• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Мы турму ўнутр сябе не пускаем”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 20-26 верасня 2021

“Мы турму ўнутр сябе не пускаем”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу: 20-26 верасня 2021

Апошняе абнаўленне: 28 верасня 2021
“Мы турму ўнутр сябе не пускаем”. Агляд беларускай культуры падчас грамадска-палітычнага крызісу:  20-26 верасня 2021
svaboda.org
“У плыні сумневаў, мітрэнгаў і страхаў, рух — гэта адзінае, што нам застаецца. Не спыняцца! Дыхаць! Не спыняцца! Удых-выдых! Не спыняцца! Рухацца! Ісці”!  Воля Чайкоўская  

Спампаваць pdf-версію 51-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Аляксей Бусел

Максіма Шэўчыка арыштавалі на 15 дзён за фота з бел-чырвона-белым сцягам, якое ён выклаў у свае сацсеткі летам 2021 года.

​​Аляксея Бусла, гукарэжысёра і музыку гурта Favourite Mirror, затрыманага раніцай 9 верасня і арышатаванага на 15 сутак разам з маці, 24 верасня асудзілі яшчэ на 15 сутак.

Кацярына Пытлева

У кватэры, дзе жыла Кацярына Пытлева, з сям’ёй, адбыўся другі ператрус. На гэты раз яго рабілі супрацоўнікі КДБ, якія былі здзіўленыя тым, што да іх хтосьці ў кватэры ўжо быў. Кацярыне Пытлевай інкрымінуюць артыкул 361 КК — той жа, што Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. У гэтым артыкуле пералічана ўсё — ад прычынення шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі да акта тэрарызму. Па ім Пытлевай пагражае да 7 гадоў зняволення.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ліквідаванае 24 верасня па рашэнні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.


Жыццё ў няволі

Малюнак Стасі Міронцавай

Ігару Банцэру хочуць змяніць рэжым з «хіміі» на папраўчую калонію.

Стася Міронцава:

“На фабрыцы ўжо даўно раблю нармальны працэс. Прышываю паясы ў штанцы… ну і маланкі… і яшчэ штосьці бывае. Спачатку з кожным працэсам так напружана, асабліва калі ад цябе чакаюць падачу. Бо ты робіш сваё і падаеш далей… А потым ужо шыеш сабе хуценька, ды ўсё. Справа вельмі манатонная”.

Мікола Папека

Мікола Папека, паэт, асуджаны да двух гадоў “хіміі”, пражыў свае першыя 10 дзён у папраўчай установе ў Мазыры. Усе рэчы, якія ён прывёз з сабой, прапусцілі. Адносяцца да паэта без жорсткасці ці агрэсіі.

Зміцера Шыманскага — дудара, затрыманага разам з удзельнікамі гурта Irdorath 2 жніўня, перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Дагэтуль ён знаходзіўся ў ІЧУ ў Жодзіне, дзе цяжка перахварэў на COVID-19. З лістоў Зміцера да сваякоў вядома, што ён практычна не мае неабходных побытавых рэчаў, а ў перадачах не прымалі амаль нічога, акрамя ежы ды лекаў.


Творчы супраціў і культурны актывізм 

Беларуская дыяспара ў Чыкага арганізуе “Беларускі фестываль” для мясцовых супольнасцяў. 

У Крысціны Бандурынай выходзіць новы зборнік вершаў “Псалмы і соннікі” – у перакладзе на рускую мову.

Кінафестываль “Паўночнае ззянне” ў анлайнавым фармаце праходзіць з 20 па 30 верасня. 

Быў абвешчаны поўны спіс прэміі Цёткі ў мастацкай намінацыі

Літаратурны спектакль “Мінск чуе цябе” адбыўся ў Мінскім бары “Бутлегер”.

У Батумі створаны гурток па вывучэнні беларускай мовы для дзетак.

Малюнак Марыі Каленік

Frau mit automat (Фрау з аўтаматам) — спекталь пад такой назвай падрыхтавалі прадстаўнікі і прадстаўніцы берасцейскай творчай прасторы незалежнага тэатра «Крылы Халопа». Прэм’ера адбылася 25 верасня ў Польшчы, паколькі ў Беларусі такая дзейнасць стала немагчымай.

Dekoder у супрацоўніцтве з Фондам Фішэра прэзентуе шэсць эсэ беларускіх аўтарак і аўтараў, што ў літаратурнай і паэтычнай, аналітычнай ці культуралагічнай форме звяртаюцца да тэмы будучыні Беларусі. 

Малюнак Марыі Каленік з-за кратаў ➡️


Галасы асобаў

Воля Чайкоўская

Воля Чайкоўская, арганізатарка кінафестывалю “Паўночнае ззянне”:

“Кіно ўвасабляе нашу нязломную волю і аптымізм, прагу да жыцця і справядлівасці. Права — людзьмі звацца. Кіно ідзе таксама, як і час, імкліва і павольна, хаатычна і структуравана, але несупынна. Так, як вада камень точыць. Кіно ідзе, а фэстываль «Паўночнае ззянне» — казачны магічны праваднік, які зараджае стваральнай жыццёвай энэргіяй усіх, хто да яго спрычыніцца і дакранецца”.

Максім Жбанкоў, фота reform.by

Максім Жбанкоў — культуролаг, кінааналітык, журналіст:

“У нас не проста культурная рэвалюцыя папярэднічала палітычнай. Сугучча масавых настрояў і мяккіх стратэгій культурнай працы стварылі тую «аксамітавую культурную рэвалюцыю па-беларуску», якая адбылася так, што практычна нікога не пакрыўдзіла. І ў той жа час амаль нікога не здзівіла – менавіта таму, што гэта была рэвалюцыя малых дзеянняў і прыватных фармулёвак. А палітычная рэвалюцыя ў нас яшчэ не адбылася”.


Міжнародная салідарнасць

Вольга Гапеева

Вольга Гапеева, беларуская аўтарка, атрымала прэстыжную літаратурную прэмію “Rotahorn”.

Вольга Шпарага прэзентавала сваю кнігу “Жаночы твар рэвалюцыі” ў Магдэбургу. На сустрэчы таксама прадаваліся майкі з малюнкам літоўскай мастачкі Юратэ Шліжытэ, атрыманыя з продажу сродкі пойдуць на дапамогу жанчынам-палітзняволеным у Беларусі.

Святлана Алексіевіч атрымала прэмию Зоннінга 2021.

Warsaw Freedom Orchestra выканаў «Перемен» у падтрымку гурта Irdorath.

У межах міжнароднага кніжнага кірмаша “Свет кнігі” ў Празе была прадстаўлена незалежная сучасная беларуская літаратура. 

Нямецкі бард Вольф Бірман аддасць прысуджаную яму прэмію імя Авідзія Марыі Калеснікавай.

Відэа інтэрв’ю з Ганнай Комар і Дзмітрыем Строцавым на фестывалі Kapittel у Нарвегіі.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння 

У верасні 3 чалавекі, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Максім Знак, юрыст, літаратар і музыка (4 верасня); Аляксандр Васілевіч, менеджар культуры (14 верасня) і Даніла Ганчароў, мастак па святле (27 верасня). 

Адрасы, на якія можна дасылаць віншаванні:

Максіму Знаку і Аляксандру Васілевічу – СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;

Даніле Ганчарову – Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.