У сувязі з вынясеннем судамі шэрагу прысудаў па крымінальных справах, звязаных з абвінавачваннем удзельнікаў пратэсных акцый і іншых асобаў па палітычных матывах ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, супрацівам з ужываннем гвалту ў дачыненні да супрацоўніка МУС, іншых службовых асобаў, якія выконваюць службовыя абавязкі (арт. 363, 364, 366 КК), у адносінах да:
Міхаіла Хаванскага, які 3 верасня 2021 г. асуджаны судом Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці паводле арт. 364 КК за гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраўда аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Генадзя Смірнова, які 27 кастрычніка 2021 года асуджаны судом Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці паводле ч. 2 арт. 363 і 368 КК за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў і абразу прэзідэнта да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Галіны Гарацкевіч, якая 16 жніўня 2021 года асуджаная судом Кастрычніцкага раёна горада Гродна паводле арт. 342 і 364 КК за ўдзел у мірным сходзе і супраціў гвалту пры яго разгонеда трох гадоў абмежавання волі ў ПУАТ, накіраваная адбываць пакаранне,
яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончых арганізацый ад 16 студзеня 2021 года, мы адзначаем наступнае:
мірныя сходы грамадзянаў павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і ўжыванне фізічнай сілы, а тым больш спецыяльных сродкаў і зброі да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар і ўяўляюць рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзянаў.
Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, накіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў адносінах да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту “ў адказ” з боку пратэстоўцаў, гэтыя дзеянні неабходна разглядаць, зыходзячы з цяжкасці нанесенай шкоды здароўю і намеру на нанясенне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку паводле незаконнага загаду (неабходная абарона, крайняя неабходнасць).
Акрамя таго, адзначаем, што пры наяўнасці палітычных матываў уладамі ўжываецца пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Згодна з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў, і калі ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды ці шкоды каму-небудзь, не перашкаджае разглядаць гэтых асобаў у якасці палітычных зняволеных.
Акрамя таго, маніторынг гэтых судовых пасяджэнняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія, неадэкватныя правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносяцца па такіх жа катэгорыях справаў па-за палітычным кантэкстам.
Працягласць ці ўмовы пазбаўлення волі па прысудах, вынесеных у адносінах да ўдзельнікаў пратэсных сходаў, відавочна непрапарцыйныя, неадэкватныя правапарушэнню, па якім гэтыя асобы былі прызнаныя вінаватымі.
Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед згаданых асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі.
Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (a, b, c, d) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, мы прызнаём палітвязнямі Міхаіла Хаванскага, Генадзя Смірнова, Галіну Гарацкевіч.
Лічым неабходным патрабаваць для гэтых палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у адносінах да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні згаданых фактараў, а таксама вызвалення іх з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
“Прававая ініцыятыва”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Lawtrend;
Беларускі Хельсінкскі камітэт.