 г. быў у чарговы раз затрыманы журналіст-расследвальнік, рэдактар беларускага партала “Ежедневник” (ej.by) Сяргей Сацук. У гэты ж дзень у яго прайшоў вобшук і адбыўся допыт у Следчым камітэце. Сайт парталу ej.by быў заблакаваны.
Пасля допыту па старой справе паводле артыкула 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабару) Сяргея Сацука ўзялі пад варту. Ён змешчаны ў СІЗА №1 на вул. Валадарскага ў Мінску.
Раней 25 сакавіка 2020 года Сяргей Сацук ужо затрымліваўся па гэтай жа справе. 26 сакавіка 2020 г. яму была абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. 26 і 27 сакавіка былі праведзены ператрусы ў офісе “Ежедневник” і дома ў Сяргея Сацука. Тады ў сувязі з затрыманнем і ўзяццем пад варту Сяргея Сацука была прынята пазіцыя праваабарончых арганізацый, у якой затрыманне падчас папярэдняга следства па крымінальнай справе і ўзяцце пад варту былі прызнаны непрапарцыйнымі і яўна празмернымі мерамі. Гэта было расцэнена як сведчанне аб наяўнасці палітычнага матыву ў пераследзе журналіста, накіраванага на прымус да спынення або змянення характару яго дзейнасці па распаўсюджванні інфармацыі аб карупцыі. Патрабаванні ў Пазіцыі ўключалі неадкладнае вызваленне Сяргея Сацука з-пад варты.
4 красавіка 2020 г. Генеральны пракурор Беларусі адмяніў рашэнне аб узяцці пад варту Сяргея Сацука.
Сяргей Сацук вядомы як журналіст і рэдактар, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі. Адным з яго гучных расследаванняў была серыя публікацый аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя Беларусі. За некалькі дзён да затрымання Сяргея Сацука “Ежедневник” пачаў праект па асвятленні спраў беларускіх “тэрарыстаў”.
Зараз мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што ўсе гэтыя дзеянні ў дачыненні да журналіста Сяргея Сацука ў сукупнасці з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Зараз ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.
Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Сяргея Сацука з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару яго публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.
На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Сяргея Сацука палітычным зняволеным і патрабуем:
- неадкладнага вызвалення Сяргея Сацука і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу;
- адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;
- неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
“Прававая ініцыятыва”;
Беларускі ПЭН;
Lawtrend;
“Ідэнтычнасць і права”;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.