Юрый Станкевіч, або Юры Станкевіч, сапраўднае імя — Георгій Васільевіч Харытановіч, нарадзіўся 21 студзеня 1945 года ў Барысаве.
Бацька пісьменніка ў 1946 годзе быў рэпрэсаваны па 58-м артыкуле ў Карагандзінскі папраўча-працоўны лагер. Юрый рана кінуў школу і пачаў працаваць. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у барысаўскай аб’яднанай газеце. Неўзабаве пераехаў у Мінск. Быў літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам аддзела часопіса «Маладосць», загадчыкам аддзела часопіса «Крыніца». З 1990 года — член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Пачаў літаратурную дзейнасць у 1988 годзе. Напісаў некалькі раманаў, шмат аповесцей і апавяданняў, а таксама каля дзясятка п’ес і кінасцэнарыяў.
Важнейшымі кнігамі Ю. Станкевіча з’яўляюцца «Любіць ноч — права пацукоў» (2000), «Апладненне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010). Творы перакладзены на некалькі моў.
Двойчы намінаваны на літаратурную прэмію «Гліняны Вялес» за раман «Мільярд удараў» (2008) і раман «П’яўка» (2010).
У 2013 годзе раман «Шал» увайшоў у шорт-ліст прэміі імя Гедройця.
Беларускі ПЭН выказвае спачуванні родным і блізкім пісьменніка.
Паводле Нашай Нівы.