• Заявы
  • Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні васьмі новых палітвязняў

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні васьмі новых палітвязняў

Апошняе абнаўленне: 15 кастрычніка 2021
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні васьмі новых палітвязняў
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваfабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Міхаіл Чамурака асуджаны судом Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці па арт. 188 КК за паклёп да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  2. Уладзімір Сушко асуджаны судом Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці па арт. 369 КК за абразу супрацоўніка міліцыі ў тэлеграме да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  3. Аляксандр Літвішчанка асуджаны судом Кастрычніцкага раёна горада Магілёва па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і 368 КК (Абраза прэзідэнта) да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
  4. Аляксандр Жыхарэвіч асуджаны па арт. 369 КК за абразу міліцыянтаў да двух гадоў і васьмі месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  5. Аляксандр Курганскі затрыманы за каментары ў інтэнэце пасля гібелі мінчука Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Яму прад’яўлены абвінавачванні па арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці), арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).
  6. Аксана Каспяровіч затрымана за каментары ў інтэнэце пасля гібелі мінчука Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Яму прад’яўлены абвінавачванні па арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці), арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).
  7. Артур Жвірыдоўскі асуджаны судом Астравецкага раёна Гарадзенскай вобласці па ч. 1 арт. 339 КК (Хуліганства) і арт. 370 КК (Знявага дзяржаўных сімвалаў) да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
  8. Ігар Бузук асуджаны судом Кастрычніцкага раёна горада Гродна па арт. 370 КК (Знявага дзяржаўных сімвалаў) да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Чамураку, Уладзіміра Сушко, Аляксандра Літвішчанку, Аляксандра Жыхарэвіча, Аляксандра Курганскага, Аксану Каспяровіч, Артура Жвірыдоўскага, Ігара Бузука і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

“Прававая ініцыятыва”

Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Human Constanta.