• Навiны
  • Юлія Чарняўская (вызваленая з-пад хатняга арышту 13.01.2022)

Юлія Чарняўская (вызваленая з-пад хатняга арышту 13.01.2022)

Апошняе абнаўленне: 15 лістапада 2021
Юлія Чарняўская (вызваленая з-пад хатняга арышту 13.01.2022)
з асабістага архіву
Пісьменніца, драматург, культуролаг, сябра Беларускага ПЭНа.

Аўтарка п’ес «Ліфт», «Сірожа», «Сіндром Медэі», рамана «Мальчик с собакой».

Аўтарка кніг «Народная культура и национальные традиции» (Мн., 2000), «Этнічныя асновы культуры» (сумесна з П. Р. Ігнатовічам; Мн., 2001), «Асоба і культура» (Мн., 2003), «Введение в культурно-философскую антропологию» (Мн., 2003), «Белорус: Штрихи к автопортрету» (Мн., 2006), «Белорусы. От «тутэйшых» — к нации» (Мн., 2010). Мае звыш 200 навуковых артыкулаў.

Кіравала літаратурным клубам «GRAPHO», мела аўтарскія культуралагічныя відэацыклы «Круги на воде», «Артефакт с Юлией Чернявской», «Советская Атлантида с Юлией Чернявской», «Без ответов».

Лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі (2013) за п’есу «Буковки (Одноклассники) ».

18 траўня 2021 года з паведамленняў дачкі Юліі Чарняўскай, Яўгеніі, а таксама са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што Юлія Чарняўская з 9:30 раніцы перастала адказваць на тэлефанаванні. З публічных паведамленняў стала вядома, што Дэпартаментам фінансавых расследаванняў узбуджаная крымінальная справа, у рамках якой у цэнтральным і рэгіянальных офісах TUT.BY, а таксама па месцы жыхарства кіраўнікоў і супрацоўнікаў праводзяцца следчыя дзеянні, ператрусы, выемкі дакументаў і тэхнікі, ажыццяўляюцца затрыманні, змяшчэнні пад варту. З публічных паведамленняў таксама стала вядома, што 18 траўня ў першай палове дня Юлія Чарняўская ў суправаджэнні прадстаўнікоў праваахоўных органаў была дастаўлена ў 1-ю гарадскую клінічную бальніцу горада Мінска з гіпертанічным крызам. Знаёмыя сям’і бачылі Юлію Чарняўскую ў бальніцы ў суправаджэнні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Пазней па тэлефонным нумары прыёмнага пакоя бальніцы сталі паведамляць, што Юлія Чарняўская больш не знаходзіцца ў 1-й гарадской клінічнай бальніцы і «адпушчаная дадому».

З 20 траўня Юлія Чарняўская знаходзіцца пад хатнім арыштам без магчымасці выходзіць з кватэры і камунікацыі са знешнім светам, за выключэннем адваката.

25 траўня 2021 года прызнаная палітзняволенай.

Пры хатнім арышце перапіска забароненая.

Дачка Юліі Чарняўскай, Яўгенія, стварыла старонку ў фэйсбуку пад назвай «Юлія Чарняўская пад арыштам», дзе можна пакідаць паведамленні, якія Юлія Чарняўская зможа прачытаць пасля вызвалення.

13 студзеня 2022 года Юлію Чарняўскую выпусцілі з-пад хатняга арышту.

Юлія Чарняўская застаецца ў статусе абвінавачанай па ч. 2 арт. 243.